Вы тут

Балагол у пільчаку ды з цэшкай


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Сёння ўсе літаратурныя прыклады — з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа. Ці ведалі вы, што:

Пільча́к — кароткая вопратка з грубага сукна.

Відна і дзядзькава апратка,

пільчак і шапачка-аладка.

Брук — праезная частка вуліцы, укладзеная каменем.

Ідзе так дзядзька і па бруку,

адзін за дзесяць робіць груку.

Здор — нутраное свіное сала

Баіцца ён мужычым ботам,

Прапахлым дзёгцем, здорам, потам,

Тут наслядзіць або напляміць...

Цэ́шка — значок на форменнай шапцы, кукарда.

Тут дзядзька кроку падбаўляе

І пана з цэшкай наганяе.

Балаго́л (устарэлае слова) — чалавек, які перавозіць грузы на ўласнай фурманцы.

Грымяць павозкі, буды, колы,

Аж проста глушаць балаголы.

Сярмя́га — верхняе адзенне з даматканага сукна.

Усе такія надзіманы,

І хоць бы твар адзін рахманы

Або свой брат, мужык-трудзяга,

— Нідзе не свеціцца сярмяга.

Хоць ваўком вый — так кажуць пра цяжкае, безвыходнае становішча.

Яшчэ беларусы ўжываюць выраз «хоць гвалту крычы» і «хоць рэпку спявай». Рускія ў гэтым выпадку скажуць — «хоть плачь», «хоть караул кричи».

Блакітная кроў — так кажуць пра чалавека дваранскага паходжання. Яшчэ ў тым жа значэнні па-беларуску будзе «белая костка», па-руску — «голубых кровей». Наконт фразеалагізма «блакітная кроў» даследчыкі мяркуюць, што ён упершыню пачаў ужывацца ў іспанскай правінцыі Кастылія, дзе так называлі сябе людзі знатнага паходжання. Яны ганарыліся тым, што ніхто з іх продкаў ніколі не браў шлюб з маўрамі ці іншымі цёмнаскурымі людзьмі і што іх вены (як і ва ўсіх светласкурых людзей) прасвечваюць блакітным.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.