Вы тут

Паўкіламетра пад зямлёй, або Соль і хлеб шахцёрскай прафесіі


Сярод усіх беларускіх гарадоў Салігорск вылучаецца, пэўна, тым, што сімвалізуе сабой маладосць. Сапраўды, гораду-статысячніку ўсяго толькі крыху больш за пяцьдзясят гадоў, а ён працягвае расці і развівацца. Узяць хоць бы «Беларуськалій» — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійнай солі... Сярод яго супрацоўнікаў нямала моладзі. Як працуюць шахцёры новага пакалення, карэспандэнты «Чырвонкі» даведаліся ў 21-гадовага Ільі ХРАМЯНКОВА.

[caption id="attachment_76806" align="alignnone" width="600"]26-24 На пра­цы...[/caption]

— Нягледзячы на тое, што Салігорск — шахцёрскі горад, у дзяцінстве я не марыў аб працы пад зямлёй, — кажа Ілья. — Найбольш мяне цікавіў футбол. Але пасля атрыманай траўмы давялося з ім заканчваць. Цяпер гуляю толькі за зборную рудаўпраўлення.

Пасля заканчэння кароткай кар'еры футбаліста перад хлопцам паўстала пытанне: што рабіць далей?

— Мой бацька — ветэран працы, працуе на шахтах ужо 22 гады. Менавіта па яго парадзе я і паступіў у наш горна-хімічны каледж яшчэ ў той час, калі займаўся футболам. Дарэчы, не сказаў бы, што вучыцца там проста. У каледжы шмат профільных прадметаў (інжынерная графіка, распрацоўка радовішчаў, тэхнічная механіка), многа матэматыкі. Нават менеджментам займаліся — разлічвалі акупнасць шахты, складалі бізнес-планы. Адвучыўся чатыры гады і пайшоў працаваць. Мая спецыяльнасць — «горны тэхнік-тэхнолаг», вось ужо паўтара года працую мацавальнікам на Краснаслабодскім рудніку 2-га рудаўпраўлення, які яшчэ ўмоўна называюць пятым, — расказвае Ілья.

Першыя працоўныя будні, па словах хлопца, праходзілі вельмі цяжка. Кажа, што напачатку вельмі складана прызвычаіцца да таго, што кожны працоўны дзень ты праводзіш пад зямлёй. Штодзённая «цырымонія» спуску, буйная тэхніка ў невялікіх памяшканнях — усё гэта цісне на псіхіку.

— Гэта цяпер я ўжо нічога не адчуваю, спускаючыся ў шахту, — прызнаецца хлопец. — А раней калі бачыў, як пад зямлёй рухаецца вялізны аўтамабіль для горна-здабыўных работ, эмоцыі былі неверагодныя.

26-251

На працы Ілья адказвае за мацаванне горных вырабатак. Над пройдзенай прасторай можа навісаць слой зямлі таўшчынёй пяцьсот ці болей метраў. Па словах хлопца, ціск пароды такі, што калі ў шахце здымаюць старыя драўляныя распоркі, яны ўшчэнт сплюшчаныя і цяжкія, як камяні. Яшчэ адна сфера адказнасці маладога шахцёра — бяспека. Хлопец сочыць, каб з кожнага працоўнага месца быў не толькі асноўны, але і запасны выхад. Трэцяя задача — вентыляцыя, правільны рух паветра па шахтах. Для гэтага ў памяшканнях ставяць солебетонныя перамычкі, што не даюць патокам свежага і адпрацаванага паветра змешвацца.

На ўчастку, дзе працуе Ілья, здабыча калійнай солі не вядзецца. Гэта так званы дапаможны ўчастак: тут знаходзіцца транспарт, збіраецца абсталяванне і праводзяцца іншыя работы. Але нядаўна ён адвучыўся на курсах і атрымаў новую спецыяльнасць, якая дазволіць яму працаваць здабытчыкам. Глыбіня трэцяга гарызонту, на якім звычайна знаходзіцца хлопец, — мінус 450 метраў ад паверхні мора.

— Сапраўды, зарабляем мы нядрэнна, але і здароўе сваё кладзём. Асабіста я атрымліваю каля 10 мільёнаў рублёў, а самыя высокія заробкі — у групе здабычы, якая працуе ў лаве (непасрэдна на вырабатках карыснага выкапню. — Аўт.). У нізкіх лавах, наколькі мне вядома, можна атрымліваць і да 30 мільёнаў. Але трэба зразумець, што і ўмовы працы там цяжэйшыя. Калі ў нас на вырабатцы памер шахты — 3 на 3 метры, то ў нізкіх лавах іх вышыня можа быць роўнай 90 сантыметрам — усё залежыць ад таўшчыні пласта, які выпрацоўваецца. Вось у такой прасторы знаходзяцца людзі, машыны, абсталяванне, і ўсё гэта — у бесперапынным руху. Людзі ўвесь дзень працуюць літаральна на кукішках.

Паводле слоў Ільі, «Беларуськалій» стварае ўмовы для аздараўлення супрацоўнікаў. Так, напрыклад, санаторый-прафілакторый «Бярозка» лічыцца структурным падраздзяленнем прадпрыемства, там адпачываюць многія шахцёры Салігорска разам з сем'ямі. У разліковым лістку асобная графа — грошы на аздараўленне.

— Зразумела, што праца бывае даволі небяспечнай, — кажа Ілья. — У мяне таксама быў выпадак: з калегам паўдня залівалі трохметровую солебетонную перамычку. Пакінулі яе застываць, пасля вярнуліся. Калі здымалі апалубку, заўважылі, што цэмент сыраваты, але не надалі гэтаму значэння. Толькі адышлі — перамычка абвалілася...

Вядома, з баўленнем часу ў Ільі праблем не ўзнікае — ён працуе ў родным для сябе горадзе і мае шмат сяброў. Дарэчы, спосабаў для адпачынку тут шмат — малады горад вымагае і адпаведнай інфраструктуры. Разам са сваёй дзяўчынай хлопец здымае кватэру ў адным з раёнаў Салігорска. Галоўная цікавасць засталася з дзяцінства — гэта футбол. Цікавіцца хлопец і літаратурай. Яго любімая кніга — «Сабачае сэрца» Міхаіла Булгакава.

— Ці падабаецца мне мая праца? Шчыра скажу — так, гэта вельмі цікава. Не без мінусаў, зразумела. Часам фізічна цяжка працаваць, бо нагрузкі сур'ёзныя. Але гэта ў той жа час захапляе: калі бачыш неверагодна вялікія маштабы і становішся часткай такога буйнога працэсу. Акрамя таго, праца не манатонная, кожны дзень — нешта новае, усе заданні адрозніваюцца. Работа шахцёра — гэта яшчэ, калі хочаце, і пэўная рамантыка са «стаханаўскімі» матывамі. Вось, напрыклад, летась мы пабілі гадавы рэкорд па колькасці выдадзенай руды. Таму я не сумую і ўсім задаволены. Што да будучыні, то хачу расці ў прафесійным плане, каб стаць сапраўдным спецыялістам.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Мінск — Салігорск — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».