Вы тут

«Цяжкія» — тыя, каму цяжка?


Наш карэспандэнт наведала прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх і даведалася, хто і за якія правіны трапляе ў закрытую ўстанову.

26-12

«Вып'ю — і адразу прыгоды шукаю!»

Сталічны завулак Акрэсціна. Сюды прывозяць дзяцей з усіх куткоў краіны. Валацугі, уцекачы, дзяўчаткі-летуценніцы, «транзітнікі». Іх затрымліваюць на вакзалах, у пад'ездах дамоў, на вуліцах. Аднак большасць, працэнтаў 80, трапляюць сюды па рашэнні суда: ашуканцы, дваровыя хуліганы, малалетнія зладзеі. Цяпер на ўтрыманні ў прыёмніку-размеркавальніку для непаўналетніх УУС Мінаблвыканкама знаходзіцца 14 чалавек. Тут яны правядуць не больш за 30 сутак. Далей — родны дом або спецшколы і спецвучылішчы (як вырашыць суд). Пакуль жа ёсць час паразважаць над тым, за што апынуліся тут і як не трапіць сюды яшчэ раз. І ў кожнага свае адказы, думкі, гісторыі.

Дзіма і Вадзім — браты. Аднаму 16, другому 17, але яны ўжо паспелі, што называецца, дарослага жыцця паспытаць. У прыёмнік-размеркавальнік трапілі другі раз, але вераць, што гэты «візіт» дакладна апошні.

— Гэта ўсё піва. Вып'ю — і адразу прыгоды шукаю! Машыну разбіць, магнітолу і калонкі скрасці, веласіпед суседскі ўзяць паганяць, у чужую кватэру залезці. Так, цяпер я разумею, што гэта дрэнна, але калі ты п'яны, табе нічога не страшна... — хлюпаючы носам, прызнаецца ўчарашні «герой» Дзіма.

— Брат тут праз мяне, — уступае ў размову Вадзім. — Ён наогул адзін любіць быць, усё марыць пра нешта! Гэта я заўжды яго з сабой на вуліцу цягну, вось і дацягаўся, — перабіраючы збітыя да крыві пальцы, працягвае хлопец.

Сам Вадзім не толькі піва і чужыя веласіпеды любіць, але і рукамі не супраць памахаць. Другі раз у прыёмнік-размеркавальнік за збіццё чалавека трапіў. Незнаёмец зрабіў заўвагу падлеткам наконт таго, што петарды пад нагамі ў мінакоў узрываюць. Вынік — тры пераламаныя рабры.

— У мяне прафесія ёсць, праўда, трохі яшчэ давучыцца трэба. Я сталяр-паркетчык. Вось пачну новае жыццё, уладкуюся на працу і братам дапамагаць буду. Нас у сям'і чацвёра, усе хлопцы, — дзеліцца Вадзім.

Больш пра сваіх родных браты нічога не расказвалі. І, напэўна, расказваць тут асабліва няма чаго. Маці з чарговым кавалерам жыве сваім «нецвярозым жыццём», дзеці — сваім. За амаль што месяц яна ні разу не праведала хлопцаў, хоць жыве за два прыпынкі адсюль. Праўда, на суд жанчына прыходзіла — дзяцей цыгарэтай пачаставаць...

— Я 17 гадоў працую ў прыёмніку-размеркавальніку і магу з упэўненасцю сказаць, што раней дзеці так не пілі. Кралі, хуліганілі, біліся, але не думалі ўвесь час, дзе і як дастаць спіртное. Сёння ж падлеткам у трынаццаць гадоў ставяць дыягназ «хранічны алкагалізм»! — гаворыць падпалкоўнік міліцыі начальнік установы Ларыса Лычкоўская.

26-11

У першую чаргу гэта дзеці

— Ведаеце, а я ўдзячны свайму ўчастковаму за тое, што ён мяне сюды адправіў! Зразумела, спачатку я так не думаў, але цяпер шмат чаго змянілася. Я на жыццё па-іншаму паглядзеў. У мяне ёсць мара: выйсці са спецвучылішча і на аўтамабілі з сям'ёй паўсвету аб'ездзіць, — дзеліцца Улад.

У прыёмнік ён трапіў за спайс. «У тумане» хлопец жыў амаль год. Грошы на курыльную сумесь браў без дазволу ў бацькоў, прадаваў рэчы з кватэры, краў у сяброў і знаёмых, не начаваў тыднямі дома... А пра наведванне школы і казаць няма чаго. Бацькі білі трывогу: і пагрозамі, і ласкай спрабавалі сына «вярнуць», але ўсё марна.

— Я засынаў і прачынаўся з адной думкай: дзе дастаць спайс?! Спаў у пад'ездах, на вуліцы. Мне было абсалютна напляваць на маці, якая кожны дзень плакала. А ў мяне ж было ўсё: камп'ютар, тэлефон, модная вопратка. Не хапала толькі вострых адчуванняў! — узгадвае хлопец, голас якога дрыжыць.

— Да нас трапляюць розныя дзеці. Сямейны «недабрабыт» — не адзіны крытэрый. «Цяжкія» дзеці могуць з'явіцца і ў самых забяспечаных бацькоў, якія дзесьці недагледзелі, не надалі належнай увагі, спусцілі праблему на тармазах, — каментуе Ларыса Лычкоўская.

У прыёмніку-размеркавальніку знаходзяцца хлопцы і дзяўчаты з 3 да 18 гадоў. Тут заўсёды зыходзяць з таго, што ў першую чаргу гэта дзеці, а не злачынцы. Да абеду ў іх вучоба. Некаторых дзесяцігадовых хлопцаў даводзіцца вучыць пісаць, чытаць. Другая палова дня — заняткі па інтарэсах: настольны тэніс, тэлевізар, маляванне. З кожным працуе псіхолаг.

— Мы не можам за 30 дзён кардынальна іх змяніць. Аднак паказаць, што ёсць іншае, лепшае  — рэальна. І, самае галоўнае, ім гэта патрэбна! Тут яны не саромеюцца плакаць і вучацца прызнаваць свае памылкі, — кажа псіхолаг Наталля Фалевіч.

«Кожны вучыцца на сваіх памылках»

Тут ніхто адзін перад адным не хваліцца «подзвігамі». Звыклае жыццё, дзе кожны сам сабе гаспадар, засталося за сценамі ўстановы. Рэжым строгі: нельга курыць, патэлефанаваць можна толькі з дазволу начальніка, бацькоўскі дзень — серада. І дзень, і ноч — пільны кантроль.

...Саша з васьмі гадоў выхоўваўся ў дзіцячым доме. Маці хлопца пазбавілі бацькоўскіх правоў за празмернае ўжыванне алкаголю, пра бацьку хлопец нічога не ведае. Падлетак піша «нядбайнай маме» лісты і кожны раз чакае адказу. Зусім нядаўна Саша прысвяціў ёй верш і марыць прачытаць яго маме ўжывую. У прыёмнік-размеркавальнік хлопец трапіў за крадзяжы. Навошта краў? Цыгарэт і піва хацелася!

— Нікога я вучыць не буду. І парад не пытайцеся. Колькі ні слухай, а ўсё роўна кожны вучыцца толькі на сваіх памылках. Я колькі разоў чуў, што «так» нельга рабіць, што «гэта» дрэнны шлях, але не звяртаў на гэтыя словы ніякай увагі, — адказаў Саша на маё пытанне, як пазбегнуць падобных памылак.

— Саша ў нас хлопец вельмі разважлівы. Хто-хто, а ён дакладна абдумаў свае ўчынкі. Ёсць у нас і тыя, ад каго не пачуеш слоў раскаяння. Яны шкадуюць сябе, перажываюць, што трапілі сюды. І не выказваюць перажыванняў у адрас тых, хто праз іх пацярпеў. Няма страху перад зробленым, няма пачуцця віны, — кажа Наталля Фалевіч.

Паводле статыстыкі, дзяўчатак у прыёмнік трапляе менш. У асноўным яны тут аказваюцца за сістэматычнае ненаведванне школы. Дзяўчаты жывуць у сваіх дарослых кавалераў і лічаць, што так павінна быць і будзе заўжды. Часта да ўчастковага з просьбай вярнуць дачку дадому прыходзяць самі бацькі, якія не бачылі сваё дзіця ўжо некалькі тыдняў.

У прыёмнік-размеркавальнік прывозяць і дзяцей-іншаземцаў. У асноўным гэта тыя, хто згубіўся. Некаторыя дарослыя іншаземцы вельмі любяць прыкідвацца малалеткамі. Відаць, што яны ўжо не дзеці, але ж стаяць на сваім: маўляў, ім не 25 гадоў, а... 15. Часцей за ўсё так паводзяць сябе в'етнамцы. Не называюць яны і сваіх сапраўдных імёнаў. І пакуль біялагічны ўзрост не вызначыцца (а гэта працяглы працэс), іншаземцаў утрымліваюць у прыёмніку.

Што б там ні было, а галоўная роля ў выхаванні дзіцяці, як лічаць спецыялісты, адводзіцца бацькам. Асабісты прыклад, шчырыя клопат і любоў абавязкова зробяць сваю справу — дапамогуць маладому чалавеку вярнуцца да нармальнага жыцця.

Кацярына Асмыковіч.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.