Вы тут

Выбіраем картку для ўнучкі з бабуляй


Карыстальнікі павінны дакладна ведаць аб працэнтах за зняцце наяўных і памеры платы за прагляд балансаў

У нашу рэдакцыйную пошту трапляе шмат разнапланавых пытанняў, якія тычацца безнаяўных разлікаў. Цяпер людзі ўжо не проста здымаюць са свайго рахунку грошы, а пачынаюць актыўна карыстацца рознымі сучаснымі паслугамі віртуальнага партманета. А пры знаёмстве з нечым новым узнікаюць сумненні. Сёння прапануем самыя актуальныя пытанні па гэтай тэме, на якія адказвае начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ Марына Роман.

26-451

— Хачу аформіць сваёй маме пенсійную картку. Яна жыве ў Рэчыцы. Якую картку лепш выбраць? — пытаецца Антон Бартуш з Мінска.

— Паколькі ваша мама пражывае на тэрыторыі нашай краіны, то найлепш аформіць пенсійную картку айчыннай платежнай сістэмы. Яна лакальная, а таму бяспечная ў выкарыстанні, а махляры з карткі БЕЛКАРТ красці грошы не будуць, бо не змогуць. У населеным пункце Рэчыца абавязкова прысутнічаюць рэгіянальныя аддзяленні Беларусбанка або Белаграпрамбанка. Можна звярнуцца ў любое з іх і аформіць пенсійную картку БЕЛКАРТ. З яе дапамогай можна кіраваць рахункам у банку. Аддалены доступ да рахунку з пенсійнай карткай нашай сістэмы значна спрашчае працэс атрымання пенсіі і дазваляе максімальна засцерагчы сябе ад магчымых спроб крадзяжу грашовых сродкаў. Акрамя таго, наша пенсійная картка прымаецца ва ўсіх гандлёвых арганізацыях, дзе ўстаноўлены тэрміналы для абслугоўвання банкаўскіх плацежных картак, а гэта азначае, што няма неабходнасці зняцця наяўных грашовых сродкаў для здзяйснення пакупкі. Пры гэтым у трымальніка пенсійнай карткі з'яўляецца магчымасць атрымання дадатковага даходу на сумы грашовых сродкаў, якія засталіся пасля здзяйснення пакупкі. Умовы абслугоўвання рахункаў у банку могуць прадугледжваць налічэнне павышаных працэнтаў на рэшткі грашовых сродкаў, якія захоўваюцца на рахунках атрыманай пенсійнай карткі.

— Ці магу я зрабіць свайму дзіцяці асобную банкаўскую картку?

Кірыл Муха, г. Слонім.

— Дзіцячую картку можа аформіць кожны з бацькоў. І замест наяўных кішэнных грошай у дзіцяці будзе электронны кашалёк. Ліміт папаўнення такой карткі, дазволеныя пакупкі і забарону на зняцце наяўных вы можаце вызначыць пры афармленні карткі ў банку. На рынку Беларусі да сваёй зарплатнай карткі, як правіла, грамадзяне выбіраюць дадатковую картку нацыянальнай плацежнай сістэмы. Гэта дзіцячая плацежная картка, спецыяльна прызначаная для выкарыстання дзіцем або падлеткам. Да 14 гадоў такая картка БЕЛКАРТ са спецыяльнай налепкай у выглядзе дзіцячай далонькі можа быць толькі дадатковай да рахунку бацькоў, а з 14 гадоў малады чалавек можа атрымаць асноўную картку да ўласнага рахунку. Аднак да 16 гадоў пры выдачы такога фінансавага прадукту патрабуецца дазвол афіцыйнага прадстаўніка дзіцяці, напрыклад, маці ці бацькі.

Важная перавага дзіцячай карткі ў тым, што, аформіўшы яе для свайго дзіцяці, вы цалкам можаце кантраляваць яго выдаткі, для гэтага трэба толькі падключыць SMS-апавяшчэнне. А што яшчэ больш важна — за безнаяўны разлік немагчыма набыць забароненыя рэчы, напрыклад, спайс. Іншымі словамі, такія кішэнныя грошы малы зможа траціць пад вашым аддаленым наглядам, — патлумачыла спадарыня Роман.

— Якія існуюць магчымыя камісіі пры разліках карткамі?

Святлана Рагойша,
г. Маладзечна.

— Разнастайных камісій існуе вельмі шмат. Аднак гэта не азначае, што яны штодня будуць пераследаваць трымальніка плацежнай карткі. Самая распаўсюджаная плата — за яе выпуск і абслугоўванне. На другім месцы — камісія за выдачу наяўных. Не забудзьцеся ўдакладніць у вашага банка, ці ёсць у яго партнёрскія праграмы з іншымі, у рамках якіх можна здымаць наяўныя бясплатна і ў банкаматах «чужых» банкаў. З камісіяй можна сутыкнуцца таксама пры праглядзе балансу і ў выпадку перакладаў грашовых сродкаў з карткі аднаго банка на картку іншай фінансавай установы. Такія паслугі, як інтэрнэт-банкінг і мабільны банкінг, прапануюцца бясплатна, а часам — з абаненцкай платай. Калі вы часта будзеце карыстацца нейкімі нестандартнымі паслугамі, напрыклад, выпіскамі або даведкамі па рахунку на фірменным бланку банка, раім загадзя ўдакладняць, ці вызначае фінансавая ўстанова плату за гэтыя паслугі і ў якім памеры.

— Якія бонусы прапануюць банкі трымальнікам ашчадных картак?

Аляксандр Сяляўка, г. Клецк.

— Перавага ашчадных картак у тым, што грошы з іх можна траціць практычна без абмежаванняў, не губляючы пры гэтым налічаных працэнтаў. У большасці выпадкаў прыбытковасць па падобнай картцы напрамую залежыць ад сумы астатку на рахунку. Чым большая рэшта — тым вышэйшая стаўка. Памятайце таксама, што рознымі банкамі практыкуюцца розныя алгарытмы налічэння працэнтаў. Удакладніць у вашым банку гэты нюанс і высветліць сітуацыю з налічваннем працэнтаў будзе нялішнім. І абавязкова спытайце, якім чынам вы зможаце папоўніць карт-рахунак і колькі складзе плата за такую паслугу. Калі вы збіраецеся захоўваць зберажэнні ў нацыянальнай валюце (асабліва калі гаворка ідзе пра буйныя сумы), варта выкарыстоўваць менавіта карткі нацыянальнай сістэмы, бо яны больш бяспечныя, чым карткі міжнародных плацежных сістэм, — упэўнена Марына Роман.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.