Вы тут

Верылі, чакалі і перамаглі


Зборная Беларусі па футболе атрымала першую перамогу ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы —

2016. У гасцях падапечныя Аляксандра Хацкевіча перайгралі Македонію (2:1).

Першы матч зборнай і першая перамога. Што можа быць найлепш за гэта для трэнера ў дэбютным матчы яго каманды? Пад кіраўніцтвам Хацкевіча беларусы ў Скоп'е прадэманстравалі характар, працавітасць і прагу да вікторыі. Але не ўсё ў гэтым матчы пачыналася для нашай зборнай так, як гэтага хацелася...

31-18

Гаспадары на першых хвілінах так прыціснулі беларусаў да сваіх варот, што Юрыю Жаўнову хутка прыйшлося вымаць мяч з сеткі пасля ўдару актыўнага 22-гадова паўабаронцы Аляксандра Трайкоўскага. Аднак пад занавес першай паловы наша каманда здолела выправіць сітуацыю на полі. Аляксандр Глеб, як у найлепшыя гады, без перашкод прайшоў некалькі сапернікаў і адпасаваў Цімафею Калачову, які трапна, з падкруткай, прабіў у правы кут ад варатара. Між іншым, Таміслаў Пачоўскі, галкіпер з Македоніі, стаў адным з герояў другога тайма, калі некалькі разоў запар адбіваў складаныя ўдары Ігара Стасевіча і Сяргея Кісляка, аднак не здолеў выратаваць каманду пасля стрэлу Сяргея Карніленкі за 10 хвілін да канца. 2:1 — першая перамога зборнай Беларусі ў афіцыйных выязных сустрэчах за 4 гады.

— Без барацьбы, жадання і веры выходзіць на любы матч цяжка, — заўважыў на прэс-канферэнцыі Аляксандр Хацкевіч, галоўны трэнер нашай зборнай. — Але хлопцы не толькі ў інтэрв'ю казалі, што прыехалі па перамогу — яны паказалі гэта ў справе. Выходзілі змагацца за тры балы — і ўсе стараліся: і тыя, хто ў аснове, і той, хто выходзіў на замену. Вы бачылі, Антон Пуціла выйшаў на замену, адразу паўдзельнічаў у галявой камбінацыі.

31-24

— Усё атрымалася нармальна, — адзначыў пасля сустрэчы Аляксандр Глеб. — Матч быў важным для Аляксандра Мікалаевіча (Хацкевіча. — Аўт.), і для ўсяго трэнерскага штабу, і для хлопцаў, безумоўна. Усё ж такі гэта пачатак чагосьці новага.

А вось Бошка Джуроўскі, «коўч» македонцаў, прызнаўся, што беларусы перамаглі заслужана, а яго каманда была б задаволена, калі б матч завяршыўся ўнічыю.

Па адным паядынку аб працы трэнера разважаць вельмі складана, але ёсць рэчы відавочныя. Аляксандр Хацкевіч за кароткі час здолеў захапіць футбалістаў, разняволіць, стварыць у зборнай даволі пазітыўную, аптымістычную атмасферу. Пазбавіў яе ад той непатрэбнай напружанасці, што адчувалася раней. Запрасіў у зборную некалькі дэбютантаў.

Хацкевіч здолеў выклікаць сімпатыю не толькі ў зборнікаў, але і ў балельшчыкаў. А чаму б і не верыць, не падтрымліваць яго, калі трэнер сам не цураецца ісці на кантакт, сустракацца і размаўляць з заўзятарамі, як гэта было напярэдадні паядынку з балканцамі. Хочацца верыць, што прыход у зборную Аляксандра Хацкевіча — своеасаблівая перазагрука. І балельшчыкі больш не будуць доўга чакаць ад зборнай вікторый. Будзем верыць!

Тарас ШЧЫРЫ.

Кваліфікацыя чэмпіянату Еўропы па футболе — 2016. Група «С».

27 сакавіка. Македонія — Беларусь — 1:2 (Траяноўскі, 9; Калачоў, 44; Карніленка, 88), Славакія — Люксембург — 3:0, Іспанія — Украіна — 1:0. Палажэнне каманд: 1. Славакія — 15; 2. Іспанія — 12; 3. Украіна — 9; 4. Беларусь — 4; 5. Македонія — 3;  6. Люксембург — 1.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.