Вы тут

Я больш ніколі не ўбачу мора...


З чаго пачынаецца сяброўства?

Колькі людзей, столькі меркаванняў. Нехта скажа — з усмешкі, нехта — са школьнай парты, са студэнцкай бульбы, сумеснай працы, рыбалкі, паездкі... Наша — пачалося з кніжкі Лідзіі Арабей «Пошукі ісціны. Абразкі».

Любімы жанр, любімая аўтарка... Гэтага ж дастаткова, каб забраць з «Акадэмкнігі» ўсе чатыры асобнічкі (для сябе і сяброў), каб за суткі прачытаць (а нешта і перачытаць!), а потым, набраўшыся нахабства, пазваніць?

Якімі словамі я казала вядомай пісьменніцы пра свае ўражанні, цяпер не ў памяці. У памяці, што Лідзія Львоўна спыніла той «маналог» спакойным: «Спадабалася кніжка — ну то і добра. Калі будзе час, зайдзіце. Я вам падпішу».

31-38

Зайшла — назаўтра ж. Гадоў з дзевяць таму... Каб потым кожны раз («калі будзе час») прыходзіць зноў і зноў, да апошняга. Сорак дзён таму, 19 лютага, мы з ёй яшчэ размаўлялі, жартавалі... А 20-га...

Пасля страшнай весткі сну не было. І ў той жа час... сон быў. Недзе пад раніцу прысніла, што пераступаю парог да болю знаёмай кватэры, што гаспадыня выходзіць насустрач... Я здзіўляюся: «Як? Вы ж памерлі? І вас няма?!». А яна з усмешкай адказвае: «Вечна гэта Галка (адзіная сваячка, сястра па маці) усё пераблытае. Я — жывая»...

Чытаю, перачытваю яе творы (яны ёсць у бібліятэках і кнігарнях), гартаю кніжкі абразкоў і веру тады, што гэта напраўду так.

Замужжа

Маладыя дзяўчаты хочуць замуж. Тэлебачанне, гламурныя часопісы размалёўваюць шыкоўнае жыццё за багатымі бізнесменамі. І дзяўчаты прагнуць такога гламурнага жыцця — з курортамі ў замежжы, з уласнымі яхтамі і палацамі.

Але багатых бізнесменаў хутка разбіраюць, ды іх не так і шмат, на ўсіх, каго яны так вабяць, яўна не хапае.

Застаюцца пітушчыя, нягеглыя, якія самі шукаюць багатых нявест. Прыходзіцца выходзіць за такіх.

Макіяж

Мы, дзяўчаты саракавых гадоў мінулага стагоддзя, не ведалі, што такое макіяж, абыходзіліся туалетным мылам ды зубною шчоткаю, а таму выглядалі натуральна. Мы хлопцаў не ашуквалі: падабаюся такая, як ёсць, — бяры замуж, не падабаюся — не бяры.

Віншаванні

Напярэдадні дня нараджэння мужа жонка абзвоньвала знаёмых і між іншым гаварыла:

— Не забудзьцеся, што ў Валодзі дваццатага дзень нараджэння. Пазваніце яму і павіншуйце, яму будзе вельмі прыемна.

І людзі званілі, віншавалі, і таму Валодзю сапраўды было вельмі прыемна, што столькі людзей памятаюць пра яго дзень нараджэння і віншуюць.

Навекі

Яны шмат гадоў пражылі разам, але яна ніколі не была за ім шчаслівай. Быў ён вельмі памаўзлівы, да яе даходзілі чуткі пра яго раманы. Жыла пад вечнаю трывогаю — аднойчы пойдзе і не вернецца.

Ён памёр у даволі маладым веку. А праз нейкі час памерла і яна. Як законную жонку, яе пахавалі побач з ім.

Перавага

Добры яўрэйскі паэт Хаім Мальцінскі казаў: «Я пішу вершы толькі для сваёй цешчы, бо яна адна цяпер ведае яўрэйскую мову і можа мае вершы чытаць».

А я пішу для Ніны Мацвееўны, для Соф'і Парфір'еўны, для Валянціны Аркадзеўны, для Ліліі Радзівонаўны і яшчэ для некалькіх маіх прыхільніц, якія яшчэ ведаюць беларускую мову і любяць на ёй чытаць.

Плата

Жыццё — гэта радасці і свята, за якія трэба расплачвацца старасцю, хваробамі і смерцю.

Ген

У мужчын вельмі глыбока сядзіць ген агрэсіі, можа, гэта спадчына яшчэ дагістарычных часоў, калі мужчына мусіў забіваць звяроў, каб карміць сваё племя, ды яшчэ бараніць сваю здабычу ад людзей другога племені. Можа, таму і войны спыніць немагчыма, ваююць жа адны мужчыны...

  

Колькі мільёнаў гадоў трэба было працаваць прыродзе, каб стварыць чалавека! І дастаткова адной кулі, каб забіць яго.

Наша медыцына

Званю, каб выклікаць на дом доктара. У мяне пытаюць:

— Што з вамі?

— Мне кепска, — адказваю.

— А колькі вам гадоў?

Адказваю.

— І вы хочаце, каб вам было добра?

Прыходзіць доктар. Пытаецца:

— Што з вамі?

— Мне кепска, — адказваю.

— А каму цяпер добра? — кажа доктар.

Выпісвае рэцэпт, лякарства па якім каштуе шалёных грошай і не дапамагае.

Заслужыць

Хварэю, цяжка мне, але разумею, што яшчэ не памру. Трэба доўга памучыцца, каб заслужыць смерць.

31-37

Хлусня

На тэлебачанні з'явілася праграма «Планета жывёл», і я з задавальненнем гляджу на сланоў, малпаў, якія паводзяць сябе натуральна, як наканавала ім прырода, і не люблю глядзець на людзей, якія крыўляюцца і хлусяць.

Сведка

Я была сведкай, як разбуралі, знішчалі цэрквы, касцёлы, а сёння я сведка, як адбудоўваюцца саборы і як вялікае начальства жагнаецца і абдымаецца са святарамі.

Я была сведкай, як узводзіліся пампезныя помнікі Леніну, Сталіну і была сведкай, як тыя помнікі знішчалі.

Я была сведкай, як партыя камуністаў лічылася недатыкальнаю, калі ў камуніста адбіралі партыйны білет, то гэтым самым знішчалі яго маральна, пазбаўлялі будучыні. А потым была сведкай, як самі камуністы спальвалі, знішчалі свае партыйныя білеты.

Я была сведкай, як шальмавалі Сахарава, Салжаніцына, а потым іх імёнамі называлі плошчы.

Я была сведкай, як абвалілася каменная глыба — Савецкі Саюз.

Якая ж ты непрадказальная і пакручастая, наша гісторыя!

Воля

Мы не па сваёй волі прыходзім у гэты свет і не па сваёй волі адыходзім у іншы.

Позна

Сышлі на вечны спачын самыя блізкія мне людзі — муж, маці. І цяпер, па часе, так шмат хацелася б у іх спытаць, так шмат хацелася б ім сказаць. Але позна, нічога ўжо ў іх не спытаеш, нічога ім не скажаш.

Дык не пазніцеся ж.

Сукенка

Кабета кволілася, хварэла і вырашыла пашыць сукенку на смерць, каб у труне выглядаць прыстойна. Купіла тканіну, прыйшла да краўчыхі, растлумачыла, навошта ёй абнова. Краўчыха зняла мерку, і хутка заказ быў гатовы.

Прыйшла кабета па сукенку, памерала і нешта муляецца, потым кажа краўчысе:

— Нешта пад пахамі, здаецца, крыху цісне...

— Міленькая, — кажа ёй краўчыха, — калі ты будзеш ляжаць у гэтай сукенцы ў труне, то табе нічога не будзе ціснуць.

Трэба

За ўсё ў жыцці трэба плаціць — і за добрае, што зрабілі табе людзі, і за кепскае, што ты ім зрабіў.

Шанец

Акацілася котка, прывяла пяцярых кацянят. Гаспадыня кажа сваёй сяброўцы:

— Вазьмі кацянятка...

— Ай, навошта мне яно — лішні клопат.

— Ну, то прыйдзецца ўтапіць.

— Як утапіць? — жахнулася сяброўка.

— А вось так, бо і мне яно не патрэбна: тых аддала, а гэтага не бяруць.

Сяброўка ледзь не заплакала з жалю — гэта ж такога маленькага, бездапаможнага — ды ўтапіць! І забрала кацянятка. Пачала гадаваць. Вырасла прыгожая котка — любіміца ўсёй сям'і.

Так бывае і з людзьмі. Пашанцуе катораму — і выручаць з бяды. А не сустрэне спагадлівай душы — то і патоне.

Капліца

Адна шуфлядка майго стала служыць мне, нібы капліца. Я трымаю там фотаздымкі дарагіх мне людзей, якіх даўно няма на свеце.

Староннія людзі ў тую шуфлядку не заглядаюць, бо ім нецікава. Я таксама рэдка яе адчыняю, бо мне баліць.

Іх няма на свеце, але яны былі, ёсць і будуць у маім сэрцы.

Свята

— Што ж вы Пасху святкуеце, вы ж у Бога не верыце?

— Мы ў камунізм не верылі, а святкавалі...

Кіно

Зіма — чорна-белае кіно.

Лета — кіно каляровае.

Пажаданні

Калі б збываліся ўсе пажаданні, якія людзі зычаць адно аднаму ў святы, то ўсе людзі былі б здаровыя і шчаслівыя.

Калі б збываліся ўсе праклёны, якія людзі ў злосці пасылаюць адно аднаму, то чалавецтва даўно вымерла б, альбо ўсе былі б калекамі.

Шкада чалавека

Не магу зразумець тых людзей, што, займаючы высокія пасады, маючы высокія зарплаты, махлярствам, штукарствам набіваюць свае кішэні доларамі, хапаюць іх, грабуць пад сябе — тысячы, мільёны долараў. У іх хапае розуму так моцна разбагацець, але не хапае розуму прадбачыць, чым гэта можа абярнуцца.

І вось такі багацей трапляе за краты і замест ананасаў сёрбае баланду, замест Канарскіх астравоў трапляе ў мясціны, дзе не так цёпла і ўтульна.

Шкада чалавека.

Золата

Адразу пасля вайны газета «Чырвоная змена», дзе я працавала тады літсупрацоўніцай, адправіла мяне і фотакарэспандэнта ў раён, каб зрабіць разварот пад шапкаю «Кожнаму калгасу — клуб». Вядома, што калгасам тады было не да клубаў, але загад ёсць загад.

Начаваць даводзілася ў вёсках, старшыні калгасаў прыводзілі ў хату — часцей за ўсё да адзінокіх кабет. І тыя ўкладвалі спаць фотакарэспандэнта, хлопца гадоў дваццаці пяці, у мяккую чыстую пасцель, а мяне, тады дзяўчо, — на голую лаўку.

Мужчыны той парой цаніліся, як золата.

Дыягназ

Каханне — гэта хвароба, часам нават са смяротным зыходам, але тое рэдка. Як і кожная хвароба, каханне прыносіць пакуты, але яна вылечная. І найлепшыя лекі для яе — час. Хварэць на каханне можна некалькі разоў у жыцці, няма ад яго імунітэту, няма ад яго і прышчэпак. Хвароба гэта часам пакідае ўскладненні, але часцей за ўсё мінае бясследна.

За што?

Яўрэйскі паэт Ізя Харык быў арыштаваны ў гады сталінскіх рэпрэсій. Ён сядзеў у турме, яму выстаўлялі бязглуздыя абвінавачванні, ён не згаджаўся, не прызнаваў віны. З яго здзекаваліся. Ён прыходзіў у адчай, біўся ў камеры галавою аб сцяну і крычаў:

— Фор вас? Фор вас? За што?

Яго расстралялі як ворага народа.

Жонку Ізі Харыка арыштавалі як жонку ворага народа. Засталося двое маленькіх дзяцей. Калі яна вярнулася са ссылкі, дзяцей не знайшла. Яны згінулі, як у бездані.

За што?

Лепш

Лепш быць ашуканаму, чым ашуканцам...

Лепш быць пакрыўджанаму, чым крыўдзіцелем...

Лепш быць забітаму, чым забойцам...

Шчасце

У мяне спыталі — ці шчаслівая я? Я сказала:

— На гэтае пытанне вельмі цяжка адказаць. Ну, тое, што ў мяне пры сабе рукі і ногі, што я не сляпая і не глухая, што не нарадзілася калекаю — гэта ўжо шчасце. Але само жыццё было вельмі цяжкае. Шмат хто кажа: «Мне пашанцавала, я ў жыцці сустракаў (сустракала) шмат добрых людзей». І я сустракала добрых людзей, але трапляліся на маёй дарозе і вельмі паганыя...

Глыбіня

Таленавітую кнігу, фільм, карціну трэба чытаць, глядзець па некалькі разоў, і кожны раз ты будзеш бачыць новы штрых, новую дэталь, новы вобраз, будзеш паглыбляцца і паглыбляцца ў твор, пакуль не ўбачыш, што ён бяздонны.

Валюта

У час вайны пра долары ў Беларусі ніхто не чуў і ніхто іх не бачыў, асноўнаю валютай было сала — за сала можна было купіць усё. Прыязджалі заходнікі і за кілаграм сала куплялі паліто ці швейную машынку.

А ў блакадным Ленінградзе асноўнаю валютаю была, мусібыць, пайка хлеба.

Будзе позна

Я больш ніколі не ўбачу мора. Я больш ніколі не ўбачу егіпецкіх пірамід, не ўбачу Рыма, Парыжа. Мае гады і хваробы не дазволяць мне яшчэ раз зрабіць такое цікавае падарожжа. Я мушу дажываць з тым багажом, які ўжо набыла ў мінулыя гады.

Людзі! Старайцеся браць ад жыцця ўсё, што можна, бо потым будзе позна!

Развітанне

Некалькі гадоў шукала ісціну — на вуліцах, у хатах, у чалавечых душах.

А ўласна — што такое ісціна? Па-мойму, ісціна — гэта праўда. І я прыйшла да вываду, што ў кожнага свая праўда, свая ісціна.

Дык і жывіце кожны па сваёй праўдзе, толькі не рабіце адно аднаму зла.

Бывайце здаровы!

Падрыхтавала
Валянціна Доўнар.

Р.S. Суседка Лідзіі Львоўны казала, што жыццё пасля 90 — гэта боская кара за грахі. Яны абедзве дажылі амаль да гэтай даты... Быццам самі сабе загадалі і ўратаваліся.

А, можа, і не было іх, тых грахоў?

Светлая памяць!

Фота з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.