Вы тут

MUZZART: «У цуды не верым, а робім іх самі»


Адметныя рысы гурта MUZZART — майстэрства, эмоцыі і запал. І гледзячы, як удзельнікі дэманструюць гэта на сцэне, ім верыш, адгукаешся на іх заклік весяліцца і радавацца. Група мае ў спісе сваіх заваяванняў перамогі на шматлікіх міжнародных конкурсах і фестывалях у Італіі, Украіне, Польшчы, прыхільнікаў у розных краінах свету. А ў наступным годзе ўжо адзначыць дзесяцігоддзе творчай дзейнасці. Каманда, у якую сёння ўваходзяць браты Уладзімір і Аляксандр Круцікавы, Яўген Лук'янчык, Вячаслаў Пляско, Яна Буцкевіч і Ілья Церашчук — музыканты-віртуозы. І яны працягваюць спробы па-новаму заявіць пра сябе. Мы сустрэліся з трыма ўдзельнікамі калектыву, каб пагутарыць пра тое, як уплывае на поспех месца жыхарства, ці магчыма музыкай зарабляць і якой публіцы яны рады на сваіх канцэртах.

26-15

MUZZART — з тых калектываў, якім ёсць што сказаць у музыцы. Сёлета гурт не толькі выйшаў у фінал Нацыянальнага адбору на конкурсе «Еўрабачанне», але і стаў нумарам адзін паводле галасавання гледачоў. Таму пры сустрэчы цікаўлюся, як расцэньваюць сваю перамогу, якая ўсё ж такі не падаравала ім шчаслівага квітка ў Вену, самі ўдзельнікі (паводле ацэнкі журы, MUZZART аказаўся толькі на сёмым месцы).

Уладзімір: Для нас самая галоўная перамога — гэта выбар гледачоў. І мы рады, што ўсё так склалася. Трэба проста займацца сваёй справай і ні на кога не звяртаць увагі.

Аляксандр: Для нас гэты вынік мае вялікае значэнне. Лічым, што ў нас усё атрымалася.

26-17

— А наогул, на конкурс ішлі з якой мэтай?

Уладзімір: Безумоўна, хацелі перамагчы і паехаць у Вену, таму што «Еўрабачанне» дае магчымасць заявіць пра сябе і з'яўляецца добрым вопытам для любога артыста. Але нехта выйграе, а хтосьці застаецца ў пройгрышы... Піяр нікому не шкодзіць. Хоць самы лепшы піяр для артыста — гэта добра зроблены прадукт!

Аляксандр: Мы не гонімся за рэкламай і супраць піяру з нейкімі выдуманымі гісторыямі, трэшам і гэтак далей. Проста робім тое, што падабаецца людзям. У любым выпадку піяр быў, бо мы заявілі пра сябе на ўсю краіну і гледачы нас высока ацанілі. Здабылі новы вопыт, якога не мелі да гэтага...

— Вам больш важна збіраць вялікія залы альбо выступаць для некалькіх дзясяткаў чалавек ва ўтульнай кавярні?

Уладзімір: Насамрэч, колькасць — не заўсёды паказчык, таму што галоўнае, каб на ваш канцэрт прыйшла публіка, якая любіць і разумее вашу творчасць. Хоць у фінансавым плане любы артыст радуецца, калі на яго канцэрт купляюць квіткі. Увогуле канцэртамі складана зарабляць...

Аляксандр: На маю думку, самае важнае — атрымаць станоўчыя эмоцыі ад публікі.

Між тым, калі казаць пра заробкі, то тут, на думку ўдзельнікаў, недастаткова толькі выступаць на канцэртах. Таму іграюць і на карпаратывах. Салістка Яна працуе псіхолагам, кантрабасіст Вячаслаў выкладае ў каледжы. Ёсць яшчэ і калектыў PLUM BUM, дзе, дарэчы, хлопцы іграюць рок-н-рол. Расстаўляючы правільна прыярытэты, можна паспець многае.

26-16

Вячаслаў: У мяне і ў Яўгена ўжо ёсць свае сем'і, таму часу не заўсёды хапае. Блізкія разумеюць нашу занятасць, калі бывае вечарамі, а то і суткамі мы займаемся музыкай, прападаем на рэпетыцыях.

Аляксандр: Усё насамрэч залежыць ад таго, як ты ўмееш арганізаваць свой час. Так, мы не працуем «ад званка да званка», але знаходзімся ў пастаянным творчым пошуку.

...Сабраўся калектыў у 2006 годзе. Тады Уладзімір, Вячаслаў і Яўген былі студэнтамі Брэсцкага філіяла акадэміі музыкі. Першапачаткова хлопцы толькі прыглядаліся адзін да аднаго, а потым паспрабавалі пайграць разам. Так утварылася іх трыа: кантрабас, баян і кларнет. Усім хацелася быць у калектыве, дзе ёсць магчымасць рэалізоўваць свае творчыя задумы...

— Заўсёды ж хочацца займацца чымсьці па-за праграмай. Напачатку нам давялося неаднойчы сутыкацца з неразуменнем таго, што мы робім, — і ў навучальнай установе, і за яе сценамі. Да новага заўсёды ставяцца насцярожана, — успамінае былыя часы Уладзімір. — Аднак былі людзі, якія падтрымлівалі нас. Потым зразумелі, што трэба знайсці барабаншчыка, а з часам з'явіўся яшчэ і вакал. І цяпер нас у камандзе восем чалавек (акрамя артыстаў, ёсць яшчэ гукарэжысёр і асвятляльнік).

— У калектыве заўсёды ёсць лідар. Хто ў вас выконвае гэту ролю?

Вячаслаў: У нас усе ўдзельнікі на роўных. Мы пачыналі ўсе разам, і разам вучыліся. Класна, што такія адносіны ў нас і засталіся.

Уладзімір: Праўда, неаднойчы з'яўляліся людзі збоку, якія хацелі быць галоўнымі. Але, на шчасце, нам удалося пазбегнуць такіх перамен.

— Пра пераезд з Брэста не задумваліся?

Уладзімір: Гэта наш родны горад, дзе мы выраслі, дзе жывуць нашы сябры. У нас многія пытаюцца, чаму не едзем у Мінск, але я магу сказаць дакладна, што мы не адчуваем ніякага дыскамфорту, працуючы тут. Не думаем, быццам у сталіцы нас чакае слава і поспех. Не мае значэння, адкуль ты, важна зробленае табой.

Вячаслаў: Наша дзейнасць не прывязана да нейкай тэрыторыі, таму мы сябе не абмяжоўваем. Можам свабодна ездзіць у Маскву, у Мінск, у Рым, Варшаву. Навошта зрывацца ў Мінск, каб пачынаць там усё з нуля? Тым больш што існуе безліч прыкладаў, калі вядомыя музыканты за ўвесь час існавання так і не пераехалі ў мегаполіс, хаця, напрыклад, той жа групе «Чайф» хто толькі не прарочыў пераезд. Яны так і засталіся ў Свярдлоўску...

— Размаўляючы з вамі, зусім не адчуваю «зорнасці». Поспех вас не сапсаваў ці проста вы яшчэ не адчулі яго ў жаданай меры?

Аляксандр: Дзякуй нашым бацькам за выхаванне!

Уладзімір: Я не ведаю, у чым заключаецца «зорнасць» артыстаў і як яна праяўляецца. Чалавек, незалежна ад сваіх дасягненняў, павінен заставацца чалавекам.

Аляксандр: Пасля кожнага канцэрта ты аналізуеш зробленую працу, і ёсць пачуццё задаволенасці, калі бачыш, што зал сабраўся і публіка апладзіруе стоячы. І ў такія моманты разумееш: вось на гэтым этапе мы зрабілі ўсё класна, цяпер трэба рухацца далей. Я не скажу, быццам мы такія ўжо сціплыя. Але, магчыма, сакрэт крыецца ў тым, што мы гадамі ішлі да сваёй мэты, а не атрымалі ўсё ў адно імгненне. Задаволенасць зробленым дае стымул для будучай працы. У цуды мы не верым, а робім іх самі.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.