Вы тут

Вуліцы жыллёвых стокаў


30 вуліц Мінска з самымі нізкімі цэнамі на жыллё

Цяпер у спажыўцоў вельмі папулярныя крамы са зніжкамі (стокі), а днямі падобная тэндэнцыя накрыла і рынак жыллёвай нерухомасці. Вось яго спецыялісты і склалі рэйтынг мінскіх вуліц, дзе прадаецца самае таннае жыллё.

26-38

У «прызёрах» Перадавая, Солтыса і Клумава

Топ-30 такога рэйтынгу ўзначальвае вуліца Перадавая, размешчаная каля Трактарнага завода. Аднапакаёвую кватэру там можна набыць за 43 тысячы долараў (645 млн рублёў), а некаторыя «двушкі» каштуюць каля 50 тысяч, як паведамляюць эксперты агенцтва нерухомасці «Твая сталіца».

Намеснік начальніка аддзела ўпраўлення продажаў другаснага рынку жылля агенцтва Арцём Чарцоў тлумачыць нізкія цэны на гэтай вуліцы яе размяшчэннем уздоўж Мінскага трактарнага завода і чыгуначных шляхоў. Прамысловыя выкіды і пастаянны шум не найлепшым чынам адбіваюцца на прывабнасці раёна, адной з нямногіх добрых якасцяў якога выступае адносная блізкасць да цэнтра горада. Яшчэ адзін фактар — якасць самога жылля: вуліца «ўкамплектавана» дамамі 1970-х гадоў пабудовы з кампактнымі кватэрамі. Другое месца ў рэйтынгу займае вуліца Солтыса ў мікрараёне Дражня. Замыкае тройку яшчэ адзін прадстаўнік прамысловых кварталаў сталіцы — вуліца Клумава. Таннае жыллё лёгка знайсці на вуліцы Стралковай, размешчанай непадалёк ад чыгуначнай станцыі «Мінск-Усходні». За ёй ідзе вуліца Мініна, уздоўж якой размешчаны Мінскі завод сілікатных вырабаў і іншыя вытворчыя прадпрыемствы.

І другая «пяцёрка» з індустрыяльнай прапіскай

Нізкія цэны на кватэры таксама характэрны для вуліц Шабаны і Ротмістрава, якія знаходзяцца ў адным з самых індустрыяльных мікрараёнаў горада.

Акрамя таго, нядорага абыходзіцца жыллё на вуліцы Куляшова каля станцыі метро «Аўтазаводская». Праблематычна прадаць кватэру па высокім кошце на вуліцы Ангарскай. У першую дзясятку самых танных вуліц Мінска таксама ўвайшла вуліца Асаналіева, якая суседнічае з Мінскім цагельным заводам, прадпрыемствам «Керамін» і кальцавой дарогай. За аднапакаёвыя кватэры на гэтых вуліцах у сярэднім просяць 45 тысяч, за двухпакаёвыя — 53-55 тысяч долараў.

Неліквід ёсць і ў «спальніках»

Не сакрэт, што кватэры з нізкімі цэнамі шырока прадстаўлены ў такіх спальных раёнах, як Серабранка, Чыжоўка і Лошыца. Аднак увогуле найбольш танных кватэр размешчана ў Заводскім і Партызанскім раёнах. Асноўны фактар прывабнасці вуліцы — яе месцазнаходжанне. Вялікім попытам карыстаюцца месцы з развітой транспартнай і сацыяльнай інфраструктурай (крамамі, школамі, дзіцячымі садкамі, паліклінікамі), а рэзка зніжае сярэдні кошт «квадрата» на вуліцы суседства з буйным заводам і чыгуначнымі шляхамі.

Нізкія цэны на жыллё таксама звязаны з дамамі старой пабудовы. «На такіх вуліцах часта сустракаюцца кватэры з невялікімі пакоямі, нізкімі столямі і ў дрэнным стане — такім чынам, усё гэта адбіваецца на іх кошце. Пасля куплі такога жылля яшчэ трэба раскашэліцца на рамонт. Пры гэтым новабудоўлі на самых «танных» вуліцах горада сустракаюцца вельмі рэдка», — растлумачыў Арцём Чарцоў.

«Мёртвых кварталаў» у нас няма

Разам з тым, сёння ў найбуйнейшым мегаполісе краіны не існуе ярка выяўленага падзелу горада на багатыя і бедныя кварталы, як, напрыклад, у Парыжы, Нью-Ёрку ці Рыа-дэ-Жанейра. «У сталіцы, вядома, існуюць вуліцы і раёны, рынкавы кошт кватэр у якіх ніжэйшы, чым у сярэднім па горадзе, аднак попыт на жыллё прысутнічае ў розных частках горада — нейкіх сапраўды шэрых кропак у ім няма», — адзначыў эксперт.

Па сямейных абставінах

Кватэры на танных вуліцах у асноўным набываюць удзельнікі «ланцужкоў». Гэта звычайна вымушаныя пакупнікі. Калі сям'я раз'язджаецца, ёй неабходна атрымаць замест адной прасторнай дзве кампактныя кватэры, для чаго даводзіцца згаджацца на жыллё ў не самым прывабным месцы. Акрамя таго, могуць быць пераезды ў межах аднаго раёна — звычайна ў кватэры вялікіх плошчаў. «Сустракаюцца тут і «чыстыя» варыянты продажу, калі кватэры набываюць іншагароднія», — удакладняе сітуацыю спецыяліст. Аднак галоўным фактарам выбару падобнага жылля з'яўляецца даступны кошт.

Аб эліце

Раней эксперты гэтага агенцтва склалі рэйтынг 30 самых дарагіх жылых вуліц Мінска. Першае месца ў ім заняла вуліца Піянерская: кошт «квадрата» ў ёй дасягае 4500 долараў, або 67,5 млн рублёў. Высокія цэны тут абумоўлены дамамі павышанай камфортнасці і наяўнасцю паблізу грамадска-дзелавых забудоў: спарткомплексу «Мінск-Арэна», бізнес-цэнтра са SРА Rіvіеrа Рlаzа і гандлёвага цэнтра «Арэна-Сіці». У пяцёрку таксама ўвайшлі вуліцы Язмінавая, Цяплічная, Парніковая і Ваньковічаў у квартале за Нацыянальнай бібліятэкай.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?