Вы тут

Эканоміка наперадзе палітыкі


 

Размова з беларускім паслом пра асаблівасці двухбаковых стасункаў з Чэхіяй

З Чэхіяй нас звязваюць вельмі важныя для нас гістарычныя падзеі. У Празе ўбачыла свет першая друкаваная беларуская кніга. Пасля рэвалюцыі 1917 года там асела значная частка беларускай інтэлігенцыі... Пра тое, як выбудоўваюцца ўзаемаадносіны з гэтай краінай зараз, наша размова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы Васілём МАРКОВІЧАМ.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

— Васіль Міхайлавіч, якой ступені «размарожанасці» ўдалося дасягнуць у палітычных стасунках з афіцыйнай Прагай?

— У дачыненні да двухбаковых адносінаў з Чэшскай Рэспублікай інтэнсіўнасць палітычнага дыялогу шмат у чым залежыць ад пазіцыі Бруселя. Гэта цалкам вытлумачальна, бо Чэхія з'яўляецца членам Еўрапейскага саюза і вымушана выконваць агульныя падыходы ў рэалізацыі знешняй палітыкі ЕС.

Але магу сказаць, што мы аптымістычна ацэньваем развіццё двухбаковых адносінаў. Практычна штогод праводзім кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў і дырэктараў палітычных дэпартаментаў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін. 12 сакавіка 2015 года адбыліся чарговыя кансультацыі на ўзроўні начальніка ўпраўлення Еўропы МЗС Беларусі Валерыя Курдзюкова і яго чэшскага калегі дырэктара дэпартамента краін Паўночнай і Усходняй Еўропы МЗС Чэхіі Радэка Пеха. У найбліжэйшай перспектыве плануецца сустрэча намеснікаў міністраў замежных спраў Беларусі і Чэхіі.

Падчас мерапрыемства былі абмеркаваны практычна ўсе пытанні двухбаковага і міжнароднага парадку дня, у тым ліку дастаткова вострыя і складаныя. Безумоўна, не па ўсіх напрамках нашы погляды супадаюць, аднак гэта толькі пацвярджае неабходнасць дыялогу і пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў. Увогуле, праведзеныя кансультацыі былі станоўча ацэнены кіраўнікамі дэлегацый, што дазваляе гаварыць: мы знаходзімся на правільным шляху.

У мінулым годзе прыкметна актывізаваўся і беларуска-чэшскі парламенцкі дыялог. Чэхію з рабочым візітам наведала дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале з віцэ-спікерам Віктарам Гумінскім. У снежні 2014 года ў Палаце дэпутатаў чэшскага парламента была створана міжпарламенцкая група «Чэхія-Беларусь». Цяпер намі прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі візіту ў Рэспубліку Беларусь дэлегацыі чэшскіх парламенцкіх колаў.

З задавальненнем хачу адзначыць аднаўленне рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. У верасні 2014 года, упершыню пасля доўгага перапынку, у Мінску быў падпісаны Мемарандум аб рэгіянальным супрацоўніцтве паміж Мінскай вобласцю і Краем Высачына. У стадыі прапрацоўкі знаходзяцца яшчэ некалькі аналагічных пагадненняў. Перакананы, што наладжванне рэгіянальных кантактаў носіць выключна прадметны і прагматычны характар і, магчыма, паслужыць свайго кшталту падмуркам для павышэння ўзроўню двухбаковага дыялогу.

— У якіх сферах беларуска-чэшскае супрацоўніцтва найбольш поспяховае?

— У эканамічнай. У 2014 годзе зафіксаваны рэкордны паказчык экспарту ў гэтую краіну беларускіх тавараў. Аб'ём экспарту па ўсёй наменклатуры тавараў летась склаў 128,7 млн долараў ЗША (134,2% да аналагічнага ўзроўню папярэдняга года). Пры гэтым рост экспарту быў забяспечаны не пастаўкамі нафтапрадуктаў і ўгнаенняў.

Развіваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва дзвюх краін. У Беларусі зарэгістравана 123 прадпрыемствы з удзелам чэшскага капіталу (на 23 больш, чым у 2013 годзе), у тым ліку 76 сумесных і 47 замежных. З 2002 па 2013 год у Рэспубліку Беларусь з Чэшскай Рэспублікі паступіла інвестыцый у аб'ёме 377,9 млн долараў. За дзевяць месяцаў 2014 года агульны аб'ём інвестыцый з Чэхіі ў Беларусь склаў 44,5 млн долараў ЗША.

— Але гандлёвае сальда застаецца для нас адмоўным...

— Адмоўнае сальда не з'яўляецца выключна негатыўным паказчыкам развіцця двухбаковых адносінаў. У значнай ступені яно фарміруецца за кошт рэалізацыі ў Беларусі праектаў па мадэрнізацыі прадпрыемстваў, у ходзе якіх з Чэхіі пастаўляецца шмат сучаснага абсталявання.

Адсутнасць да кастрычніка 2014 года свабодных страхавых лімітаў Чэшскага экспартнага страхавога таварыства «ЭГАП», змены ў сістэме фінансавання значных энергетычных праектаў у Рэспубліцы Беларусь і некаторыя іншыя абставіны зменшылі колькасць беларуска-чэшскіх сумесных праектаў у 2014 годзе, што, дарэчы, пазітыўна адбілася на памеры адмоўнага сальда.

Нам неабходна павялічваць і колькасць таварных пазіцый беларускага экспарту, і палепшыць іх якасць. Галоўнай перашкодай у гэтым з'яўляецца падабенства эканомік Чэхіі і Беларусі. І Чэхія, і Беларусь маюць адносна невялікія ўласныя рынкі, гэта, нават ва ўмовах членства абедзвюх краін у эканамічных саюзах, прыводзіць да таго, што падчас фарміравання гандлёвых стратэгій экспарцёры з Беларусі і Чэхіі больш увагі надаюць буйным гандлёвым партнёрам (Германіі, Расіі, Францыі і іншым). У выніку страчваюцца магчымасці для прасоўвання і замацавання беларускай прадукцыі ў Чэхіі, бо ў сучасных абставінах зацікавіць пакупніка без значных выдаткаў на рэкламу, стварэння ўласнай гандлёвай сеткі і сэрвіснага абслугоўвання немагчыма нават пры наяўнасці якаснага тавару.

Вельмі значнай перашкодай з'яўляецца і структура ўласнікаў чэшскіх гандлёвых сетак. Больш за 70% рознічнага гандлю Чэхіі кантралюецца транснацыянальнымі кампаніямі з цэнтрамі ў іншых краінах. Гэта акалічнасць патрабуе правядзення шматгадовых перамоў для прасоўвання на паліцы гандлёвых кропак у Чэхіі беларускіх тавараў. Невялікія беларускія кампаніі не маюць магчымасці весці такія перамовы. Аднак нават калі дамаўляюцца з чэшскімі гандлёвымі сеткамі, што належаць замежным кампаніям, беларуская статыстыка найчасцей улічвае гэтыя тавары, як экспарт не ў Чэхію, а ў дзяржавы, у якіх знаходзяцца транспартна-лагістычныя цэнтры такіх сетак (Польшча, Германія, Літва).

— Што ў справе дыверсіфікацыі экспарту і павелічэння яго аб'ёмаў могуць зрабіць дыпламаты?

— Наша галоўная задача — прыцягваць увагу чэшскіх дзелавых колаў да Беларусі. Чэшскія прадпрымальнікі вельмі змястоўна падыходзяць да ўстанаўлення новых кантактаў. Яны аналізуюць інфармацыю з многіх крыніц, карыстаюцца парадамі банкаў, страхавых арганізацый, дзяржаўных устаноў. Вялікае значэнне на першапачатковым этапе маюць і рэкамендацыі пасольства.

Тым не менш, важную ролю адыгрывае і пазітыўны вопыт калег. Мы абавязкова запрашаем да ўдзелу ў семінарах, круглых сталах, форумах чэшскія кампаніі, якія маюць вопыт працы ў Рэспубліцы Беларусь. Праводзім значную інфармацыйную працу: распаўсюджваем інфармацыю аб парадку набыцця прадукцыі на біржавых таргах, камерцыйных прапановах беларускіх экспарцёраў, шукаем патэнцыйных партнёраў.

Арганізацыя візітаў у Рэспубліку Беларусь сведчыць пра тое, што ў значнай часткі чэхаў існуюць стэрэатыпы ў адносінах да Беларусі. Праца з рэгіёнамі дазволіла значна павысіць цікавасць да вядзення бізнесу з Беларуссю. Важным напрамкам падаецца і садзейнічанне беларускім прадпрыемствам ва ўдзеле ў міжнародных выставах на тэрыторыі Чэхіі. Пасольства ўсталявала добрыя кантакты з арганізатарамі такіх выстаў, што дапамагае ў арганізацыі экспазіцый.

Аднак, трэба адзначыць, што пасольства не можа замяніць маркетынгавыя службы ўсіх прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, актыўнае ўмяшанне дзяржаўных структур у гандлёвыя пытанні незразумела для чэшскіх партнёраў і выклікае пэўную насцярогу. Таму пасольства, акрамя інфармацыі аб заканадаўстве Чэхіі, стане рынку асобных тавараў, прадстаўляе беларускім экспарцёрам парады па асаблівасцях вядзення бізнесу ў Чэхіі .

— Наколькі для нас цікавы вопыт Чэхіі ў прыцягненні прамых замежных інвестыцый?

— Практыка Чэхіі сведчыць, што трэба досыць асцярожна падыходзіць да замежных інвестыцый у такіх сферах, як рознічны гандаль, банкаўскі сектар і прамысловасць. Вялікая канцэнтрацыя замежнага капіталу можа прывесці да пераносу цэнтраў навуковых і тэхнічных распрацовак прадпрыемстваў у краіны паходжання інвестыцый, памяншэння выдаткаў на іх тэхнічнае пераабсталяванне, вывазу большай часткі прыбытку, цанавому ціску на вытворцаў з боку гандлёвых сетак і г.д. Пасольства вывучае чэшскі вопыт, аналізуе змяненні ў чэшскім заканадаўстве ў галіне інвестыцый. Зараз у Чэхіі абмяркоўваецца наступны пакет змяненняў у Закон аб інвестыцыйных ільготах, і найбольш слушныя ідэі пасольства прапанавала для вывучэння кампетэнтным установам Рэспублікі Беларусь.

— Якія сферы беларускай эканомікі найбольш цікавыя чэшскім інвестарам?

— Будаўніцтва транспартнай інфраструктуры, машынабудаванне, энергетыка, хімічная прамысловасць, дрэваапрацоўка. Раней шмат праектаў у сферы будаўніцтва ажыццяўлялася чэшскімі кампаніямі праз прадстаўніцтвы ў нашай краіне. Зараз жа многія з іх стварылі ўласныя прадпрыемствы ў Беларусі ці збіраюцца зрабіць гэта ў хуткім часе. Напрыклад найбуйнейшая будаўнічая кампанія Чэхіі мае намер пашырыць дзейнасць свайго беларускага прадпрыемства з мэтай удзелу ў будаўніцтве дарог і мінскага метро. Не менш цікавым можа быць праект па сумесным будаўніцтве і далейшай эксплуатацыі гідраэлектрастанцый.

— Ці з'яўляецца старт ЕАЭС прывабным момантам для чэшскага бізнесу на нашай тэрыторыі?

— Існаванне адзінай эканамічнай прасторы заўсёды ўлічваецца пры распрацоўцы бізнес-планаў. Шмат невялікіх кампаній не маюць значных фінансавых рэсурсаў, каб з нуля пачаць эфектыўна працаваць на вялікім рынку разам з вялікімі кампаніямі. Псіхалагічна для такіх кампаній пачатак працы на рынку Беларусі больш прывабны, а перспектыва паступовага безбар'ернага выхаду на ўвесь рынак ЕАЭС ужо ў якасці беларускай кампаніі з падтрымкай беларускай дзяржавы — даволі пераканаўчы фактар. Перспектыўным накірункам супрацоўніцтва ва ўмовах ЕАЭС можа стаць стварэнне транспартна-лагістычных цэнтраў у Беларусі, мадэрнізацыя транспартных калідораў.

31-36

— Што, акрамя бізнесу, цікавіць грамадзян Чэхіі ў Беларусі?

— На жаль, вобраз нашай краіны не заўсёды аб'ектыўна фарміруецца і падаецца насельніцтву чэшскімі, ды і еўрапейскімі, сродкамі масавай інфармацыі. У нас ёсць свае праблемы, аднак назавіце мне краіну, якая іх не мае?

Я заўсёды прыводжу нашу прыказку — «лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць». Прыемна заўважаць, як у станоўчы бок змяняецца стаўленне да Рэспублікі Беларусь у людзей, якія ўпершыню яе наведваюць. Безумоўна, мы не можам пахваліцца багаццем гістарычных будынкаў і помнікаў, аднак мы здзіўляем іншым, напрыклад гасціннасцю.

Яркім пацвярджэннем гэтага з'яўляецца чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску, які наведалі больш за 10 тысяч чэшскіх заўзятараў. Ад многіх з іх у адрас пасольства прыходзілі лісты і фатаграфіі з цёплымі словамі. Асноўнай фразай названых пасланняў была «Беларусь, дзякуй за цудоўны чэмпіянат!».

Актыўнае ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі адбываецца ў культурнай сферы. Чэшскія калектывы практычна штогод з'яўляюцца ўдзельнікамі творчых фестываляў у гарадах Беларусі, у тым ліку выканаўцы з Чэхіі прымаюць удзел у фестывалі «Славянскі Базар». Беларускія дзіцячыя калектывы таксама з'яўляюцца прызёрамі многіх фестываляў, якія праводзяцца ў Чэшскай Рэспубліцы.

Працы юных беларускіх мастакоў штогод прымаюць удзел у Міжнароднай дзіцячай выставе малюнкаў «Lіdіce», устаноўлены сувязі паміж Чэшскай дзяржаўнай операй і Беларускім тэатрам оперы і балета, ідзе ўзаемадзеянне па лініі вышэйшых навучальных устаноў, нацыянальных бібліятэк і акадэмій навук дзвюх краін...

— Якіх найбольш яскравых падзей ва ўзаемаадносінах Беларусі і Чэхіі варта чакаць у найбліжэйшы час?

— Акрамя згаданых сустрэч на міністэрскім узроўні, адбудзецца пасяджэнне змешанай міжурадавай камісіі, арганізацыя Бізнес-дня Рэспублікі Беларусь. Плануецца правесці шэраг урачыстых мерапрыемстваў, у тым ліку сумесна з калегамі з пасольстваў краін СНД, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У 2016 годзе ў рамках фестывалю «Славянскі Базар» адбудзецца правядзенне Дзён Чэхіі. Асабліва важным будзе 2017 год — 500-годдзе выдання Бібліі Францыскам Скарынам. Мы, сумесна з чэшскімі калегамі, ужо пачалі папярэднюю прапрацоўку сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных пазначанай даце. Гэтыя падзеі з'яўляюцца звёнамі гісторыі, якія звязваюць нашы краіны і дазваляюць супрацоўнічаць на карысць двух славянскіх народаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.