Вы тут

Памяркоўнасць — гэта мудрасць і сталасць нацыі


Адна з самых значных прац выдавецтва «Бяловагруп», — гэта кніга «Беларусь замкавая», якая сёлета атрымала гран-пры на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі». Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з кіраўніком праектаў гэтай установы Таццянай Бяловай, каб даведацца сакрэт стварэння кнігі, вартай гран-пры, а таксама распытаць пра яе ўнутраныя творчыя арыенціры.

31-42

— Ці чакалі вы, што «Беларусь замкавая» будзе ацэнена так высока і атрымае найвышэйшую ўзнагароду?

— Гэта адзнака вялікай шматгадовай працы 18 аўтараў, я вельмі рада за нас усіх (над самой кнігай працавалі 1,5 года). Удзельнічала 20 фотамастакоў — як сталічных, так і з глыбінкі. Яны здзяйснялі экспедыцыі ў пошуках колішніх замкаў, часам ішлі па карце, каб зрабіць усяго некалькі здымкаў і зафіксаваць для гісторыі месцы былой сілы і славы. Налётвалі дзясяткі гадзін на самалёце ці верталёце, каб з птушынага палёту пабачыць родную спадчыну. Даводзілася ў прамым сэнсе сачыць за Млечным шляхам на зорным небе Айчыны, каб паказаць таемнасць замкаў і іх належнасць вечнасці (руіны некаторых аб'ектаў фатаграфавалі на фоне зорнага неба, толькі ў яснае надвор'е).

— Каманда, што працавала над выданнем, атрымалася больш чым сур'ёзнай...

Вялікую працу зрабіла наша складальніца Вольга Бажэнава, якая разам з выдавецтвам працавала над ідэяй. Важна тое, што нашымі рэцэнзентамі выступілі навукоўцы з Акадэміі навук — акадэмік Аляксандр Лакотка, вучоны акадэмік-сакратар Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч — гэта значыць, выданне зрабіла сур'ёзны крок наперад у вывучэнні замкаў. Дарэчы, у 1977 годзе гісторыкам Міхасём Ткачовым быў складзены спіс помнікаў абарончага дойлідства ІX — XVІІІ стагоддзя, які налічваў 130 аб'ектаў. Мы пашырылі яго да 300(!) і апублікавалі ў канцы кнігі — вельмі пашчыраваў тут Расціслаў Баравы. Многія з унесеных у спіс помнікаў раней былі малавядомымі, яны знойдзены намі на старых картах, у летапісах. Таму гэта добрая падстава для таго, каб даследаваць, ладзіць экспедыцыі. Дапамагалі таксама навукоўцы Андрэй Мяцельскі, Дзмітрый Дук, Ірына Ганецкая, Ігар Марзалюк і іншыя. Сярод фатографаў асабліва хачу адзначыць Віктара Малышчыца, Анатоля Дрыбаса, Аляксандра Ласмінскага. Важна адзначыць, што ў падрыхтоўцы праекта прынялі ўдзел 25 рэдакцый раённых газет, якія дапамагалі збіраць інфармацыю пра замкі сваёй мясцовасці. Вядома, над выданнем працаваў невялікі, але творчы калектыў «Бяловагруп», у якім, сярод іншых, Кацярына Аксёнава і Кацярына Чарапок. Дарэчы, спонсарам прэзентацыі нашага выдання выступіла кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», якая вырабляе зефір, мармелад, іншыя салодкасці. Мы вельмі ўдзячны яго кіраўнікам, бо прыкладаў, калі такія прадпрыемствы падтрымліваюць сацыяльныя праекты, зусім мала.

— Усе замкі, згодна з іх захаванасцю, у вашай кнізе размеркаваныя ў «залаты», «сярэбраны» і «крынічны» замкавыя паясы. Раскажыце крыху пра гэтую класіфікацыю і найбольш вядомыя аб'екты кожнай катэгорыі.

— Класіфікацыя ўмоўна-паэтычная. Калі мы нанеслі на карту Беларусі замкі спачатку высокай рэпрэзентатыўнай захаванасці і злучылі іх паміж сабой прамой, атрымаўся цікавы турыстычны маршрут з 11 гісторыка-культурных помнікаў: ад Камянецкай вежы, Ружанскага палаца, гродзенскіх замкаў і далей — Гайцюнішкі, Лідскі замак, Мураванка, Сынкавічы, Любча, сусветна прызнаныя Мірскі і Нясвіжскі замкі, Камайскі касцел. Атрымаўся «Залаты пояс»! А далей, па задыякальнай карце Беларусі склаўся «Сярэбраны пояс» з 8-мі руін-замкаў: Заслаўскага, Навагрудскага, Геранёнскага, Гальшанскага, Крэўскага, Белага Ковеля, Быхаўскага, Тураўскага. Трэці, самы шчымлівы — гэта «Крынічны пояс». Колішнія цвярдыні засталіся ў змененым рэльефе зямлі: абарончыя рвы, валы, якія дамалёўваюць агульную карціну Беларусі замкавай.

— У выданне ўвайшлі ўнікальныя фотаздымкі, картаграфічны матэрыял, гістарычныя малюнкі і гравюры. Якім чынам збіралі архіўныя матэрыялы?

— Аўтары дзень за днём адшуквалі яго ў самых розных крыніцах. Больш за тое, па-за выданнем яшчэ застаўся багаты картаграфічны, архіўны, гістарычны матэрыял. Ідэю горача падтрымалі літоўскія навукоўцы, яны з асаблівай сімпатыяй ставяцца да Беларусі, але пажадалі застацца невядомымі.

— У кнізе апублікавана хроніка замкаў. Што яна сабой уяўляе?

— Хронікі — кароткія звесткі гісторыі замкаў Беларусі. Сабраныя з самых розных крыніц — ваенных і палітычных летапісаў, мастацкіх і літаратурных твораў, іканаграфіі — яны прыведзены ў храналагічным парадку. У хроніках вычарпальная сучасная інфармацыя пра замкі падаецца ў сціслай, лагічнай паслядоўнасці.

— Як увогуле з'явілася ідэя выдання?

— Гады тры таму ў Вільнюсе на кніжнай выставе мне трапілася кніга, дзе нашы беларускія замкі выглядалі, нібыта пасынкі, мякка кажучы. Захацелася годна адказаць. А падчас працы захапіла... Аснову кнігі складаюць аб'екты, што ўвайшлі ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі». Гэта праект дзеля душы. Мы так зроблены, што увесь час шукаем сэнс свайго існавання — можа быць, гэта кнігай, я наблізілася да яго...

— Аднойчы вы сказалі: «Каб разумець характар беларусаў і не з гумарам, а цёпла ставіцца да нашай памяркоўнасці, трэба ведаць гісторыю...» Размовы пра гэтую рысу нашага народа вядуцца пастаянна, часцей ёй даецца негатыўная ацэнка. А што вы скажаце наконт такой якасці беларусаў?

— Памяркоўнасць сапраўды глыбока нацыянальная рыса беларусаў. Яна, відаць, у нашых генах, ідзе ад нашай гісторыі. За пяць стагоддзяў адбылося больш за 100 войнаў(!) — мы падлічылі гэта падчас працы над кнігай, але не апублікавалі: падумалі, а раптам памыліліся — не наклікаць бяду... З чатырох стагоддзяў, з XV па XVІІІ, два вырвала вайна! Удумайцеся толькі. У XVІІ ажно 71 год апалены вайной! Якую ж цвёрдасць духу, мужнасць сэрца і высакароднасць трэба мець, як любіць сваю радзіму, каб не саступіць з гэтай зямлі, каб даваць працяг новаму жыццю. Сівая грозная даўніна — наш настаўнік. Памяркоўнасць беларусаў я вызначаю як мудрасць і сталасць нацыі. Дарэчы, мінскія дамоўленасці — ое, што мы аказаліся ў фокусе сучаснай сусветнай гісторыі, — думаю, стала магчымым менавіта дзякуючы нашай памяркоўнасці, вытрыманасці дзяржаўнай палітыкі.

— Уладзімір Караткевіч напісаў такія словы: «Карані маўчаць, разрастаюцца ў зямлі і чакаюць свайго дня». Як вы лічыце, ці хутка настане час, калі ўсё тое, што назапашана ў нашых каранях, нарэшце зазелянее і зацвіце?..

— Сам Караткевіч, яго творы — дрэва ці не ад самых гэтых каранёў? Чым не з'ява —прыход у свет пісьменніка такой велічыні? І тое, што абуджаецца наша гістарычная памяць, адбываюцца значныя зрухі, — гэта відавочна. Карані агульнай нацыянальнай памяці сілкуюць нас. Трэба толькі звярнуцца да іх у сваім асабістым жыцці.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.