Вы тут

У пацыентаў ёсць і абавязкі


Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Галіна КРАЎЧУК тлумачыць, якім чынам мы можам атрымаць своечасовую медыцынскую дапамогу, у тым ліку на даму, а таксама нагадвае, што паводле закона «Аб ахове здароўя», грамадзяне абавязаны паважліва ставіцца да медыцынскіх работнікаў і выконваць рэкамендацыі ўрача.

Там, дзе жывём

Медыцынскую дапамогу ў нас можна атрымаць па месцы рэгістрацыі і фактычнага пражывання. Грамадзяне, не зарэгістраваныя ў раёне абслугоўвання паліклінікі, замацоўваюцца для гэтага за амбулаторнымі дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя па месцы жыхарства або месцы знаходжання. Гэта прадугледжана згаданым законам. Акрамя таго, атрымаць меддапамогу можна і па месцы работы ці службы — пры наяўнасці ведамасных арганізацый аховы здароўя.

Участковы прынцып

Амбулаторна-поліклінічныя ўстановы працуюць па ўчастковым прынцыпе — за імі замацаваны пэўныя тэрыторыі, падзеленыя ў сваю чаргу на тэрытарыяльныя ўчасткі. Участкі фарміруюцца ў залежнасці ад колькасці насельніцтва. За кожным участкам замацаваны ўчастковы ўрач і ўчастковая медсястра.

Мяркуецца, што ўрачэбныя ўчасткі ствараюць спрыяльныя ўмовы для эфектыўнай лячэбна-прафілактычнай работы. Насельніцтва такім чынам атрымлівае меддапамогу ў аднаго і таго ж урача, урач назірае за адным і тым жа кантынгентам. Участковы ўрач мае магчымасць ведаць хворага, яго сям'ю, сачыць за здароўем тых, хто пражывае на ўчастку, разглядаць захваральнасць у цеснай сувязі з канкрэтнымі ўмовамі працы і побыту.

Пры фарміраванні ўчасткаў улічваецца колькасць насельніцтва, працягласць участка, тып забудовы, аддаленасць ад паліклінікі, транспартная даступнасць.

І не адмовіш

Выклікаць участковага тэрапеўта на дом можна па тэлефоне або пры асабістым звароце ў рэгістратуру. Прыняты выклік запісваецца ў журнале рэгістрацыі выклікаў урача на дом. Запаўняюцца час выкліку, прозвішча, імя і імя па бацьку пацыента, дата нараджэння, хатні адрас, хатні тэлефон, наяўнасць дамафона, нагода для выкліку. У працоўныя дні сталічныя паліклінікі прымаюць выклікі на дом з 7.00 да 19.30. Па суботах з 8.30 да 17.30 восенню-зімой, з 8.30 да 14.30 — вясной-летам. Для абслугоўвання выклікаў арганізавана работа дзяжурнага тэрапеўта.

Наведванні на даму ўрачамі-спецыялістамі праводзяцца толькі па заключэнні ўчастковага тэрапеўта. Лабараторныя абследаванні на даму таксама прызначае ўчастковы ўрач або ўрач-спецыяліст пасля агляду. Для паляпшэння меддапамогі хворым, якія пакутуюць ад вострых і хранічных захворванняў і па стане здароўя не могуць наведваць паліклініку, праводзяцца патранажы ўрача і медсястры з арганізацыяй стацыянара на даму.

Рэгістратар, які фіксуе зварот пацыента, спрабуе, вядома, высветліць, чаму патрабуецца дапамога, ці ёсць падставы для выкліку на дом, аднак калі пацыент хоча, каб медработнік завітаў з візітам, то адмовіць яму нельга. Існуючы нарматыў — 5-6 чалавек у дзень на ўрача (да 30 хвілін на аднаго «хатняга» пацыента), па сутнасці, не вытрымліваецца. Зноў жа, па прычыне таго, што пацыенту нельга адмовіць. Так што, калі ў нейкі зімовы дзень выкліку на дом запросяць 25 грамадзян, давядзецца дайсці да кожнага.

У складаных сітуацыях, калі неабходна нанесці візіт чалавеку, які знаходзіцца ў неадэкватным стане (скажам, нападпітку) і раптам адмаўляецца адчыніць дзверы, урач не можа развярнуцца і пайсці без агляду. Калі раптам што-небудзь здарыцца са здароўем гэтага пацыента ў дзень няздзейсненага выкліку на дом, медработнік будзе несці адказнасць. Таму неабходна шукаць спосаб пранікнуць у кватэру, хоць бы і з міліцыянерам. Ніякіх спецыяльных мер па абароне медыцынскіх работнікаў не прадугледжана.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.