Вы тут

Над чым працуюць дэпутаты


Мы працягваем цікавіцца ў парламентарыяў, над якімі законапраектамі працуюць яны напярэдадні сесіі. Як праінфармавала Наталля КУЧЫНСКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, дзейнасць яе камісіі даволі шматбаковая. Так, дэпутаты актыўна рыхтуюцца да сёмай парламенцкай сесіі, распрацоўваюць законапраекты на перспектыву і не забываюць пра сваю выбарчую акругу.

— Працуе рабочая група па разглядзе Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прававой абароны таварных знакаў і знакаў абслугоўвання», у нашым дэпутацкім партфелі знаходзіцца праект закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Праграмы супрацоўніцтва ў сферы адукацыі паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Венгрыі на 2014 — 2016 гады», — паведаміла дэпутат. — Адзначу, што Праграма вызначае наступныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі: інфармацыйны абмен, развіццё прамых кантактаў паміж арганізацыямі сістэмы адукацыі, удзел педагогаў і навучэнцаў у рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах. Згодна з Праграмай, пашыраюцца магчымасці для навучання грамадзян ва ўстановах адукацыі абедзвюх краін. Так, штогод Беларусь накіроўвае 20 студэнтаў першай ступені вышэйшай адукацыі, 25 магістрантаў і 5 аспірантаў для набыцця адукацыі ў Венгрыі, а венгерскі бок штогод накіроўвае ў беларускія навучальныя ўстановы 10 студэнтаў першай ступені вышэйшай адукацыі.

Па словах парламентарыя, у дэпутатаў яе камісіі сёння два асноўных кірункі працы.

— Першы — работа сумесна з Міністэрствам адукацыі па ўнясенні дапаўненняў і змен у Кодэкс аб адукацыі, а таксама распрацоўка шэрагу захадаў па павышэнні сацыяльнага статусу педагога, — расказала Наталля Кучынская. З гэтай нагоды запланаваны сумесныя калегіяльныя пасяджэнні. На мінулым тыдні члены камісіі ўдзельнічалі ў пасяджэнні прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дзе дзяліліся вопытам рэгіёнаў і ўносілі прапановы па павышэнні сацыяльнага статусу настаўніка.

Другі напрамак — работа над нормамі праекта Кодэкса аб культуры, які паступіць у Палату прадстаўнікоў у красавіку бягучага года.

— Прадстаўнікі нашай камісіі ўваходзілі ў рабочую групу па распрацоўцы праекта Кодэкса аб культуры. Праект аб'яднаў каля 70 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, з якіх 7 законаў, 8 указаў Прэзідэнта, больш за 20 пастаноў урада краіны і больш за 30 нарматыўных актаў Міністэрства культуры. У першым квартале 2015 года ў рамках падрыхтоўкі да разгляду гэтага комплекснага дакумента ў сферы культуры наша камісія правяла выязныя пасяджэнні ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у майстэрні скульптара Івана Міско і на месцы стварэння скульптарам Канстанцінам Касцючэнкам кампазіцыі «Брама памяці». На кантролі камісіі знаходзіцца выкананне рэкамендацый «круглага стала» па праблемах чорнай археалогіі і аховы археалагічнай спадчыны, які правялі ў парламенце члены камісіі па адукацыі, культуры і навуцы разам з прадстаўнікамі Інстытута гісторыі і Міністэрства культуры ў мінулым годзе.

Што да працы ў акругах, то дэпутаты камісіі ініцыююць шматлікія патрыятычныя акцыі, прымеркаваныя да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Напрыклад, у сваім Ашмянскім раёне ў мінулую суботу я разам з лясніцтвам, аддзелам адукацыі, раённым БРСМ правяла акцыю «Наш лес — Вялікай Перамозе». Мы ладзім такую акцыю трэці год і ганарымся, што лес расце вельмі добра. На май запланавала велапрабег па мясцінах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, фотаконкурс «Вялікая Перамога ў гісторыі маёй сям'і».

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.