Вы тут

Былая слава велікодных бабак


Адна з даўніх баек гэтай рубрыкі (ад 17 снежня 2013 года) пераказвала легенду, а хутчэй, анекдот ХІХ стагоддзя, ад навагрудскага адваката Ігнацыя Яцкоўскага — адкуль узяліся велікодныя бабкі ў Літве (і на Беларусі, вядома). Але адкуль жа насамрэч паходзіць назва «баба» («бабка»)? На гэты конт ёсць некалькі версій.

Паводле адной з іх, назву прыдумаў былы кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Ляшчынскі, калі ён пасля 1738 года жыў на выгнанні ў Францыі як князь Латарынгскі. Яму надакучыла мясцовая выпечка kugelhupf, занадта сухая, і ён аднойчы, раззлавана адсунуўшы талерку з імі, штурхнуў бутэльку з ромам, які разліўся і насыціў сухія «кугелі» (як варыянт — мяшанкай з рому і салодкай малагі пачаў прамочваць «кугелі» яго кандытар Шторэр). Тое, што атрымалася, спадабалася выгнанніку значна больш. А паколькі ён захапляўся казкамі «Тысячы і адной ночы», дык назваў новы кандытарскі выраб з ромам у гонар Алі Бабы — Baba au rhum. Так з'явіліся ромавыя бабы і, быццам бы, бабы ўвогуле. Польскі энцыклапедыст Зыгмунт Глогер лічыў, што дражджавыя бабы, якія выпякаліся на Вялікдзень і на Тройцу, некалі называліся «бабіны калачы», а пазней назву скарацілі да проста «бабы». А сучасны польскі філолаг Мацей Маліноўскі лічыць, што форма усечанага конуса, якую часцей за ўсё маюць бабы, нагадвала жаночыя спадніцы.

31-39

Самай галоўнай нагодай для выпечкі баб быў Вялікдзень, дакладней, святочнае снеданне ў велікодны панядзелак («свянцонае», або «свячонае»). Да гэтага дня бабы пякліся ў кожным шляхецкім двары, часцей за ўсё не па адной, і гэты працэс быў сапраўдным выпрабаваннем для гаспадыні. Дарагія прыправы (асабліва шафран), найлепшыя дрожджы, самая белая мука, вялізныя разынкі, молатыя мігдалы, неймаверная колькасць яечных жаўткоў — можна сказаць, што кожная баба была сур'ёзнай «інвестыцыяй», асабліва ўлічваючы, што некаторыя з іх дасягалі вышыні амаль паўметра! Таму рызыка, што баба не атрымаецца, цеста або ападзе, або, наадварот, занадта «выпра» з формы, была сапраўдным галаўным болем для гаспадынь і іх кухарак. Ігнацы Яцкоўскі іранічна пісаў пра гэта: «У Літве паненцы можна памыліцца ў такце музыкі альбо танца, але нельга памыліцца ў выкананні рэцэптаў бабак і вяндліны. А рэцэпты не такія лёгкія, як гэта здаецца, бо найменшая драбяза, зробленая не так, псуе ўсё. А калі каторая з нашых чытачак гэтаму не верыць, дык няхай у Літве зробіць бабку паводле рэцэптаў парыжскіх альбо лонданскіх пекараў, то заробіць сабе бессмяротнасць у прыказцы, як заслужыў яе сабе Заблоцкі ці пані Каўнацкая».

Залітае ў формы і прыкрытае льняным палатном цеста на бабкі, пакуль падыходзіла, трымалі ў замкнёным пакоі, у які не дапускаліся ані дзеці, ані мужчыны, і нават паблізу забаранялася гучна размаўляць, бегаць. Няўдалая баба была сапраўднай ганьбай для гаспадыні — гэты сюжэт часта сустракаецца ў гумарыстычных малюнках ХІХ стагоддзя. Бабы, вынутыя з печы, з амаль рэлігійным трапятаннем выкладалі на пуховыя пярыны, каб астылі.
А металічныя або керамічныя формы для выпечкі часта аздаблялі патрыятычнымі матывамі, напрыклад, гербамі гістарычных краін Рэчы Паспалітай.

Бабы вяршковыя ( з «Кухаркі літоўскай»)

Складнікі: 6 шклянак мукі, 6 шклянак жаўткоў, 1,5 шклянкі вяршкоў нагрэтых, але не гатаваных, 2,5 шклянкі цукру, 1,5 шклянкі масла пакаёвай тэмпературы, 120 г дражджэй, трохі солі.

Спосаб прыгатавання: Вымешаўшы, паставіць, каб цеста добра падышло. Калі падыдзе, добра замясіць і наліць дзве формы да палавіны. Калі цеста запоўніць формы цалкам, асцярожна паставіць у печ. З такой колькасці прадуктаў атрымліваюцца дзве сярэднія бабы; падыходзяць доўга.

 

 Велікоднае печыва дзеліцца на тры асноўныя віды: бабкі, мазуркі і торты, а апошнія зноў маюць столькі відаў, колькі пяску ў моры. Мужчыны не ведаюць гэтых тонкасцяў, і толькі востры жаночы розум можа іх ахапіць і ацаніць належным чынам. Бабкі бываюць шафранавыя, ванільныя, хлебныя і петынетавыя. Гэтыя апошнія патрабуюць неймавернай колькасці жаўткоў, а калі яны падыходзяць, нельга набліжацца да печы нікому, і асабліва мужчынам, якія па натуры нязграбныя і цяжка ступаюць... Ганаровая варта забяспечвае недатыкальнасць іх каралеўскіх вялікасцяў бабаў і мазурак... Мазуркі і праснакі, белыя і жоўтыя, карычневыя і вясёлкавыя, ляжаць усюды пакрыху, а на чатырох рагах — цудоўныя бабы, тоўстыя, як пухіры, расселіся ганарліва і сцерагуць стол, нібы чатыры вежы абарончай крэпасці. (Ян Булгак. Край дзіцячых гадоў.)

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».