Вы тут

Не спяшайцеся і не лянуйцеся


Як выгадна купіць падгузкі?

Перад сучаснымі маладымі бацькамі адной з першых паўстае фінансавая праблема пошуку недарагіх, але якасных падгузкаў. Некалі выбіраць не было з чаго, а цяпер і вытворцаў, і гандляроў — проста безліч. На першы погляд можа падацца, што цэны надта не адрозніваюцца ў крамах, на рынку, пры куплі праз інтэрнэт. Але з уласнага досведу ведаю, што аднастайнасць прапаноў гэтага спецыфічнага прадукту толькі прывідная. Памятаючы пра нашы з жонкай «пакуты» і такі ж самы стан сяброў-аднагодкаў, я вельмі хутка зрэагаваў на недзе выпадкова пачутае пытанне-просьбу: «Дзе б гэта знайсці самыя выгадныя «памперсы»?».

26-46

Адразу скажу: адназначна заявіць, што вось у гэтай краме ці на гэтым сайце вы зможаце набыць падгузкі па самым выгадным кошце, немагчыма. Літаральна ўчора куплялі праз інтэрнэт па (на той час) самай нізкай цане патрэбныя нам «памперсы». А ўжо сёння заскочыў у адну краму і знайшоў на зніжцы той жа тавар па яшчэ больш прывабным кошце, хаця раней жонка заходзіла туды ж і ніякіх зніжак не было. Розніца невялікая — 4 тысячы. Але, калі браць некалькі пачкаў (што часцей за ўсё і адбываецца) — ужо адчувальна.

Таму давайце проста пастараемся высветліць, якія акалічнасці могуць уплываць на цану і як дзейнічаць, каб знайсці самы прывабны варыянт.

Калі ад малога не адысці

Муж кожны дзень на працы. Жонка праз тыдзень пасля родаў сам-насам з дзіцем, якое кожныя дзве-тры гадзіны патрабуе малачка. Карціна не новая і шмат каму знаёмая. У гэтым выпадку хадзіць па крамах у маладых бацькоў часу асабліва няма. Ды і ў гэтыя самыя першыя дні можна яшчэ не паспець вызначыцца з фірмай, падгузкі якой будуць падыходзіць вашаму малому. Таму з самага пачатку не набывайце вялікія пачкі — штук на 25-30 вам хопіць на пяць дзён (па 4-6 «памперсаў» у дзень). І калі дзіцяці нешта не спадабаецца, не шкада дзясятак падгузкаў выкінуць ці аддаць знаёмым, у каго малое да іх ставіцца нармальна.

Праз тыдзень-другі, калі вызначыцеся з фірмай, можна пашукаць выгадныя прапановы ў вялікіх эканамічных упакоўках. На маё шчасце, я ў такі перыяд патрапіў на неблагія зніжкі і набыў самыя якасныя і звычайна дарагія падгузкі па цане, якая была ніжэйшай за ўсе астатнія. Дагэтуль больш не сустракаў такіх прапаноў. Але гэта ў мяне быў час з'ездзіць па іх. Часцяком мужчыне немагчыма вырвацца з працы, а жонка ўжо і не памятае, дзе тыя крамы знаходзяцца. У такой сітуацыі дапаможа інтэрнэт.

Тут ёсць два шляхі. Па-першае, можна прагледзець сайты, дзе публікуюцца прыватныя абвесткі. Там часам можна знайсці тое, што табе патрэбна, за нармальныя грошы. Многія купляюць у запас. А як дзіця вырастае, пачынаюць прадаваць. Аднак ёсць недахоп — ехаць па тавар давядзецца тату (хаця дамовіцца можна на любы зручны час). Па-другое, ёсць шмат інтэрнэт-крам, якія таксама могуць прапаноўваць неблагія варыянты і бясплатную дастаўку пры буйной пакупцы. Гэта самы зручны шлях, бо «памперсы» прывязе маме дадому кур'ер. А некаторыя крамы настолькі прасунутыя, што нават прымуць аплату карткай. Дарэчы, па такой схеме працуюць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй Беларусі.

Падраслі — на шпацыр

Калі малы больш прывыкне да жыцця ў нашым мітуслівым свеце і шпацыр па вуліцы не будзе абмежаваны бояззю пераахаладзіць немаўля, мамы становяцца самымі заўзятымі пакупнікамі. Такія «выхады» спалучаюць у сабе элементы шоп-тура і традыцыйнай прагулкі — звычайна знойдзецца нейкая сяброўка з дзіцем, якая з задавальненнем зачэпіцца языком і купіць сёе-тое ў краме.

Пры такім раскладзе больш выгадна пашукаць у магазінах розныя акцыі і зніжкі, каб не пераплачваць. Як правіла, больш танна будзе ў спецыялізаваных крамах — дзіцячых ці «гігіенічных». Аднак звычайныя дыскаўнтары раз-пораз таксама «выстрэльваюць». Раю не баяцца ўзяць нешта на будучыню. Цэны маюць схільнасць да росту, а «памперсы» — тавар, які можа доўга ляжаць і не псавацца. Акцыя можа быць не на той памер, што патрэбны зараз, а на большы. Малы хутка будзе расці — таму не бойцеся прыкупіць вялікае. Такая тактыка можа сэканоміць значную суму грошай. Улічваючы, што ў кожнай калысцы ёсць вялікі кошык, то прынесці пакупку дадому не цяжка. І старайцеся браць вялікімі пачкамі — гэта практычна заўжды больш выгадна, калі пералічыць па кошце кожнага падгузка.

Забегчы на рынак таксама няблага. Але там пашчасціць толькі ў тым выпадку, калі знойдзеце адэкватнага прадаўца. У такіх месцах любяць завінчваць цэны — маўляў, усё роўна купяць. Адзінкі працуюць па іншай стратэгіі — стаўка на пастаянны попыт і абарот пры больш нізкім кошце.

А яшчэ не палянуйцеся зайсці на розыя спецыялізаваныя выставы (іх сёння бывае шмат). Нават калі нічога там не купіце, вам могуць прапанаваць некалькі штук розных падгузкаў на пробу з рэкламнымі мэтамі. Гэта можа дапамагчы ў пошуку больш таннага варыянта без страты якасці.

Свой сярод чужых

Яшчэ адзін фактар, які часам значна ўплывае на цану, — вытворца. На нашым рынку часцей за ўсё можна сутыкнуцца з імпартнымі «памперсамі» расійскай, польскай і японскай вытворчасці. Ёсць і адзін айчынны брэнд.

Японскія, напрыклад, ніколі не браў. Яны не вельмі «раскручаныя», таму і цэны на іх могуць быць ніжэйшымі, але я гэтага не заўважыў. З іншымі, больш папулярнымі фірмамі, сітуацыя наступная: адны і тыя ж брэнды, але рознай краіны-паходжання адрозніваюцца ў цане на 10-11%. Шчыра кажучы, я купляў і расійскія, і польскія. Па якасці ніякай розніцы не заўважыў.

Беларускі брэнд на пэўны час стаў для нас вельмі прыемнай знаходкай. Падгузкі былі не горшыя за іншыя «прасунутыя» маркі, а па кошце адрозніваліся значна. Аднак праз пару месяцаў цэны змяніліся і стала больш выгадна купляць іншыя. Але ж сітуацыя заўсёды можа памяняцца.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Калі вы хочаце жыць эканомна і адначасова годна, уздымайце актуальныя пытанні праз нашу рэдакцыю. Тэлефануйце і пішыце нам — і мы пастараемся вам дапамагчы.

Звязацца з карэспандэнтамі можна па тэлефонах: 8 (017) 2923802 і 8 (017) 2871751, а таксама па электроннай пошце: іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу (з пазнакай «Для аддзела эканомікі»).

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.