Вы тут

Супрацоўнікі — «у полі», а я — у лабараторыі


Многія беларусы бачаць жывую рыбу толькі ў акварыўмах універсамаў і гіпермаркетаў. Нам стала цікава, а хто і як яе гадуе.

26-20

Для гэтага карэспандэнты «Чырвонкі» выправіліся ў Любань, райцэнтр, у якім знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у краіне рыбгасаў, — ААТ «Рыбакамбінат «Любань». Менавіта тут працуе сціплай лабаранткай 19-гадовая Дзіяна ЮСЬКО. Яе ўнёсак у агульную справу быццам бы незаўважны, але насамрэч мае вялікае значэнне.

У госці да Дзіяны прыязджаем у даволі адказны для рыбаводаў час. Надвор'е сонечнае, і будынак рыбгаса здаецца амаль пустым.

— Многія супрацоўнікі зараз знаходзяцца «ў полі» — на сажалках каля вадасховішча, — пачынае аповед Дзіяна, — а я з-за асаблівасцяў пасады не бываю там падоўгу. Большую частку свайго працоўнага часу знаходжуся ў лабараторыі. Сутнасць маёй работы заключаецца ў кантролі хімічнага саставу вады. Шторанак мы з кіроўцам едзем на сажалкі, дзе забіраем пробы для даследаванняў. Цягам працоўнага дня ў лабараторыі праводзяцца аналізы. Таксама я павінна сачыць за тэмпературай вады ў сажалках.

Лабараторыя сур'ёзная — даволі вялікі пакой застаўлены рознага кшталту абсталяваннем для даследаванняў: ад звычайных мікраскопаў да электронных аналізатараў кіслотнасці. Дапаўняюць карціну шматлікія бутэлькі з рэактывамі, колбы, піпеткі.

— Калі я выяўлю нейкія адхіленні ў якасці вады, то павінна адразу ж паведаміць пра гэта кіраўніцтву, — расказвае Дзіяна. — Аналізуюцца такія паказчыкі, як колькасць кіслароду і вуглякіслага газу, нітратаў, жалеза, кіслотнасць асяроддзя. Калі яны не адпавядаюць нормам, можа здарыцца масавая гібель рыбы, а таму ад маёй працы ў вялікай ступені залежыць стабільнасць усяго прадпрыемства. Але, на шчасце, за паўгода працы тут у мяне ніколі не здаралася надзвычайных выпадкаў. Усе паказчыкі заўсёды ў межах нормы.

Дзіяна дэманструе нам некаторыя тэсты, якія выкарыстоўвае для аналізу вады: дабаўляе марганцоўку, правярае колер, параўноўвае яго з кантрольным варыянтам (дыстыляванай вадой з другой колбы). За іншыя напрамкі працы лабараторыі адказвае яе калега, 23-гадовы іхтыяпатолаг Вольга. Яна сочыць непасрэдна за станам здароўя рыбы, правярае яе на наяўнасць паразітаў, іншых хвароб. Разбірацца трэба добра, бо ў Любані гадуюць самыя розныя віды, сярод якіх карп, сом, карась, шчупак, амур, фарэль і іншыя.

Пасля заканчэння 9 класаў школы дзяўчына вырашыла застацца ў горадзе, бо хацела быць бліжэй да бацькоў. Менавіта ў мясцовым каледжы яна і атрымала сваю цяперашнюю спецыяльнасць — лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу.

— У Любані мне шмат што падабаецца, напрыклад, прырода, адносіны людзей, — расказвае Дзіяна. — На працы я хутка з усімі пасябравала, калегі часта мне дапамагаюць. Напрыклад, у першыя дні шэфства нада мной узяла начальнік лабараторыі Наталля Аляксандраўна Навічкова. Мае веды ў сферы гідрахімічнага аналізу ў асноўным — менавіта яе заслуга. Але ёсць і мінусы жыцця ў невялікім горадзе. Тут мала месцаў для адпачынку моладзі, ды і яе самой няшмат. Можа, менавіта таму я не планую заставацца тут надоўга пасля адпрацоўкі размеркавання.

Дзіяна паведамляе нам пра свае планы. Яна ўжо паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны... на факультэт замежных моў, вучыцца на завочным аддзяленні. Больш за ўсё яе цікавіць англійская мова, а галоўная мара дзяўчыны — стаць настаўніцай. Цікавасць да лінгвістыкі з'явілася ўжо ў каледжы — дзякуючы выкладчыцы, якая там працуе.

— Фактычна ўвесь свой вольны час я займаюся, — распавядае Дзіяна, — Усё-такі вучоба ва ўніверсітэце не ідзе ні ў якое параўнанне з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Я чытаю кнігі англійскіх класікаў у арыгінале, гэта вельмі дапамагае засвоіць мову.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Фота Надзеі БУЖАН.

Мінск — Любань — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.