Вы тут

Паказанні да прымянення


Эфектыўнасць лекаў залежыць ад іх складу, а не ад вытворцы

Забеспячэнне насельніцтва даступнымі і якаснымі айчыннымі лекамі з'яўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі. Міністэрства аховы здароўя імкнецца да таго, каб доля беларускіх прэпаратаў на ўнутраным рынку склала ў коштавым выражэнні да канца гэтага года не менш за палову. Арыгінальныя беларускія лекі высока ацэнены сусветнымі экспертамі, як, дарэчы, і генерыкі, якія па ўсіх параметрах ідэнтычныя замежным аналагам, але значна таннейшыя. Аднак многія пацыенты і ўрачы ставяцца да беларускіх лекаў з меншым даверам, чым да імпартных. Аб якасці айчынных прэпаратаў падчас анлайн-канферэнцыі БЕЛТА расказалі вядучыя спецыялісты ў гэтай галіне.

26-33

Айчынная фармацэўтычная прамысловасць дасягнула добрых вынікаў за апошнія 10 гадоў. Складанасць была ў тым, што яна прыйшла на сфарміраваны рынак і сфарміраванае стаўленне насельніцтва да імпартнага і айчыннага тавару. Да новых удзельнікаў з'явілася шмат пытанняў па доказе эфектыўнасці, якасці і бяспекі. У дачыненні ж да ўдзельнікаў, якія ўжо прысутнічалі на рынку, гэтыя пытанні не задаюцца, хоць, безумоўна, бясшкодных лекаў не існуе.

— Важна данесці да медыкаў інфармацыю пра новыя распрацоўкі, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена БОГДАН. — Рэспубліканскія і міжнародныя канферэнцыі ў нашай краіне заўсёды прадугледжваюць выступленні прадстаўнікоў маркетынгавых службаў прадпрыемстваў, аднак міністэрства пры ўсім жаданні не збярэ на сваю канферэнцыю 32 тысячы ўрачоў, якія працуюць у сістэме аховы здароўя. Таму такая работа павінна праводзіцца па ўсёй «вертыкалі». Для стварэння сістэмы інфармавання ўрачоў і быў падрыхтаваны загад «Аб прасоўванні айчынных лекавых сродкаў у арганізацыях аховы здароўя».

Асноўная палітыка па прыхільнасці пацыента да лячэння праводзіцца ўрачамі пярвічнага звяна на ўзроўні цэнтральных раённых бальніц, паліклінік — там, дзе ўдзельная вага айчынных лекаў складае 80-90 працэнтаў. Гэта аб'ектыўны паказчык таго, што нашы лекі дзейнічаюць.

— На распрацоўку арыгінальных лекавых сродкаў неабходны каласальныя затраты — фінансавыя і часовыя. Гэта могуць сабе дазволіць буйныя фармкарпарацыі. Таму большасць краін свету ідзе па шляху вытворчасці аналагаў арыгінальных прэпаратаў — генерыкаў. Генерычныя лекавыя сродкі не ўключаюць у сябе поўны аб'ём кошту ўсіх клінічных іспытаў, этапаў навуковай распрацоўкі, таму іх кошт аказваецца на прымальным для сістэмы аховы здароўя і пацыента ўзроўні. Усе краіны імкнуцца максімальна павысіць узровень выпуску генерычных лекавых сродкаў, каб забяспечыць доступ насельніцтву да меддапамогі, — патлумачыла намеснік загадчыка клініка-фармакалагічнай лабараторыі Рэспубліканскага цэнтра экспертыз і іспытаў у ахове здароўя Святлана СЕТКІНА.

Заканадаўства вызначае ўзровень патрабаванняў да генерычных лекаў — той жа, што вызначаецца ў іншых краінах. Мы не робім ніякіх выключэнняў для генерыкаў, зыходзячы з таго, дзе яны выраблены. Яны павінны прайсці поўны аб'ём патрабуемых іспытаў да таго, як могуць быць зарэгістраваны. Вытворца мае права распрацаваць склад з выкарыстаннем дапаможных рэчываў, якія могуць у пэўнай ступені адрознівацца ад арыгінальнага прэпарату. Яго задача — даказаць, што і пры гэтым складзе прэпарат эквівалентны.

Пабочная рэакцыя — неад'емная частка любога лекавага сродку. І айчыннага, і замежнага. Лекі не абсалютна бяспечныя, але карысць ад іх ужывання перавышае рызыку.

Тыя патрабаванні да якасці, якія сёння прад'яўляюцца ў Беларусі, адпавядаюць па ўсіх параметрах патрабаванням Еўрапейскай фармакапеі. Гэта вельмі высокі ўзровень патрабаванняў і да дзеючага рэчыва, і да тых жа прымесяў. Усе кампаненты, якія ўваходзяць у склад лекавых сродкаў, кантралююцца ў адпаведнасці з высокім узроўнем стандарту — Дзяржаўнай фармакапеяй. Яна адаптуецца і абнаўляецца паводле змяненняў Еўрапейскай фармакапеі. Так, калі выводзіцца новы генерычны прэпарат, сістэма кантролю якасці і сістэма рэгістрацыі не дапусціць, напрыклад, вялікай колькасці прымесяў.

Як адзначалася падчас канферэнцыі, у нас распрацоўваюцца і арыгінальныя лекавыя прэпараты, большасць іх — для лячэння онказахворванняў. Адным з такіх з'яўляецца фаталон, які ўжываецца не толькі ў Беларусі. Летась на ўнутраным рынку было асвоена 158 найменняў лекавых сродкаў, з іх 15 адносяцца да катэгорыі арыгінальных.

Больш за 150 тысяч замежных грамадзян атрымалі меддапамогу ў беларускіх установах аховы здароўя ў мінулым годзе. Розніцы ў лячэнні айчынных і замежных грамадзян у клінічных пратаколах няма. Апошніх, як і беларусаў, лечаць айчыннымі прэпаратамі.

Усе беларускія фармпрадпрыемствы атрымаюць да 2016 года сертыфікаты GMP. Гэта дазволіць адгружаць прадукцыю ў тыя краіны, дзе раней нашы пастаўшчыкі не прысутнічалі. Са стварэннем у 2016 годзе ў ЕАЭС адзінага рынку лекаў і медыцынскіх вырабаў унутраная канкурэнцыя паміж фармвытворцамі можа ўзрасці, але нашы прадпрыемствы гатовы да работы ў новых умовах. На ўсіх вытворчых участках выкарыстоўваецца самае сучаснае тэхналагічнае, вытворчае і лабараторнае абсталяванне.

— Сёння ў аптэках няма дэфіцыту лекаў айчыннай і замежнай вытворчасці. Ёсць асобныя перабоі ў пастаўках імпартных лекавых сродкаў, што можа быць звязана з працэсам перарэгістрацыі, калі замежны вытворца своечасова не прадаставіў неабходныя дакументы, або з працэсам вырабу гэтых сродкаў, — падкрэсліў генеральны дырэктар прадпрыемства «Белфармацыя» Ігар КАВАЛЬЧУК.

Пытанне замены імпартнага прэпарату, якога часова няма, вырашаецца аператыўна. У першую чаргу правізары ў аптэцы прапануюць айчынныя лекі — яны заўсёды ёсць у дастатковай колькасці, дзякуючы мінімальным тэрмінам дастаўкі. Арганізацыі аховы здароўя забяспечваюцца лекамі айчыннай і замежнай вытворчасці бесперабойна на аснове штодзённай дастаўкі.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Пра цэны

Цэны на лекі паднімаюцца толькі па тых найменнях, дзе новая субстанцыя аказалася больш дарагой, чым папярэдняя. Кошт лекаў без замежнага складніка не расце.

Пад рэгуляваннем дзяржавы засталося 35 найменняў лекавых сродкаў (раней іх было звыш 180). Гэта тыя лекі, што востра запатрабаваны на ўнутраным рынку, і тыя, па якіх у нас мінімальная або нават адмоўная рэнтабельнасць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.