Вы тут

Палітычныя партыі пакуль неактыўныя


Лідзія Ярмошына расказала пра падрыхтоўку да выбарчай кампаніі

Выбары Прэзідэнта краіны павінны адбыцца ўжо ў лістападзе гэтага года, але пакуль не назіраецца асаблівай актыўнасці з боку палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Пра гэта паведаміла журналістам Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, напярэдадні навукова-практычнага семінара «Беларусь на сучасным этапе развіцця: сацыяльна-палітычны і эканамічны аналіз» для актыву РГА «Белая Русь».

26-361

26-361

 

Лідзія Ярмошына нагадала, што ў адпаведнасці з узгодненай вусна датай выбары адбудуцца ў апошнюю магчымую па заканадаўчых нормах нядзелю лістапада, якая выпадае на 15-е чысло названага месяца.

— Адпаведна, старт выбарчай кампаніі павінны быць аб'яўлены не пазней за 15 жніўня гэтага года, паколькі неабходны тэхнічны тэрмін на падрыхтоўку і правядзенне выбараў у нас па заканадаўстве — тры месяцы, — патлумачыла старшыня ЦВК. — З улікам таго, што 15 жніўня — гэта субота, выбарчая кампанія, хутчэй за ўсё, пачнецца ў сярэдзіне тыдня. У якасці найбольш верагоднай даты мы называем 12 жніўня.

Гаворачы пра тое, ці назірае зараз Цэнтральная выбарчая камісія пэўнае ажыўленне ў дзейнасці палітычных партый, рухаў, грамадскіх арганізацый, Лідзія Ярмошына заўважыла, што найбольшую актыўнасць праяўляюць дзве арганізацыі — «Белая Русь» і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, якія падтрымліваюць афіцыйную палітыку дзяржавы.

— Прадстаўнікі ад гэтых арганізацый ужо прыходзяць да юрыстаў Цэнтральнай выбарчай камісіі і кансультуюцца. Гэта сведчыць аб тым, што яны збіраюцца ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі прафесійна і не парушаць закон. Хацелася б, каб астатнія неяк падцягнуліся да ўзроўню гэтых грамадскіх аб'яднанняў, часу ўжо засталося няшмат. У нас каля 1000 грамадскіх аб'яднанняў акрамя 30 палітычных партый, і такое маўчанне — недальнабачнае, — лічыць Лідзія Ярмошына.

Акцэнтуючы ўвагу на асаблівасцях будучай выбарчай кампаніі, старшыня ЦВК паведаміла, што прэзідэнцкія выбары будуць праводзіцца ў рамках тых традыцый, якія ўжо склаліся. Аднак з некаторымі новаўвядзеннямі.

— Па-першае, у кандыдатаў у прэзідэнты павялічыўся асабісты фонд. Яны атрымаюць магчымасць яго сфарміраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — гэта значыць, яшчэ да свайго кандыдацтва — і ўжо змогуць фінансаваць яе працу, што палегчыць гэты працэс і, натуральна, збор подпісаў. Па-другое, дзяржава паклапоціцца, каб у кожнага выбаршчыка была ў паштовай скрынцы інфармацыя пра кожнага кандыдата ў прэзідэнты.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што ЦВК вырашае пытанне, як паклапаціцца пра людзей, якія не могуць самастойна прагаласаваць.

— У прыватнасці, разам з Таварыствам сляпых мы прапрацоўваем праект па арганізацыі галасавання грамадзян, якія не бачаць або бачаць дрэнна, — заўважыла старшыня ЦВК. — Магу сказаць, што разам з бюлетэнямі ў нас будуць заказаны спецыяльныя трафарэты. У іх будуць устаўляцца бюлетэні для грамадзян, якія не бачаць, і яны змогуць такім чынам самастойна прагаласаваць. Будуць выраблены спецыяльныя агітацыйныя дакументы па сістэме Брайля, каб сляпыя маглі азнаёміцца з інфармацыяй пра кандыдатаў у прэзідэнты. Трэба сказаць таксама, што сайт Цэнтральнай выбарчай камісіі будзе адаптаваны для людзей, якія слаба бачаць. Такім чынам, Беларусь увайшла ў агульнасусветную тэндэнцыю па аказанні садзейнічання грамадзянам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што чакае ўдзелу ў маніторынгу выбараў Прэзідэнта місій СНД, АБСЕ і Савета Еўропы. Старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што Беларусь традыцыйна запрашае міжнародных назіральнікаў, аднак гэтае пытанне не ўваходзіць у кампетэнцыю Цэнтральнай выбарчай камісіі. Як правіла, рашэнне прымае кіраўнік дзяржавы разам з зацікаўленымі органамі падчас прызначэння даты выбараў.

— Але ўжо зараз атрымана прынцыповая згода на запрашэнне традыцыйных місій — АБСЕ і СНД, — праінфармавала Лідзія Ярмошына. — Акрамя таго, да нас імкнецца Савет Еўропы, членамі якога мы не з'яўляемся на дадзены момант. Тым не менш, да нас прыязджаў спецдакладчык па Беларусі спадар Рыгоні, і ён ужо задаваў пытанне аб магчымасці запрашэння.

У сваю чаргу Уладзімір СЯНЬКО, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, які таксама прыняў удзел у семінары, расказаў, як сітуацыя за мяжой паўплывае на выбарчую кампанію ў Беларусі.

— Думаю, што знешнія ўмовы будуць аказваць пэўны ўплыў на сітуацыю ў краіне, — канстатаваў ён. — Стан нашай эканомікі часткова ўскладняецца менавіта ўздзеяннем знешніх фактараў. Але сур'ёзнага ўплыву на правядзенне прэзідэнцкіх выбараў гэта не акажа, бо сітуацыя ў эканоміцы ўсё ж не крытычная.

Таксама парламентарый паведаміў, што ў сувязі з міратворчымі ініцыятывамі па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне палітычны рэйтынг Беларусі ў апошні час значна вырас.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.