Вы тут

Лянота толькі для суботы


Не адкладвайце важныя справы на потым

Напачатку давайце ўявім сітуацыю: вы даўно хацелі бегаць зранку, каб умацаваць сваё здароўе. Сапраўды, справа вельмі патрэбная і карысная. «Пачынаю з заўтрашняга дня!» — рашуча пераконваеце вы сябе, заводзіце будзільнік і кладзяцеся спаць. Але, прачнуўшыся раніцай і паглядзеўшы ў акно, вырашаеце, што сёння пахмурнае надвор'е. «Добра. Прапушчу. А вось заўтра я не змагу сабе такога дазволіць», — зноў абяцаеце сабе. Але ж на наступны дзень вы чамусьці вырашылі паглядзець перадачу па тэлевізары, праігнараваўшы сваю мэту. Такое адкладванне спраў на доўгі час называецца словам «пракрастынацыя».

26-9

Навуковыя крыніцы гавораць, што гэта паняцце ў псіхалогіі, якое азначае схільнасць да пастаяннага «адкладвання на потым» непрыемных думак і спраў. «Фокус» гэтага працэсу заключаецца вось у чым: чалавек, адкладваючы нейкія справы, запаўняе час заняткамі, якія не патрабуюць намаганняў і канцэнтрацыі. Гэта можа быць доўгае плаванне па «морах» інтэрнэту: сацыяльныя сеткі, блогі, забаўляльныя сайты і проста стужкі навін.

— Аднойчы перада мной была пастаўлена мэта напісаць артыкул пра адну жанчыну, — расказвае вучаніца 11 класа магілёўскай гарадской гімназіі №1 Ангеліна Шаблоўская. — Я запісала інтэрв'ю, але аформіць ніяк не магла. У гэты час я займалася вучобай, пісала іншыя артыкулы, але дапрацаваць менавіта гэты матэрыял здавалася вельмі складаным. Так, я сапраўды займалася ўсім, але не пастаўленай мэтай. Дарэчы, ужо прайшло шмат часу, але праца так і засталася няскончанай.

На жаль, такія гісторыі сустракаюцца даволі часта. Многія з нас спісваюць усё на ляноту. Але час ідзе, тая самая лянота не адступае. Мары не спраўджваюцца, мэты не дасягаюцца, і потым наступае... дэпрэсія, «жыццё коціцца пад адхон».

Вучаніца 11 класа сярэдняй школы №1 г.п. Рось Аксана Крупнова распавядае: «Слова «пракрастынацыя» я для сябе адкрыла нядаўна, раней карысталася простым «лянота». Менавіта яна перашкаджала мне ў жыцці вельмі часта. Калі думаю аб пракрастынацыі, заўсёды ўзгадваю выпадак, які здарыўся тры гады таму. Я ўдзельнічала ў музычным рэспубліканскім конкурсе імя Жыновіча. Іграла на цымбалах, і мне пашанцавала прайсці ў фінал. Пасля маёй перамогі ў вобласці я была так упэўнена ў сваёй «геніяльнай» музычнай тэхніцы, што нават забылася пра абавязковыя рэпетыцыі. Тады я не разумела, што раблю няправільна, але было так цяжка штодзень сумяшчаць вучобу і музыку... На «рэспубліцы» я не атрымала нават трэцяга месца, але для мяне гэты выпадак стаў урокам: ніколі не трэба сыходзіць са шляху да сваёй мэты, нават тады, калі табе хочацца проста адпачыць. Трэба забываць пра ляноту, трэніраваць сілу волі. Толькі так можна чагосьці дасягнуць у жыцці».

26-10

Фіналіст рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года 2014», настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 г. Магілёва Юрась Каласоўскі гаворыць, што ўвесь час змагаецца з пракрастынацыяй: «На жаль, маю звычку адкладаць тыя ці іншыя справы да апошняга моманту. Найперш гэта датычыцца рознай папяровай працы. Разам з тым заўсёды імкнуся правільна расставіць прыярытэты і вызначыць парадак выканання тых ці іншых спраў і таму найбольш важныя і тэрміновыя з іх раблю своечасова. Адзначу, што радасць ад своечасовага выканання работы нашмат большая за невялікую палёгку, якую атрымліваеш, пакідаючы ўсё на «потым». А ўвогуле вельмі важна мець добрую матывацыю. З'явіцца жаданне — з'явіцца час і магчымасць. Калі мне захацелася прабегчы марафон, я нават не думаў, што так хутка здзейсню сваю мару».

— Пракрастынацыя не з'яўляецца хранічнай хваробай, — гаворыць псіхолаг магілёўскай гарадской гімназіі №1 Святлана Лось. — Звычайна прычынай гэтай з'явы служыць страх. Самае галоўнае правіла, якое дапаможа перамагчы пракрастынацыю, — планаванне свайго часу. Знайдзіце важную матывацыю, уявіце, якіх вынікаў вы зможаце дасягнуць. Адно з цікавых і эфектыўных практыкаванняў — «Важнасць/тэрміновасць». Дзякуючы яму ўсе справы разбіваюцца на чатыры групы, што і прадвызначае парадак іх выканання. «Важныя і тэрміновыя» справы павінны займаць першыя радкі ў парадку дня; «важныя, але не тэрміновыя» — справы, якія адносяцца да доўгатэрміновых мэтаў, іх ігнараванне можа дрэнна адбіцца на дасягненні мэты; трэцяя група — «тэрміновыя, але няважныя» — уключае ў сябе ўсе бягучыя справы, якія заўсёды ўваходзяць у наш спіс; апошняя група — «няважныя і нетэрміновыя». Застаецца толькі правільна расставіць прыярытэты, прыбраць (гэта галоўнае!) усё непатрэбнае — і тады вы зразумееце, наколькі ўсё лёгка.

Прыгадаем вядомую прыказку: «Не адкладай на заўтра тое, што можаш зрабіць сёння». Часам гэта здаецца немагчымым, але вынік не прымусіць сябе чакаць. Паверце ў сябе — і наперад, да новых здзяйсненняў, абмінаючы злую пракрастынацыю. Поспехаў вам!

Лідзія Заблоцкая, вучаніца 11 класа магілёўскай гарадской гімназіі №1.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.