Вы тут

Экран нашай памяці


Аўтар, прадзюсар і кіраўнік праекта «Адваротны адлік» ведае, як зрабіць гісторыю захапляльнай

Зрэшты, сам Уладзімір Бокун сцвярджае, што ніякага асаблівага сакрэту ў поспеху праекта, які ўжо сёмы год штотыднёва выходзіць на тэлеканале АНТ, няма. Трэба проста любіць сваю гісторыю, цікавіцца ёй, глыбока «капаць» тэму і адчуваць драматургію сюжэта. А на пытанне пра галоўныя мэты і задачы гэтай маштабнай працы адказвае сцісла: «Дапамагчы сучаснікам зразумець мінулае, яго ўрокі і памылкі».

Уладзімір Бокун — далёка не навічок як у дакументалістыцы, так і на тэлебачанні наогул. На «тым баку» блакітнага экрана Уладзімір Віктаравіч з'явіўся больш як 50 гадоў таму: спачатку ў дзіцячай студыі пры Белтэлерадыё, потым — пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута — як рэжысёр на «Тэлефільме»; ён супрацоўнічаў з рознымі тэлекампаніямі, 10 гадоў быў мастацкім кіраўніком кампаніі «ФІТ», а з 2003 года стварыў уласную творчую майстэрню.

26-10

— Наогул, маё жыццё на тэлебачанні падзелена на праекты. Доўгі час у мяне быў праект «Лёс чалавека», які вялі некалі Сяргей Журавель, Мікалай Пінігін, потым Аляксандр Суцкавер... Я лічу, дарэчы, што гэты праект да канца не вычарпаў сябе, таму што цікавых лёсаў цікавых людзей вельмі шмат. Але на момант сыходу з «ФІТ» я думаў пра тое, каб зрабіць гістарычны праект, прычым такі, які быў бы цікавы тэлебачанню. У 1991-92 гадах, яшчэ ў якасці рэжысёра, я зрабіў трылогію, мабыць, самую важную ў сваім жыцці — «Афіцыйная версія — самагубства»: тры фільмы пра выдатных дзеячаў беларускай культуры — Усевалада Ігнатоўскага, Змітра Жылуновіча і Янку Купалу, якія пашлі з жыцця пры нявызначаных, даволі цьмяных абставінах... І ўжо тады я зразумеў, што гістарычнае кіно — вельмі магутны патэнцыял для тэлебачання. Самае складанае тут — займальна распавесці матэрыял.

Таму што гістарычных фактаў у нас маса, можна ўзяць падручнік гісторыі таго ж Доўнар-Запольскага, пачытаць і даведацца значна больш пра беларускую гісторыю. Але для таго, каб зрабіць фільм, запатрабаваны ў масавага гледача, патрэбна, вядома, вельмі моцная каманда і амбіцыйнае імкненне расказаць пра гэта цікавай, сучаснай мовай.

Як аказалася, зрабіць гісторыю фарматнай можна. Для гэтага трэба не проста выкладаць факты, як у падручніку, а ствараць драматургію. Як толькі ў цябе атрымліваецца з асобных фактаў стварыць інтрыгу, гісторыя літаральна ажывае і захоплівае. Хоць, не буду адмаўляць, гэта сапраўды вельмі складана. Праект «Адваротны адлік» распрацоўваўся больш як паўгода з моманту, калі цяперашні намеснік старшыні АНТ Сяргей Хоміч (дарэчы, сам гісторык па адукацыі) прапанаваў паспрабаваць нам распрацоўваць гэту тэму — да стадыі гатовага да вытворчасці фармату.

— Вядома, — адзначае Уладзімір Бокун, — падчас працы фармат «Адваротнага адліку» некалькі разоў змяняўся, і ўнутры праекта з'явіліся свае падпраекты, своеасаблівыя адгалінаванні. Напрыклад, цыкл «Жыццё па-савецку»: «Каханне па-савецку, ці У нас сексу няма!», «Фазэнда па-савецку, ці Запаветныя соткі», «Новы год па-савецку, ці Выпрабаванне аліўе», «Парфума па-савецку» і іншыя фільмы гэтага кірунку зроблены ў крыху іншай, лягчэйшай, нават гумарыстычнай стылістыцы. Яшчэ адно адгалінаванне — фільмы, прысвечаныя спорту і гісторыі алімпійскага руху.

[caption id="attachment_76962" align="alignnone" width="600"]26-9 Кадр з фільма «Хро­ні­кі Мінск­ага ге­та».[/caption]

— Для большасці з нас гісторыя заканчваецца ў выпускных класах школы, у лепшым выпадку ў ВНУ. І далёка не ўсе перачытваюць у вольны час нават вельмі добра напісаныя мемуары і даследаванні гісторыкаў. Адкуль жа да вас у майстэрню прыходзяць новыя аўтары, сярод якіх, наколькі я ведаю, шмат моладзі?

— Наогул, аўтары — гэта самая вялікая праблема і самы вялікі дэфіцыт у нашай справе. Па-першае, каб зразумець фармат і пачаць у ім працаваць, нават прафесіяналам патрабуецца даволі шмат часу. Трэба сабраць досыць вялікую базу матэрыялаў і потым яе не проста выкласці, а перадусім збудаваць, каб была тая самая драматургія, напруга і інтрыга. Я заўсёды мучаю аўтараў пытаннем: «У чым ідэя? Пра што ты хочаш сказаць?». Як правіла, ідэю блытаюць з тэмай і пачынаюць мне апавядаць — маўляў, фільм пра лётчыкаў Першай сусветнай. Не, гэта тэма. А падаць яе можна па-рознаму, і на адным і тым жа матэрыяле дзесяць прафесійных аўтараў створаць 10 непадобных гісторый. Па-другое, аўтар павінен разумець, што такое ўласна драматургія, ведаць яе законы. А ў нас атрымалася, што ў сярэдзіне 90-х, калі прафесійныя аўтары былі не запатрабаваны, шмат хто з іх з'ехаў з краіны. І калі рэжысёрская школа захавалася, то аўтарская не тое каб разбурана, аднак страчана пераемнасць. І многім даводзіцца вучыцца ўжо падчас працы. Але з сапраўднымі прафесіяналамі, як, скажам, Барыс Герстэн, Таццяна Сухоцкая, працаваць — адно задавальненне, таму што яны яшчэ да пачатку працы над сцэнарыем ужо знаходзяцца ў тэме. Акрамя маладых журналістаў, прыходзяць гісторыкі, таксама мы шчыльна супрацоўнічаем з Акадэміяй мастацтваў.

Калі аўтары дакументальных фільмаў у дэфіцыце, то рэжысёрская школа дакументалістаў, па словах Уладзіміра Бокуна, у нас добра развітая, і пераемнасць пакаленняў не перапынілася. Маладое пакаленне ў «Адваротным адліку», напрыклад, годна прадстаўляюць Настасся Мірашнічэнка, якая толькі летась скончыла акадэмію мастацтваў, і Вераніка Бандаровіч з вельмі ўдалым дэбютным фільмам пра генацыд цыган падчас Вялікай Айчыннай вайны... А ёсць і тыя, хто працуе з самага пачатку: так, Людміла Клінцова зрабіла самы першы фільм «К-19. Час герояў» і зняла, напэўна, больш за ўсіх фільмаў у рамках праекта. З ліку сталых рэжысёраў таксама Андрэй Лескін і Уладзімір Луцкі, які пасля працы ў Маскве вярнуўся на радзіму.

— Ведаеце, што самае страшнае для стваральнікаў фільма? — азадачвае пытаннем Уладзімір Бокун. — Калі ты бярэш пэўную тэму ці героя, а фільм атрымліваецца менш годным, чым сам герой. Часта маладыя аўтары прыходзяць і кажуць: маўляў, давайце зробім фільм пра Марка Шагала ці пра Янку Купалу. Тут аўтару і рэжысёру трэба зразумець простую рэч: для таго, каб стварыць фільм пра гэтых людзей, трэба, каб вы як аўтар знаходзіліся на ўзроўні Янкі Купалы-паэта ці Марка Шагала-мастака. Інакш атрымаецца дыскрымінацыя героя, гэткі самапіяр: «Я і Шагал». Калі падобнае адбываецца — гэта бяда. Спадзяюся, што ў нас усё ж атрымліваецца не толькі замахвацца на вялікія тэмы, але і спраўляцца з імі. Напрыклад, той факт, што ў кастрычніку 2013 года на канале RTVІ у нас адбылася сусветная прэм'ера «Хронікі Мінскага гета», а кіраўніцтва тэлеканала зняло ўсю камерцыйную рэкламу перад, пасля і ўнутры фільма — гэта для мяне вельмі шмат значыць. Помню, увесь той дзень нам тэлефанавалі і пісалі з розных краін гледачы, расказвалі, як яны ўражаны, рабілі мноства цікавых прапаноў, але самае галоўнае — што для многіх гэты фільм стаў адкрыццём, бо вялікай, поўнай карціны таго, што з сябе ўяўляла Мінскае гета, да таго моманту не існавала...

[caption id="attachment_76961" align="alignnone" width="600"]26-8 Кадр з фільма «Паляванне на Радзівілаў».[/caption]

— Некаторыя фільмы «Адваротнага адліку» відавочна ледзь змяшчаюцца ў адведзены хронаметраж і так і напрошваюцца на развіццё ў вялікае кіно. Ці ўзнікалі ў вас такія ідэі?

— Так, мы нават некалькі разоў пачыналі працаваць над сцэнарыямі поўнаметражных фільмаў. Прынамсі, дзве такія выразныя спробы былі. Адна датычылася знакамітага джазмена Эдзі Рознера (гэта яўрэйскі музыка, уцякач з Польшчы ў 1939 годзе ад нацысцкага пераследу, які знайшоў у Беларусі другую радзіму) — у нас гатовая заяўка на 10 серый паўнавартаснага кіно. Другая — пра Мірскую іешыву (школу рабінаў, што была закрыта ў 1940 годзе). Апошні з названых праектаў наогул мог бы стаць міжнародным, з удзелам і японцаў (таму што менавіта японскі пасол Ігіхару дапамагаў уцекачам атрымаць візы), і палякаў (якія засталіся ў Каўнасе і штампавалі візы, каб навучэнцы маглі праз увесь СССР трапіць у Японію, а адтуль вярнуцца кожны на сваю радзіму), і літоўцаў, і беларусаў, і ізраільцян, і нават прадстаўнікоў ЗША, таму што менавіта ў Амерыцы і ў Іерусаліме цяпер ёсць дзве Мірскія іешывы, якія захавалі назву нашага мястэчка...

Наогул, напэўна, кожны месяц у рамках праекта выходзяць фільмы, якія маглі б стаць асновай для ігравога кіно. Але для таго, каб вырабляць поўнаметражнае кіно, нам трэба цалкам перабудавацца, і тады я страчу «Адваротны адлік», таму што немагчыма адначасова якасна займацца тым і другім. У мяне быў досвед стварэння ігравых серыялаў — сітком «Паскораная дапамога», які, дарэчы, у свой час атрымаў прэстыжную ўзнагароду на фэсце тэлесерыялаў у швейцарскім Монтрэ; быў «Паром» паводле Караткевіча, кароткаметражка «Сон»... І я разумею, што ўпіраюся ў абмежаванасць уласнага чалавечага рэсурсу — каб пайсці ў ігравое кіно, усё астатняе трэба цалкам пакінуць, а гэтага пакуль не атрымліваецца.

— «Адваротны адлік» некалькі разоў быў адзначаны на Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня», і практычна кожны год прывозіць узнагароды з розных міжнародных фестываляў. Трымаць настолькі высокую планку — задача не з лёгкіх...

— Сапраўды, за час існавання праекта мы тройчы атрымлівалі ўзнагароды «Тэлевяршыні» ў намінацыі «Лепшы дакументальны фільм». Да таго ж амаль кожны год у нас былі і іншыя намінацыі — «Лепшы рэжысёр», «Лепшы сцэнарыст». Трохі ведаючы механізм размеркавання прызоў, я разумею, што трэба зрабіць нешта зусім неверагоднае, каб заваяваць чарговую ўзнагароду, таму што ахвотнікаў у гэтай катэгорыі больш чым дастаткова. Для мяне сапраўды вельмі важна прафесійнае прызнанне. І вельмі каштоўны першы прыз, атрыманы летась на фестывалі гістарычнага і ваеннага кіно ў Варшаве — «Залатая шабля». Мы першы раз прымалі ўдзел у гэтым прэстыжным форуме з фільмам «Хронікі Мінскага гета» — і адразу ўзялі ўзнагароду за лепшы дакументальны фільм. Напэўна, гэта ўвага з боку профі — пацвярджэнне таго, што мы рухаемся ў правільным кірунку.

А яшчэ, расказвае Уладзімір Віктаравіч пад вялікім сакрэтам, пацвярджэннем таго, што кірунак выбраны правільны, могуць служыць некаторыя здарэнні, якія інакш як містыкай не назавеш. «Узяць хоць бы фільм «Монтэ-Касіна. Доўгі шлях дадому». Калі мы задумалі яго зрабіць і вырашылі, што трэба абавязкова паехаць у Італію, правесці здымкі на тым самым месцы — у той жа дзень я знайшоў у дамашняй паштовай скрыні паштоўку аднекуль з-за мяжы. Адкрываю — а на паштоўцы Монтэ-Касіна, унізе — разбураны, уверсе — ранейшы выгляд. Шчыра кажучы, у першы момант валасы заварушыліся на галаве... Аказваецца, гэта італьянка, з якой мы былі знаёмыя па ранейшых дакументальных праектах, вырашыла даслаць гэту паштоўку як напамін аб сабе. І такіх момантаў мноства».

— Калі гаворка ідзе пра «доўгаіграючыя» праекты, з аднаго боку, радасна, што пэўныя тэмы «зачапілі» гледача на шмат гадоў, а з другога, з некаторай асцярогай думаеш пра перспектывы. «Адваротнаму адліку» ёсць куды рухацца?

— Магу хіба толькі паўтарыць услед за бравым салдатам Швейкам: «Хай будзе так, як будзе, таму што ніколі яшчэ не было, каб ніяк не было — заўсёды як-небудзь ды было». Што будзе заўтра, што будзе паслязаўтра — ніхто з нас не ведае, бо, магчыма, Аннушка ўжо разліла алей... Тыя, хто жадае працаваць, знаходзяць новыя тэмы, дэфіцыту іх мы не адчуваем. Гісторыя ж бясконцая, яна працягваецца, мінулае злучана з будучыняй і напоўнена жыццём.

— Словам, «белых плям» і вам, і нам, гледачам, хопіць яшчэ надоўга?

— І белых, і чорных, на жаль, і самых розных асоб і падзей, пра якія далёка яшчэ не ўсё сказана. Тэматычныя перспектывы бясконцыя, як сама гісторыя.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота з архіва праекта.

Даведка «Звязды»

Цыкл 26-хвілінных дакументальных фільмаў на гістарычныя тэмы «Адваротны адлік» упершыню выйшаў у тэлеэфір у 2008 годзе. Знята ўжо каля 300 фільмаў. Праект неаднаразова атрымліваў прызнанне як на радзіме, так і на замежных кінафестывалях — у скарбонцы майстэрні 3 статуэткі нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня», гран-пры міжнароднага фэстывалю спартыўнага кіно «Краснагорскі» і міжнароднага фэсту гістарычнага і ваеннага кіно ў Варшаве, прыз міжнароднага тэлекінафоруму «Разам» у Ялце...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.