Вы тут

Расійскі рубель сваё «адбаяўся»?


А еўрапейскую валюту пасуне больш моцны долар

Сітуацыя на сусветным валютным рынку, на думку экспертаў, сёння складаная. Зрэшты, як заўсёды. Аднак ёсць і нестандартны складнік падзей. Звычайна, вялікую ролю тут іграе пэўны спекулятыўны кампанент: нехта з высокіх чыноўнікаў нешта сказаў — і на табе, рэакцыя ў выглядзе скокаў курсу. Цяпер усё трошку па-іншаму. Выказванні, зразумела, таксама маюць вагу, але наперад выйшлі рэальныя эканамічныя паказчыкі. Вельмі яскравым прыкладам з'яўляецца расійскі рубель, які апошнія два месяцы ўмацоўваўся, нягледзячы на працяг падзення цэн на нафту: пэўная рэанімацыя эканомікі дала плён. Такім жа чынам цяжкасці еўрапейскай эканомікі падрываюць давер да еўра. Чаго чакаць у найбліжэйшы час на нестабільным валютным рынку, высвятляў карэспандэнт «Звязды».

Стракатасць не на карысць

Пачнём з перспектыў традыцыйных міжнародных валют. Пара еўра і долара паказвае апошнім часам жорсткую барацьбу. І хаця еўра пакуль што каштуе болей за долар, тыя, хто ўкладваўся ў еўрапейскую валюту, апошнім часам сыходзяць у мінус. «Амерыканская эканоміка расце. Еўропа ў вельмі цяжкім становішчы. Таму мы чакаем, што да канца гэтага года суадносіны еўра і долара прыйдуць да 1,1», — сцвярджае віцэ-прэзідэнт кампаніі «Тэлетрэйд» Дзмітрый Дрыгайла

Разгледзім гэтую сітуацыю больш падрабязна. «Вельмі доўга долар ЗША з'яўляецца лідарам. Практычна 9 месяцаў ён расце. Гэта звязана з тым, што ў Амерыцы палітыка манетарнага стымулявання паступова згортваецца і адбываецца пераход да жорсткай палітыкі. Доўгі час былі моцныя ўліванні ў эканоміку менавіта долараў. Цяпер праз тое, што амерыканская эканоміка вельмі адаптыўная, амерыканцы адчуваюць сябе нядрэнна, — тлумачыць фінансавы аналітык кампаніі «Тэлетрэйд» Аляксандр Ягораў. — У той жа час у Еўропе і Японіі адбываецца адваротны працэс — манетарнага стымулявання. Японія гэты працэс пачала ўжо даўно. Гэта звязана з тым, што за апошнія 15 гадоў яна згубіла лідарства, аддаўшы яго Кітаю. Падлівае масла ў вогнішча неаднароднасць, стракатасць еўрапейскай эканомікі. Там ёсць развітыя эканомікі (напрыклад, Германія, Францыя), а ёсць слабыя (Грэцыя, Партугалія). Таму на найбліжэйшую перспектыву, нягледзячы на перыяд паслаблення долара адносна еўра (што з'яўляецца проста адхіленнем ад агульнага трэнду), кірунак у бок умацавання амерыканскай валюты, хутчэй за ўсё, захаваецца».

31-28

Крызіс дае новыя магчымасці

Цяпер паглядзім, што адбываецца ў суседзяў. Напрыклад, з грыўняй. «Ва Украіне сёння ўсё вельмі палітызавана. І ўсё залежыць ад траншу МВФ. Калі гэтыя грошы пойдуць у эканоміку, то сітуацыя стане трошку лепшай. Інакш — жах, бо нават самі ўкраінскія ўлады прызнаюцца, што згублена каля 25% эканомікі», — папярэджвае Аляксандр Ягораў.

А вось расійскі рубель, які доўга знаходзіўся пад ціскам, у лютым і сакавіку аказаўся самай даходнай валютай свету. «Ёсць меркаванне, што самае страшнае для расійскага рубля ўжо прайшло. Цяпер чакаюць толькі пазітыву», — заяўляе дырэктар па знешніх сувязях кампаніі «Тэлетрэйд» Ігар Ціхі.

Эксперты лічаць, што пік праблем расійскага рубля быў у снежні 2014 года. Улічваючы тое, што фандзіравання ў замежнай валюце ў Расіі фактычна сёння няма, а даўгі трэба аддаваць, то валюты паступае ўсё менш. І пік выплат быў вельмі ўдала пройдзены ў сакавіку. «На дзіва ўсім, рубель толькі ўмацоўваўся, — гаворыць Аляксандр Ягораў. — Рынак — такая рэч, якая дзейнічае не прамалінейна. Наконт наступных двух месяцаў складана сказаць. Яны насамрэч няпростыя. Але цяпер настрой больш аптымістычны. Хутчэй за ўсё, курс будзе 56-62 рублі за долар. Але, калі нафта пойдзе да 20 долараў за барэль, сітуацыя будзе горшай. Сланцавая рэвалюцыя ў Штатах згасае, амаль штотыдзень з'яўляецца інфармацыя: колькасць буравых установак зніжаецца. Цэнавая барацьба на рынку нафты прывяла да таго, што вялікая колькасць амерыканскіх кампаній стала банкруціцца. Тым не менш, запасы нафты вельмі вялікія. І гэта аказвае ціск на цану».

Пры гэтым не варта забываць, што любыя рызыкі — гэта новыя магчымасці. І крызіс дае магчымасці для развіцця. «З расійскай эканомікай менавіта гэта сёння і адбываецца. Запушчана шмат праграм падтрымкі, і тыя вытворцы, якія стараюцца працаваць, яе атрымліваюць. Шмат, вядома, крытыкуюць, што падтрымліваюцца банкі. Аднак калі дасі нейкаму аднаму прадпрыемству, пачнуць іншыя казаць, што ім не далі. А так фінансавая сістэма працуе — калі ласка, бярыце грошы. Іншае пытанне, наколькі сумленна выконваюць сваю задачу банкі», — удакладняе Аляксандр Ягораў.

31-29

Валютны саюз

Апошнім часам мы ўсё часцей чуем пра валютны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана. У Маскве збіраліся стварыць Міжнародны фінансавы цэнтр. «Цяпер абмяркоўваецца пытанне, як гэта можа функцыянаваць, як праводзіць канвертацыю. Але сама ідэя адыходу ад долара не новая, таму што гэта вялікая рызыка. І праблемы ЗША вельмі моцна ўплываюць на сусветную фінансавую сістэму і эканоміку, — сцвярджае Аляксандр Ягораў. — Таму сёння і Кітай пачынае адыходзіць ад долара. Хаця і робяць яны гэта са сваёй усходняй вытанчанасцю: усміхаюцца ўсім, але думаюць толькі пра сябе. Сітуацыя такая, што калі нешта адбудзецца з Амерыкай, то гэта паўплывае на ўсіх. Зараз, калі ўсе прад'явяць прэтэнзіі да ЗША, то расплаціцца дзяржава не зможа. Гэта нікому не патрэбна, таму на гэта закрываюць вочы. Сітуацыя з амерыканскім доларам сёлета будзе, хутчэй за ўсё, толькі на руку Амерыцы».

Аднак для стварэння валютнага саюза неабходна вельмі моцна прыстасаваць фінансавыя сістэмы. «Эканомікі ўжо дастаткова інтэграваны. Да нечага павінны прыйсці. Калі падключаць адукаваных экспертаў і не будуць спяшацца, то гэта ўсё верагодна. І тэрміны — рэальныя. 2025 год».

Стратэгіі зберажэння

Фінансавыя спецыялісты падзяліліся сваёю стратэгіяй зберажэння. Можа быць, гэта інфармацыя дапаможа вам сфарміраваць свой партфель інвестыцый. Так, Дзмітрый Дрыгайла захоўвае каля 45% сваіх зберажэнняў у доларах, 35% — у еўра, 10% — у расійскіх рублях. Плюс яшчэ нерухомасць.

Андрэй Амяльковіч, эксперт кампаніі «Бізнес-Форэкс», афіцыйны партнёр кампаніі «Тэлетрэйд» (Мінск), у асноўным укладваецца ў долары ЗША. «Я яму давяраю найбольш у доўгатэрміновай перспектыве. Як бы там ні было — Амерыка з'яўляецца адзінай эканомікай, а Еўропа — вельмі стракатая. Таму на еўра я гляджу скептычна».

Ігар Ціхі ўкладваецца ў долар, еўра і нешта яшчэ. «Частка грошай ідзе на гульню на біржы і куплю акцыі — мне гэта падабаецца. Гэта так званыя спекулятыўныя грошы. Частку я «закапваю» ў будаўніцтва дома».

Аляксандр Ягораў частку грошай пакідае без рызыкі, а астатнія — у дэпазіты ў расійскіх рублях і на мультывалютных рахунках.

31-27

На пытанне, ці ёсць сэнс укладвацца, напрыклад, у юань, эксперты адказваюць, што гэтую валюту пакуль лепей ужываць у таварных аперацыях. Для зберажэння яна пакуль што не надта падыходзіць.

Яшчэ спецыялісты адзначаюць, што пры захаванні зберажэнняў самае галоўнае заўсёды памятаць пра рызыку: ты можаш зарабіць, а можаш і ўсё страціць.

Беларускі рубель і дэдаларызацыя

Пра сітуацыю ў Беларусі Дзмітрый Дрыгайла кажа наступнае: «Паводзіны насельніцтва з большага досыць спакойныя. Гэта ўражвае. Людзі не вагаюцца, не бяруць залішніх крэдытаў і ашчаджаюць». Пры гэтым нашай айчыннай валюце прадракаюць пэўнае ўмацаванне. «Беларускі рубель можа ў найбліжэйшы час умацоўвацца, але да якога ўзроўню, цяжка сказаць», — гаворыць Андрэй Амяльковіч.

У сённяшняй сітуацыі для беларусаў цікавы расійскі вопыт дэдаларызацыі эканомікі. Тым больш што пасля апошніх праблем расійскай валюты магла адбыцца адваротная падзея — даларызацыя. Аднак, як кажуць эксперты, не адбылася. «Не, такога не было. Людзі прывыклі жыць у рублях. Ім гэта было выгадна. Пры гэтым прыбіраліся выплаты «шэрых зарплат». І зніжэнне курса паспрыяла, хутчэй, набыццю розных тавараў, а не валют, — тлумачыць Ігар Ціхі. — Людзі максімальна хутка пастараліся скупіць па старых цэнах усё. У аўтасалонах нічога не засталося. А новыя машыны не вязуць, бо іх ніхто купляць не будзе».

Аляксандр Ягораў удакладняе: «Долараў насамрэч у Расіі шмат, і многія разглядаюць іх як добры інструмент зберажэння. Але ў нас існуе шмат іншых інструментаў. Тыя, хто быў больш дасведчаны, на піку наадварот скідвалі долары і разглядалі новыя варыянты ўкладанняў. Проста праблема ў тым, што ніхто не ведае, колькі долараў па ўсім свеце існуе. Амерыканцы не раскрываюць інфармацыю аб надрукаваных паперках».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».