Сурок


Сурок (прызор, озык, урокі, сурокі) — хваравіты стан, па народных уяўленнях, выкліканы позіркам «дрэннага» чалавека. Нашым продкам быў добра вядомы энергетычны абмен паміж людзьмі: адны людзі «надзялялі» навакольных сілай, добрым настроем, бадзёрасцю; другія, наадварот, маглі зрабіць чалавека непрацаздольным, «забраць» здароўе, паўплываць на яго лёс.

* Лічылася, што энергетычнае ўздзеянне на чалавека адбываецца праз вочы. Таму і казалі: «Нядобрае вока, не глядзі на нас!». Ці так: «Чорнае вока, карыя вочы, уратуйце нас!».

* Пры сустрэчы з чалавекам, які быў вядомы як «нядобры» (зайздросны, злосны), імкнуліся абавязкова абараніць сябе слоўным абярэгам — замовай, малітвай. Напрыклад: «Вакол мяне кола, малявала яго не я, а Багародзіца мая». Пры гэтым трэба было ўяўна намаляваць вакол сябе кола ці стаць у вогнішча (у думках), полымя якога не дазволіць вам нашкодзіць.

* У народзе існаваў шэраг магічных дзеянняў, якія трэба было выканаць перад і пасля сустрэчы з такім чалавекам: паказаць кукіш, плюнуць праз левае плячо, надзець бялізну на левы бок, хутка завязаць вузлы на поясе або, калі магчыма, на адзенні.

* Акрамя гэтага, лічылася, што ад «дрэннага» вока ахоўваюць абярэгі — рэчы, якія неабходна пастаянна насіць пры сабе: шпілька, крыху чацвярговай солі, зашытай у мяшэчак чырвонага колеру; ніткі, стужка, пояс чырвонага колеру; усемагчымыя амулеты з сушаных траў і карэнняў, а таксама камянёў.

* Зноў-такі абярэгам немаўляці ад сурокаў было тое, што да хрышчэння нікому не казалі яго сапраўднае імя. Дзіця называлі іншымі імёнамі (Багданка, лялька), назвамі раслін, жывёл і г.д.

* У народнай культуры было забаронена хваліць малое дзіця, казаць, якое яно здаровае, прыгожае, вясёлае і г.д., таму што гэтымі словамі можна ўгнявіць нябесныя сілы, і дзіця захварэе. Пра тых, хто парушаў гэту забарону, у народзе хадзіла дрэнная слава.

* Народныя лекары ведалі шмат спосабаў лячэння ад сурокаў. Адзін з такіх спосабаў — лячэнне вадой: бралі «непачатую» (г.зн. нікім не пітую) крынічную ці хрышчэнскую ваду, клалі ў яе тры вугольчыкі з печы, пажадана ад спаленага бярозавага палена, сыпалі крыху чацвярговай солі, чыталі замовы і абпырсквалі хворага ці давалі яму піць. Пасля гэтага хворага прасілі абцерціся споднім, падолам спадніцы і г.д., але абавязкова левым бокам. Пры лячэнні дзіцяці менавіта маці павінна была абцерці яго сваёй спадніцай.

* Лічылася, што раса, сабраная на Юр'я (6 мая) і Прокла (25 ліпеня) выратоўвае людзей ад сурокаў і прызораў.

* Ад сурокаў ахоўвалі не толькі людзей, але і карову — хатнюю карміцельку. Лічылася, што «лішнія» вочы пры дойцы і ацёле «забяруць» малако, нашкодзяць карове і цяляці.

* Па той жа прычыне чужых не пускалі на грады пры пасеве ці пасадцы: «Чужое вока — што ліхі вораг, а зайздрасць — што іржа: увесь ураджай знішчыць!»

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?