Вы тут

Удаўство


Удаўство — сацыяльны стан чалавека адносна шлюбу: удовамі і ўдаўцамі звалі тых, у каго памерлі муж ці жонка.

 У народнай традыцыі ўдаўство ўспрымалася як негатыўны, непаўнацэнны стан, які забараняў прымаць непасрэдны ўдзел у абрадах сямейна-родавай накіраванасці, такіх як вяселле і радзіны (гэтых людзей не запрашалі быць сваццяй, хроснай маці і г.д.).

 Маці ці бацька, якія аўдавелі, не маглі весці пад вянец і сустракаць пасля вянца сваіх дзяцей. Каб не перадаць ім свой лёс, на іх месца абіралі пасаджоных бацькоў. Удаву — «блізкую да смерці» жанчыну, часцей за астатніх запрашалі для ўдзелу ў пахавальным абрадзе: памыць, апрануць памерлага, галасіць у час пахавання.

 Пасля смерці аднаго з сямейнай пары існаваў цэлы шэраг рытуальных дзеянняў, якія маглі паспрыяць новаму шлюбу. Так, у час пахавання памерламу мужчыну расшпільвалі гузікі на кашулі, жанчыне развязвалі ўсе вузлы на вопратцы. У той жа час, калі свякроўка не жадала, каб нявестка выйшла замуж яшчэ, яна спецыяльна (наўмысна) зацягвала на целе памерлага сына нітку, пояс ці вузел гальштука.

 Новы шлюб удавы пасля смерці мужа асуджаўся аднавяскоўцамі. Казалі: «Той не ведаў бяды, хто не сватаўся да маладой удавы». Удаўца, які застаўся з дзецьмі, таксама не лічылі «зайздросным» жаніхом, пра яго казалі: «Удавец, што разбіты гаршчок».

 Паўсюдна існавала павер'е, што тая жанчына, якая возьме шлюб з удаўцом, у якога засталося грудное дзіця, хутка памрэ сама: «Мёртвая жонка не даруе і забярэ да сябе».

 Звычайна новае вяселле можна было гуляць пасля заканчэння памінальнага года. У некаторых рэгіёнах жанчынам забаранялася выходзіць замуж на працягу трох гадоў пасля смерці мужа. Для мужчыны гэты тэрмін быў скарочаны: жаніцца можна было пасля 40 дзён, асабліва калі ў яго на ўтрыманні было некалькі дзяцей і вялікая гаспадарка.

 У выпадку другога шлюбу вясельны рытуал для удовых людзей не адмянялі, але скарачалі да мінімуму: не наладжвалі дзявочыя вячоркі, нявесце не апраналі вясельны вянок, вэлюм, вясельны строй белага колеру, не патрабавалі пасагу, не запальвалі свечкі ў час вянчання, не пяклі вясельны каравай.

 Каб перасцерагчы новую жонку ад хуткай смерці, яе заносілі ў хату праз акно, заходзілі ў хату спінай ці пускалі паперад яе ката.

 Калі мужчына-ўдавец браў за жонку дзяўчыну, хлопцы часта выказвалі свае негатыўныя адносіны да яго тым, што наладжвалі так званыя «кашачыя канцэрты», закідвалі такога жаніха старымі лапцямі, крычалі ў яго адрас непрыстойныя выразы і г.д.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

Заканчэнне чытайце тут:

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.