Вы тут

З увагай да кожнага


Падтрымліваць ветэранаў павінна не толькі дзяржава, але і працоўныя калектывы

Такую думку выказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК падчас пасяджэння Міжведамаснай камісіі па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, што пацярпелі ад наступстваў вайны. «70-годдзе Перамогі накладае на нас асаблівую адказнасць. Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны — людзі сталага ўзросту, і штогод іх становіцца менш. Сёння засталіся толькі два Героі Савецкага Саюза і адзін поўны кавалер ордэна Славы. Таму патрэбна надаць увагу праблемам кожнага ветэрана», — адзначыў Аляксандр Аляксеевіч.

У Беларусі пражывае 17,5 тысячы ветэранаў і ўдзельнікаў ВАВ і 29,5 тысячы асоб, што пацярпелі ад наступстваў вайны. Усе яны атрымаюць матэрыяльную дапамогу да юбілейнай даты. Як паведаміў намеснік міністра, вобласці пастараюцца правесці гэтыя выплаты ў першыя 10 дзён красавіка. Падобная грашовая падтрымка аказваецца і ветэранам на тэрыторыі былога Саюза, аднак у нашай краіне памер выплат значна большы, чым у суседзяў.

З нагоды 70-годдзя Перамогі па рэспубліцы абследавалі матэрыяльна-бытавыя ўмовы пражывання ўдзельнікаў вайны. Вырашаліся праблемы, звязаныя з рамонтам жылля. Дзякуючы прынятым мерам, знізіўся працэнт пажылых грамадзян, якія загінулі ці атрымалі траўмы на пажарах праз няспраўнасць пячнога ацяплення і электраправодкі. Сёння такіх — адзінкі. Да святкавання Перамогі ўсе заяўкі, якія паступаюць ад удзельнікаў вайны ў мясцовыя выканаўчыя органы, будуць выкананы ў поўным памеры.

Апошнія пяць гадоў амаль кожны месяц праводзіцца стапрацэнтнае медыцынскае абследаванне ветэранаў. Ва ўсіх установах аховы здароўя працуюць геранталагічныя цэнтры, школы трэцяга ўзросту. На абслугоўванні пажылых грамадзян спецыялізуюцца 4 шпіталі. Амбулаторны цэнтр для людзей сталага ўзросту плануюць адкрыць на тэрыторыі Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Машэрава.

Для ўдзельнікаў ВАВ сёлета запланаваны шэраг культурных мерапрыемстваў. Сярод іх — рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», які праводзіцца Міністэрствам культуры сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.