Вы тут

«Госці з будучыні» — трыццаць


25 сакавіка 1985 года ў СССР пачаўся паказ пяцісерыйнага тэлефільма Паўла Арсенава «Госця з будучыні», знятага паводле аповесці вядомага пісьменніка-фантаста Кіра Булычова «Сто гадоў таму наперад», якая ўваходзіць у цыкл пра школьніцу канца XXІ стагоддзя Алісу Селязнёву.

26-5

Для амаль усіх цяперашніх гледачоў, каму 35 гадоў і больш, гэты серыял у 1985-м стаў адным з першых паглыбленняў у серыяльную кінапрастору і ледзь не галоўным дзіцячым тэлефільмам пакалення. А цяпер — магчымасцю здзейсніць настальгічнае падарожжа ў савецкае дзяцінства, поўнае сонечнага святла і прыгод, якія заўсёды павінны заканчвацца добра.

Алісу савецкія дзеці ведалі і да «Госці» — творы Кіра Булычова і самі па сабе былі досыць папулярныя, а ў 1981 годзе выйшаў выдатны мультфільм Рамана Качанава «Таямніца трэцяй планеты». Але ў фільме гледачы ўбачылі зусім іншую Алісу — мілую дзяўчынку з незямнымі вачыма. У 12-гадовую маскоўскую школьніцу Наташу Гусеву ўжо да канца першай серыі закахаліся ўсе хлапчукі. Яна атрымлівала тоны лістоў, ёй прысвячалі вершы — увогуле, яе можна было назваць сапраўднай кіназоркай. Дзіўна, што «культ Алісы» не дапамог Наташы стаць прафесійнай актрысай. Дзяўчынка знялася ў некалькіх фільмах, але ўрэшце стала біяхімікам.

Цікавыя факты пра фільм

Наталля Гусева сыграла Алісу Селязнёву яшчэ ў адным фільме Паўла Арсенава — «Ліловы шар».

Прычоска і адзенне робата Вертэра паўтарае знешняе аблічча андроідаў з італьянскага фантастычнага баевіка 1978 года «Вайна робатаў».

З машынай часу звязаны самыя перадавыя для савецкага кіно на той момант відэаэфекты. Маланкі, вясёлкі, зоркі і контурныя лініі, якія суправаджалі падарожжа Колі ў часе — усё гэта рабілася ўручную. Аптычныя эфекты ствараліся ў лазернай лабараторыі, здымаліся на плёнку, а затым кадры складаным спосабам камбінаваліся. На стварэнне аднаго такога кадра патрэбен быў у лепшым выпадку месяц.

Дэкарацыю касмічнага заапарка пабудавалі ў Гаграх, але наступіў лістапад, падняўся вецер, пайшлі дажджы, і дэкарацыю здзьмула. Наступным летам яго здымалі ў раёне Батанічнага саду. А ў Гагры з Масквы «ўхаластую» звазілі дрэсіраванага казла, які ў карціне размаўляў. Прычым дырэктара фільма, які яго вёз, у купэ не пускалі, і яны ехалі ледзь не ў таварным вагоне. У выніку яго не здымалі і адвезлі назад. Казёл, між іншым, вельмі любіў папяросы «Беламорканал» і мог есці іх пачкамі.

У момант працы міелафон пераліваецца рознымі колерамі і выдае меладычны гук. Гэты гук быў створаны ў выніку пройгрышу Першага канцэрта Чайкоўскага на вялікай хуткасці.

Аднымі з самых уражлівых эпізодаў фільма сталі кадры, у якіх з'яўляюцца фліпы — кабінкі, якія лётаюць. Іх зрабілі ў Літве, пяць штук, кожная каштавала каля 5 000 рублёў, а падчас здымак мацавалі ў кузаве грузавікоў на спецыяльныя канструкцыі.

Любімыя фразы з фільма

— Аліса, міелафон у мяне!

— Альфу Цэнтаўра ведаеш? Тамтэйшыя мы...

— Ды я ж кажу — я па кефір пайшоў, а тут піраты...

— Ты што там, з казламі адкрыта гаварыў?

— Ну, мымра старая, ты ў мяне яшчэ пашкадуеш!

— А ты кефір мясцовы каштаваў?

— Малайчына! Сядзі, чытай.

— А хочаш «жыгулі»? Уяўляеш, такі маленькі, а ўжо «жыгулі»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?