Вы тут

Вечны покліч


Што яднае «землекапальнікаў» і «селекцыянераў-практыкаў»

Адна з самых прыемных абавязковых вясновых спраў — паход у магазін «Насенне». Стаіш сабе, перабіраеш шматлікія стракатыя пачачкі, уяўляеш, што за дзіва праз колькі часу з гэтага насення можа вырасці. Вось, напрыклад, спаржавая фасоля-ўюшка. Летась, не ведаючы яшчэ толкам, што гэта за «фрукт», кінулі некалькі ў зямлю каля ссохлай вішні. А ў жніўні мёртвая вішня раптам «закрасавала» — нават з самых высокіх галін звісалі гронкамі фіялетавыя доўгія струкі. Прыйшлося, вядома, за імі паскакаць, але ж цэлы таз вітамінаў з дзвюх ці трох фасолін атрымалася. І свежай наеліся, і на зіму намарозілі...

А вось заморская і, кажуць, надзвычай карысная салата — рукала. Вырасціць яе на агародзе ўдалося толькі цягам двух гадоў. Першы раз пасеяла ў парнічку, побач з перцамі, папярэдзіла маму: будзе новая, вельмі смачная салата. Праўда, забылася сказаць, што пах у яе, мякка кажучы, для беларускага носа спецыфічны. Праз колькі часу мне было ўрачыста аб'яўлена, што ў магазіне мяне абдурылі і замест насення салаты падсунулі «нейкую ванючую траву» і што яна з нашага культурнага парніка дашчэнту ліквідавана. На наступны год спроба была больш удалай: маці ўжо не рабіла замах на карысны прадукт, але і дагэтуль заве яго не інакш, як «рукала-хрукала», і катэгарычна адмаўляецца каштаваць.

Перац бэзавага колеру. Гэты ўжо куплены, пасеяны і нават пускае чацвёрты ліст. Прычым паўзыходзіў нашмат лепш, чым чырвоны і жоўты. Хіт сезона ў гаспадынь. Мой «агародны камандзір» паставіла задачу: купіць абавязкова! Як гэта — і Рэня, і Шура, і Ліля купілі, а ў нас толькі звычайны будзе расці? Давялося купляць. Хаця дагэтуль дрэнна ўяўляю: перац колеру баклажана. Што ж, у жніўні пабачым.

Я ўжо не кажу пра «пляскатыя егіпецкія» буракі, моркву без стрыжня, усялякія сельдэрэі-базілікі, вясковымі гаспадынямі да нядаўняга часу не чутыя, гарбузы з семкамі без шалупіння, жоўтую радыску... Асобная размова — кветкі. Ну як прайсці міма сальвіі не чырвонага — ласосевага колеру, міма зялёных гладыёлусаў, міма астраў усіх магчымых адценняў...

Карацей, выйшла я ўчора з той невялікай крамкі праз добрую гадзіну, з даволі-такі важкай торбай (яшчэ ж цыбулі-сяўка купіла — і жоўтай прадаўгаватай, і круглай, і белай, і на нейкую новую ружовую спакусілася). Прынесла дадому, высыпала ўсё дабро на канапу, задала сама сабе ўжо традыцыйнае, як і паход па насенне, пытанне — навошта? У краме круглы год усялякай агародніны-садавіны, і свежай, і замарожанай, хапае. І грошы, каб яе купіць, ёсць. Дзеля чаго ж тады крукам стаяць на тым агародзе, калі можна проста паслухаць салаўя, смакуючы шашлык, пацягваючы віно?..

Не атрымаецца. Бо жыццё будзе не «напоўніцу», шашлык не такім смачным, салаўіныя спевы не такія звонкія. Без адчування спрычыненасці да найвялікшага (пасля нараджэння чалавека) цуда. Калі ты сваёй рукой кідаеш у зямлю маленечкае зернейка, а яно пакрысе на тваіх вачах вырастае ў плод ці кветку. І назіраць за гэтым, і ўсведамляць сваё «аўтарства» — яно вартае і мазалёў на руках ад рыдлёўкі, і ламаты ў спіне.

Мне здаецца, менавіта гэтымі меркаваннямі кіруюцца сённяшнія дачнікі і ў большасці сваёй вяскоўцы. Прынцып дваццацігадовай даўнасці «каб пракарміцца», калі ўсе, хто мог, бралі зямлю і садзілі загоны бульбы ды плантацыі гуркоў, гэтым забяспечваючы сытую зіму для сям'і, сёння ўжо не працуе. Ён практычна знік разам з забітымі электрычкамі і прыгараднымі аўтобусамі, з вокнаў і люкаў якіх тырчалі дубцы саджанцаў і выглядвалі твары шчасліўцаў, якім пашанцавала ў транспарт убіцца. На дачу цяпер прынята ездзіць на ўласным аўто, а перад вясковай хатай, дзе заўсёды былі грады, разбіваць кветнік, на якім не вечныя гашта ды «гронца сэрца», а ружы, рададэндраны, сальвіі, яшчэ нейкая нябачаная прыгажосць, назвы якой і не вымавіць. І цікавіць больш, не колькі з пасаджанага вырасце, а што менавіта, якое яно будзе на выгляд, на пах, на смак. Фактычна сёння большасць прысядзібных і дачных участкаў можна назваць эксперыментальнымі ў самым літаральным сэнсе.

Але галоўнае ў нас, якія ператварыліся з «землекапальнікаў» у «селекцыянераў-практыкаў», засталося нязменным. Вось гэтая шматлікімі пакаленнямі папярэднікаў у генах закладзеная вясновая прага далучыцца да таямніц жыцця, укінуўшы сухія зярняты ў нагрэтую зямлю. І таму нават самым рафінаваным гараджанам цяжка ўвесну ўтрымацца ад жадання дакрануцца да раллі рукамі, што-небудзь пасадзіць або пасеяць.

Сяброўка пазваніла — у пачатку мая можна злятаць у Дубай з вялізнай зніжкай. Адмовілася. У мяне важная прычына — будзем рабіць агарод. Без пільнай патрэбы, але абавязкова. Дый вельмі хочацца ўбачыць, як красуе сальвія колеру ласося, і пакаштаваць бэзавы перац.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.