Вы тут

Тэрапеўт па выкліку, або Калі ўрачу страшна за СВАЁ жыццё


Я не часты госць у паліклініцы. Тым не менш не так даўно тэмпература прывяла на прыём да тэрапеўта. Перш чым трапіць за дзверы, пад якімі хворых — няма куды пеўню дзюбнуць, давялося прасядзець у чарзе амаль дзве гадзіны. Ды і праз тры дні, каб закрыць выдадзены бальнічны — ніяк не менш. Хоць малады тэрапеўт сказаў прыйсці ў пэўны час, абяцаў, што з пяці да шасці вечара ён будзе прымаць выключна па бюлетэнях... Яшчэ раз ісці ў паліклініку па бальнічны, як вы разумееце, я не гару жаданнем...

26-26

Чаго толькі не пачула пра ўрачоў, пакуль сядзела ў чарзе. Даходзіла да камічнага. Гаваркая бабулька, пакуль чакала сваёй чаргі, уголас скардзілася на тое, што ўрач марудна прымае пацыентаў, маўляў, «што там так доўга можна рабіць». Калі ж сама выйшла з кабінета, пачала наракаць, што занадта мала ўвагі ўдзяліў ёй «маладзенькі доктар»...

Усе, як адзін, у той чарзе думалі толькі пра сябе. І ніхто пра хворага суседа, а тым больш пра таго «беднага» доктара. А ці сапраўды мы, пацыенты, заўсёды такія «белыя і пушыстыя»? Задумацца над другім бокам медаля, «залезці ў шкуру» спецыяліста ў белым халаце дапамагла выпадковая спадарожніца, з якой на днях ехалі ў адным вагоне.

Алена скончыла Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, інтэрнатуру. І вось ужо амаль год працуе ўрачом-тэрапеўтам у гарадской паліклініцы. Лячыць людзей дзяўчына марыла з дзяцінства, але ўжо паспела расчаравацца ў выбранай прафесіі. Прычым зрабіць гэта прымусіла нават не маленькая зарплата, а асобныя пацыенты...

— У паліклініцы чэргі на прыём да тэрапеўта заўсёды вялікія. Пацыенты канвеерам ідуць, таму нават выпіць гарбаты з булачкай нерэальна. Што тут казаць, нават у прыбіральню людзі праводзяць урача асуджальным поглядам, маўляў, колькі можна хадзіць, мы ж тут чакаем. Але, як правіла, у паліклініцы пацыенты паводзяць сябе стрымана, паважліва. А вось калі выклікаюць урача на дом, дык дазваляюць сабе лішняе: могуць і трохпавярховым матам абкласці, і абразіць, і нагрубіць. Нават элементарны «дзякуй» не кажуць. Часам мне здаецца, што я скончыла не медуніверсітэт, а вучылішча, ці працую пасудамыйкай, — уздыхае маладая доктарка. — Акрамя таго, нямала сярод пацыентаў-«надомнікаў» п'яных, неадэкватных, агрэсіўных. Працую менш за год. Але ўжо было некалькі сітуацый, калі насамрэч спужалася за сваё жыццё. Прыходжу па чарговым выкліку, званю ў дзверы. Адчыняе пажылы мужчына ў махровым засаленым халаце. На сцяне — плакат з голай жанчынай. На падлозе трохлітровы слоік з жоўтай вадкасцю, у кватэры цяжкі запах мачы. Пакуль я распытвала пацыента, на што той скардзіцца, ён пранізліва глядзеў на мяне. Палезла ў сумку па ручку, падымаю вочы, а ён адхінуў крысо халата і стаіць як маці нарадзіла. Я не падала віду, што спужалася. Зрабіла выгляд, быццам нічога не здарылася і пачала ветліва развітвацца, набліжаючыся да дзвярэй. Яны былі замкнутыя. Але, на маё шчасце, ключ гаспадар пакінуў у дзвярах...

Дарэчы, што тычыцца мачы, то чатыры гады таму мне, у ліку іншых журналістаў, давялося прысутнічаць на судовым працэсе з удзелам Аляксандра К. Мужчына з цынізімам выліў два паўлітровыя слоікі з мачой на галаву галоўнага ўрача. Тым самым прынізіў яго гонар і годнасць. Той пацыент, дарэчы, прызнаны псіхічна хворым і адпраўлены судом Маскоўскага раёна Мінска на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку.

— Другі раз я пачала развітвацца з жыццём, калі прыйшла праведаць ляжачую пацыентку, хворую на анкалогію, — працягвае свой аповед Алена. — Урача на дом выклікаў яе ВІЧ-інфіцыраваны сын, які стаіць на ўліку ў наркадыспансеры. Малады чалавек быў дома не адзін, а з сябрамі, на падлозе валяўся шпрыц. Калі я агледзела яго маці і збіралася пайсці, ён засланіў сабой дзверы і здзекліва-пагрозліва прамовіў: «Ну што, зая, выпішы трамадольчык». Я сказала, што не маю права нічога выпісваць, спакойным голасам параіла яму звярнуцца да свайго нарколага. Усё, дзякуй Богу, скончылася добра. Але ў той момант, калі шчыра, у мяне перад вачыма паспела прамільгнуць іголка, якой ён спрабуе мяне ўкалоць...

Часам даводзіцца сутыкацца і з адкрытым нахабствам. Напрыклад, аднойчы маці выклікала ўрача на дом, бо сыночак захварэў. Як высветлілася, яе крывіначцы ажно 24 гады, і ніякай тэмпературы ў яго не было. Проста на працу не хацеў ісці, і патрэбна была афіцыйная прычына. Калі я адмовілася выпісаць бальнічны, дык тая маці пагражала, што будзе пісаць скаргі на мяне, маўляў, я «зялёная», нічога не разумею...

Алена прызналася, што пасля падобных сітуацый страшна званіць у незнаёмыя дзверы, бо ніколі не ведаеш, што чакае за імі. Разам з тым яна не мае права праігнараваць выклік... Нават калі страшна.

— Мама хвалюецца... Яна жыве за 300 кіламетраў, кожны вечар тэлефануе, каб пераканацца, што я ўжо вярнулася дадому з працы. А паскардзіцца няма каму... Падышла неяк раз да галоўнага ўрача, дык яна параіла браць з сабой медсястру на сумніўныя выклікі. Але чым яна мне дапаможа? Калі што, дык і міліцыю не паспееш выклікаць...

У дзень па 11 візітаў можа быць, і толькі 1-2 па сутнасці. Таму лічу, што трэба зрабіць выклік на дом урача платным, асабліва для алкаголікаў і наркаманаў. Ці хаця б вызначыць ліміт бясплатных выклікаў — напрыклад, два разы на месяц. А пасля за кожны візіт браць, напрыклад, па 10 тысяч. Тады не выклікалі б без нагоды. Бо часта прыходзіш, а тэмпературы і след прастыў альбо невялікая. Людзі не ідуць у паліклініку, бо проста не хочуць сядзець у чарзе.

Калі праходзіла практыку ў бальніцы хуткай дапамогі, таксама шмат было неабгрунтаваных выклікаў. Не раз прыязджалі ў вясёлую кампанію, дзе ўсе «пад шафэ». Нап'юцца, а тады «паміраюць». А колькі абраз даводзілася чуць у свой адрас, прычым не толькі ад нецвярозых пацыентаў, я ўжо маўчу...

Дарэчы, на адной з падстанцый хуткай медыцынскай дапамогі Мінска праводзіцца эксперымент: з 12 студзеня гэтага года медработнікі выязджаюць на выклікі з дыктафонамі і вядуць запіс размовы з пацыентам і яго сваякамі. Міністэрства аховы здароўя лічыць, што гэта дапаможа кантраляваць свае эмоцыі як адным, так і другім, павысіць адказнасць за сказаныя словы. А запіс, што будзе захоўвацца ў базе, дапаможа разабрацца ў канфліктных сітуацыях, якія, на жаль, перыядычна ўзнікаюць паміж урачом і пацыентам...

Надзея ПАЎЛАВА.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.