Вы тут

Зала № 2. «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны»


Працягваем віртуальнае падарожжа па залах музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Залатыя лічбы і літары, адбітыя на падлозе гэтай залы Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, вядуць па маршруце «заканчэнне Першай сусветнай вайны — пачатак Другой сусветнай». Менавіта такія храналагічныя рамкі залы: лістапад 1918-га — чэрвень 1941 года. На падлозе адлюстраваны ключавыя ваенна-палітычныя падзеі гэтага перыяду: Версальскі мір, прыход Гітлера да ўлады, падпісанне плана «Барбароса», нападзенне фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз... А ў экспазіцыйных вітрынах — прадметы і фотаздымкі, якія вяртаюць у перадваенны час, калі ў Еўропе зараджаўся фашызм.

[caption id="attachment_76949" align="alignnone" width="600"]26-39 Фу­раж­ка і ка­шу­ля чле­на штур­ма­во­га атра­да на­цы­я­нал-са­цы­я­ліс­тыч­най пар­тыі, шлем на­цы­я­нал-са­цы­я­ліс­тыч­на­га ма­та­ры­за­ва­на­га кор­пу­са і ін­шыя экс­па­на­ты ілюст­ру­юць па­дзеі пры­хо­ду да ўла­ды Му­са­лі­ні і Гіт­ле­ра.[/caption]

З першых музейных паступленняў...

У тэматычным блоку, які называецца «Версальская сістэма. Усталяванне фашысцкіх рэжымаў і ваенных дыктатур у Еўропе ў 1920 — 1933 гг.», паказаны падзеі прыходу да ўлады Мусаліні і Гітлера. Адзін з ключавых экспанатаў вітрыны — фуражка і кашуля члена штурмавога атрада (СА). Гэтыя атрады як вядучая сіла нацыянал-сацыялістычнай партыі не толькі запалохвалі насельніцтва, а і былі ў авангардзе партыі. З той жа оперы — шлем члена нацыянал-сацыялістычнага матарызаванага корпуса. Дарэчы, гэтыя прадметы аднымі з першых з'явіліся ў музеі.

Фотаздымкі, якія таксама змешчаны ў вітрыне, — павялічаныя ілюстрацыі з маленькай брашуры «Фюрар робіць гісторыю», прысвечанай першаму году праўлення Гітлера. Побач — план-карта Берліна, дзе адлюстраваны аб'екты летняй Алімпіяды 1936 года. Сама гэтая падзея з'явілася своеасаблівай дэманстрацыяй нацыянал-сацыялізму перад усім светам.

Выклікаюць інтарэс пасведчанне члена нацыянал-сацыялістычнай партыі, ліст на імя Вільгельміны Дызмер аб узнагароджанні Ганаровым крыжам нямецкай маці 3-й ступені ад 1 кастрычніка 1939 года (узнагароды, заснаванай Гітлерам 16 снежня 1938 года з мэтай павышэння нараджальнасці), пасведчанне члена гітлерюгенда (маладзёжнай арганізацыі нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі) і вадзіцельскія правы. Здаецца, нічога цікавага, каб на апошніх не было пячаткі нацыянал-сацыялістаў, што сведчыць аб прысутнасці гітлераўскай партыі ва ўсіх сферах жыцця пасля 30 студзеня 1933 года.

[caption id="attachment_76951" align="alignnone" width="600"]26-42 Узо­ры страл­ко­вай зброі, зроб­ле­ныя ў Чэ­ха­сла­ва­кіі, Поль­шчы, Нар­ве­гіі, Ні­дэр­лан­дах, Бель­гіі, Фран­цыі і Юга­сла­віі ў 1930-х га­дах.[/caption]

Рэчы нямецкага салдата і чэхаславацкі крызіс

Тэму нацыфікацыі ў наступнай вітрыне працягвае тэма мілітарызацыі. У 1935 годзе адбываецца пераўтварэнне рэйхсвера ў вермахт: Германія пачынае актыўна рыхтавацца да пашырэння сваіх межаў. Пра гэта сведчаць прадметы амуніцыі Узброеных Сіл краіны, прадстаўленыя ў экспазіцыі: стальны шлем узору 1935 года, пляшка, кубак, лупа, куртка, каробка з процівагазам, салдацкі ранец узору 1934 года, штык ад вінтоўкі сістэмы «Маўзер», членскі білет Нямецкага працоўнага фронту, шматлікія фотаздымкі, на якіх у тым ліку адлюстравана вытворчасць танкаў і артылерыйскіх прылад, дэманструецца мілітарызацыя нямецкай эканомікі і зараджэнне агрэсіўнага блока Германіі, Японіі і Італіі.

Першыя акты агрэсіі Германіі супраць суседніх дзяржаў прадстаўлены ў цэнтральнай частцы вітрыны. Тут — медаль, прысвечаны ўключэнню Аўстрыі ў склад Германіі, пасведчанне ўдзельніка гэтага паходу. Большасць экспанатаў адносіцца да падзей чэхаславацкага крызісу. Прадстаўлена серыя фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны Мюнхенская канферэнцыя і яе вынікі, гатоўнасць чэхаславакаў абараняць сваю Радзіму, дзейнасць фрайкора (добраахвотніцкага корпуса судэцкіх немцаў) і Судэта-нямецкай партыі, якая падарвала цэласнасць чэхаславацкай дзяржавы, уваходжанне вермахта ў Судэты, ліквідацыя Чэхаславакіі ў сакавіку 1939 года. На ключавым фотаздымку — прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмберлен, які вяртаецца з Мюнхена адразу пасля падпісання дагавора са словамі: «Я веру, што гэта мір для нашага часу». Купюра ў 100 крон пратэктарата Багеміі і Маравіі, новага дзяржаўнага ўтварэння на акупаванай чэшскай тэрыторыі, — як палітычны вынік падзей чэхаславацкага крызісу.

Руска-іспанскі слоўнік Каржа і кніжка чырвонага партызана

Падзеі грамадзянскай вайны ў Іспаніі прадстаўлены пераважна праз яе ўдзельнікаў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх — легендарныя кіраўнікі партызанскіх злучэнняў Васіль Корж, Кірыл Арлоўскі, Аляксандр Рабцэвіч. Тут можна ўбачыць іх асабістыя рэчы таго перыяду. Напрыклад, кабура ад іспанскага пісталета і размоўны руска-іспанскі слоўнік належалі Васілю Каржу. Цікава паглядзець, на якія словы пры вывучэнні іспанскай мовы звяртаў увагу будучы Герой Савецкага Саюза.

Таксама экспануецца кніжка чырвонага партызана (удзельніка грамадзянскай вайны) Рабцэвіча, яго накіраванне на сеансы дыятэрміі Мадрыдскага цэнтра хірургіі, артапедыі і траўматалогіі на імя Віктара Бялова. Менавіта пад такім псеўданімам Рабцэвіч знаходзіўся ў Іспаніі. Дарэчы, гэтыя і многія іншыя дакументы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, можна пагартаць у інфакіёску, змешчаным амаль у кожнай зале музея.

Даволі цікавая лётная кніжка Хасэ Сірухеды, удзельніка грамадзянскай вайны ў Іспаніі, будучага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Храналагічна дакумент выпадае з канцэпцыі гэтай вітрыны, бо адносіцца да перыяду апошняй вайны. Дарэчы, сам Сірухеда быў доўгажыхаром: памёр усяго некалькі гадоў таму.

У экспазіцыі прадстаўлены шэраг савецкіх выданняў таго часу. У тым ліку перакладзеная з іспанскай мовы кніга вядомай камуністкі Далорэс Ібаруры «Фашысты не пройдуць!». Між іншым, яе сын Рубэн — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, лётчык.

[caption id="attachment_76948" align="alignnone" width="600"]26-38 Рас­кле­е­ныя на слу­пе афі­шы і пла­ка­ты свед­чаць пра ак­тыў­нае куль­тур­нае жыц­цё БССР у 1930-х — па­чат­ку 1940-х га­дах.[/caption]

«Халхінголка» і Беларускі сельскагаспадарчы каляндар

Апошні блок гэтай вітрыны адлюстроўвае ваенныя канфлікты паміж Японіяй і СССР на Далёкім Усходзе. Тут пераважна паказаны фотаздымкі, прывязаныя да гэтых падзей. Сярод прадметаў вылучаюцца біклажка японскага ваеннапалоннага і савецкі шлем узору 1936 года, больш вядомы як «халхінголка» (атрымаў сваю назву з-за падзей на Халхін-Голе). Тут жа — фотапартрэт і даведка аб раненні падчас баявых дзеянняў на рацэ Халхін-Гол ваентэхніка 2-га рангу, былога супрацоўніка музея Паўла Рыжкова, удзельніка Вялікай Айчыннай і савецка-японскай войны 1945 года.

У трэцяй вітрыне экспазіцыйнай залы адлюстраваны пачатак Другой сусветнай вайны. Аб нападзенні Германіі на Польшчу сведчыць заклік прэзідэнта краіны Ігнація Масціцкага да польскага народа і аб'ява аб мабілізацыі ў польскую армію. Ніжэй — фотаздымкі некаторых беларускіх удзельнікаў германа-польскай вайны. Сярод іх, напрыклад, можна пазнаць Янку Брыля. Тут жа прадстаўлены польскія выданні, якія выходзілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а таксама Беларускі сельскагаспадарчы каляндар. Нягледзячы на польскую назву, ён зроблены па-беларуску. Яшчэ цікавей было даведацца, што ён праваслаўны. Таксама наведвальнік тут можа ўбачыць кавалерыйскія шпоры і пляшку польскага салдата.

[caption id="attachment_76950" align="alignnone" width="600"]26-41 Прад­ме­ты аму­ні­цыі Уз­бро­е­ных Сіл Гер­ма­ніі, якія свед­чаць аб тым, што кра­і­на па­чы­нае ак­тыў­на рых­та­вац­ца да па­шы­рэн­ня сва­іх ме­жаў.[/caption]

Двойчы трафейная і «Люфтвафэ»

Звяртаюць на сябе ўвагу ўзоры стралковай зброі, зробленыя ў Чэхаславакіі, Польшчы, Нарвегіі, Нідэрландах, Бельгіі, Францыі і Югаславіі ў 1930-х гадах. Зброя з'яўляецца двойчы трафейнай: спачатку яна была захоплена вермахтам у ходзе акупацыі Еўропы, а потым, у гады Вялікай Айчыннай вайны, стала трафеямі беларускіх партызанаў. Пасля яна была здадзена ў Беларускі штаб партызанскага руху, адкуль трапіла ў музей.

Акупацыю краін Заходняй Еўропы, у прыватнасці, Бельгіі і Францыі, ілюструе серыя фотасюжэтаў з набору паштовак «Баявыя дзеянні на Захадзе» фотакарэспандэнтаў Галоўнага камандавання вермахта. Паспяховасць бліцкрыгу, або маланкавай вайны, забяспечвалася ў тым ліку дзякуючы дзеянням ваенна-паветраных сіл Германіі. Аб гэтым сведчаць прадстаўленыя ў экспазіцыі фрагмент карты паветранай навігацыі і песеннік «Люфтвафэ», трафейны гадзіннік і фотаапарат нямецкіх лётчыкаў. У ходзе аперацыі «Марскі леў» бамбардзіроўкам падвяргалася Вялікабрытанія. На фотаздымку — наступствы аднаго з паветраных налётаў ворага на Лондан у кастрычніку 1940 года. Толькі зламаць Вялікабрытанію гітлераўскай Германіі так і не ўдалося.

[caption id="attachment_76947" align="alignnone" width="600"]26-37 У цэнт­ры віт­ры­ны — сцяг кам­са­моль­скай ар­га­ні­за­цыі пры па­гра­ніч­ным пад­ад­дзе­ле Аб'­яд­на­на­га Дзяр­жаў­на­га Па­лі­тыч­на­га Упраў­лен­ня за­ход­ня­га ўчаст­ка дзяр­жаў­най мя­жы, уру­ча­ны кам­са­моль­цам ад КП(б)Б у 1923 го­дзе. Адзін з пер­шых му­зей­ных экс­па­на­таў![/caption]

Новыя межы краіны і «невядомая» вайна

Наступная вітрына пераносіць у падзеі, звязаныя з лёсам Беларусі і Савецкага Саюза. 23 жніўня 1939 года быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні, змест якога і сам момант падпісання народным камісарам замежных спраў СССР Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі Рыбентропам адлюстраваны ў газеце «Правда». Эпізоды паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і сустрэчы насельніцтва з воінамі адлюстраваны на фотаздымках. Тут жа змешчана і адміністрацыйная карта БССР 1940 года, на якой паказаны новыя межы нашай краіны пасля ўз'яднання яе з Заходняй Беларуссю. На карце — 10 абласцей.

У раздзеле заканчэння германа-савецкіх адносін увага акцэнтуецца на двух камплектах нямецкіх картаў. Гэта план перамяшчэння па беларускіх гарадах і ваенна-тапаграфічныя карты Беларусі, датаваныя сакавіком 1941 года, што яшчэ раз сведчыць аб тым, што Германія актыўна рыхтавалася да вайны супраць Савецкага Саюза.

Другая палова вітрыны прысвечана падзеям «невядомай» вайны, як пісаў Твардоўскі. У савецка-фінляндскай вайне ўдзельнічала шмат беларусаў. У складзе 100-й стралковай дывізіі ваяваў і Кандрат Атраховіч (Крапіва), пасведчанне першагвардзейца якога тут можна ўбачыць. Ніжэй — фотапартрэт чырвонаармейца Міхася Калачынскага, беларускага паэта. Аркушы з яго нататніка, напісаныя якраз падчас гэтай вайны, ляжаць у вітрыне. Таксама прадметны рад складаюць брашура, савецка-фінскі размоўнік, макет савецкай гаўбіцы Б-4 узору 1931 года, з дапамогай якой Чырвоная Армія змагалася на лініі Манергейма, маскіровачны касцюм, які выкарыстоўваўся чырвонаармейцамі ў «зімовай вайне», як яе яшчэ называлі.

[caption id="attachment_76952" align="alignnone" width="600"]26-47 Прад­ме­ты гра­мад­ска-па­лі­тыч­на­га, са­цы­яль­на-эка­на­міч­на­га і куль­тур­на­га жыц­ця БССР у 1930-х — па­чат­ку 1940-х га­доў.[/caption]

Рэдкія і першыя экспанаты

Матэрыялы беларусаў, выхаванцаў Заходняй (Беларускай) ваеннай акругі, прадстаўлены і ў наступнай вітрыне, якая раскрывае тэму абараназдольнасці краіны ў 1938 — 1941 гадах. Дарэчы, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў БССР было створана 6 новых ваенных вучылішчаў. На адным з фотаздымкаў — першы выпуск Пухавіцкага пяхотнага вучылішча. Побач — выпускнік Аб'яднанай беларускай ваеннай школы, а потым выкладчык гэтай установы Іван Якубоўскі, будучы двойчы Герой Савецкага Саюза, Маршал Савецкага Саюза.

Калекцыя брашур нагадвае кніжную міні-выстаўку. Тут змешчаны выданні па ваеннай тэорыі, навучальныя і выхаваўчыя творы, кнігі забаўляльнага зместу. Эпізоды баявой падрыхтоўкі, асваенне новых відаў тэхнікі і ўзбраення, паўсядзённае жыццё арміі адлюстроўваюць сюжэтныя фотаздымкі, большасць з якіх выкарыстана з фотаальбома 1930-х гадоў «Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія».

Прадметны рад вітрыны таксама складаюць граната РГД-33, гільза ад снарада 45-міліметровай гарматы, армейскія газеты і конскі процівагаз, які вяртае да тэмы кавалерыі. Невыпадкова побач змешчаны фотаздымак аднаго з выдатных кавалерыстаў, маршала Савецкага Саюза Клімента Варашылава. Дарэчы, у гэтыя гады вельмі папулярная асоба. Магчыма, па частаце паяўлення ў тагачаснай перыёдыцы нават больш папулярная, чым Іосіф Сталін.

Рэдкі экспанат — гімнасцёрка ваеннаслужачага аўтабранятанкавых войск Чырвонай Арміі ўзору 1935 года, якая належала Аляксандру Яворскаму. Вядома, што яе пашылі падчас яго службы ў Латвіі. Сам вайсковец знік без вестак восенню 1942 года. Яго жонка захавала сямейны архіў і асабістыя рэчы мужа.

Цэнтральнае месца ў вітрыне займае сцяг камсамольскай арганізацыі пры пагранічным пададдзеле Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення заходняга ўчастка дзяржаўнай мяжы, уручаны камсамольцам ад КП(б)Б у 1923 годзе. Гэта адзін з першых музейных экспанатаў! Падчас абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі летам 1941 года сцяг быў захоплены гітлераўцамі. А ў сакавіку 1945-га ў ходзе баёў за горад Штаргард (зараз Польшча) выратаваны вайскоўцамі 8-й асобнай знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай Мелітопальска-Радамскай брыгады 69-й арміі 1-га Беларускага фронту. 1 мая 1945 года яго перадалі ў музей.

Зацішша перад бурай

Імправізаваны слуп, на якім расклеены афішы і плакаты, уводзіць наведвальнікаў у апошні раздзел экспазіцыі гэтай залы. Тут прадстаўлены экспанаты, якія сведчаць аб грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці БССР у 1930-х — пачатку 1940-х гадах. У дзесяці вітрынах паслядоўна размешчаны прадметы, фотаздымкі і дакументы, згрупаваныя па падтэмах: дзейнасць дзяржаўных і партыйных органаў, праца, прафсаюзная дзейнасць, грамадскія арганізацыі, ваенна-спартыўная падрыхтоўка, адукацыя і мастацтва, вольны час. Адчуць асаблівасці тагачаснага жыцця дапамагаюць дэлегацкія, дэпутацкія і прафсаюзныя білеты, пасведчанні і мандаты, працоўная кніжка, розныя даведкі, граматы, грашовыя купюры і аблігацыі, латарэйныя білеты і іншае.

Экспазіцыйная зала завяршаецца інфатэрміналам, на якім транслюецца дакументальная хроніка, у прыватнасці, кіначасопіс «Советская Беларусь». Кароткія сюжэты яшчэ раз прапануюць зазірнуць у перадваеннае жыццё Беларусі. А мы пераходзім у іншую залу, якая правядзе нас па дарозе вайны. Толькі пра гэта — у наступны раз.

Вераніка КАНЮТА, Сяргей КЛЮЦКІ, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Пачатак чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».