Вы тут

Ні сагнуць, ні разагнуць


«Раскажыце, калі ласка, пра гонартроз. Якім можа быць лячэнне, акрамя абязбольвання?

Ірына Фёдараўна, Мінская вобласць».

1-13

Тлумачыць урач-рэўматолаг 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Алена СІДАРОВІЧ:

— Самым распаўсюджаным захворваннем суставаў з'яўляецца астэаартроз. Яго рэнтгеналагічныя прыкметы выяўляюцца больш чым у 85 працэнтаў людзей ва ўзросце пасля 60-ці, а клінічныя праявы — прыкладна ў 12 працэнтаў.

Большасць суставаў у нашым арганізме складаецца з канцавых участкаў дзвюх касцей, пакрытых тонкім слоем храстка. Пры астэаартрозе храсток пакутуе. Яго паверхня становіцца грубаватай, у ёй могуць з'явіцца невялікія разрывы. Косць пад храстком становіцца таўсцейшай, чым звычайна, і пачынае разрастацца па баках сустава, што можа прывесці да абмежавання руху сустава, а ў цяжкіх выпадках — і да дэфармацыі. Часам працэс суправаджаецца запаленнем, таму сустаў можа прыпухаць, але ў цэлым запаленне нехарактэрнае для астэаартрозу.

Ад астэаартрозу могуць цярпець любыя суставы. Гонартроз — гэта астэаартроз каленнага сустава. Балючыя адчуванні ў каленях звязаны з дыстрафічнымі зменамі ў храстку, які пакрывае ўнутрысустаўныя паверхні касцей.

Што спрыяе развіццю захворвання?

Спадчынная схільнасць, парушэнне абмену рэчываў (захворванне часцей развіваецца ў людзей з лішняй вагой, атлусценнем), узрост (захворванне можа развіцца і ў маладых, але найбольшая колькасць прыпадае на ўзрост 60-65 гадоў), прыроджаныя або набытыя дэфекты будовы апорна-рухальнага апарату (скаліёз пазваночніка, дысплазія суставаў, плоскаступнёвасць), павышаная рухавасць сустава, цяжкія фізічныя нагрузкі, заняткі спортам, якія прыводзяць да хранічных мікратраўмаў храстка, траўма сустава, перанесеная аперацыя на суставах, зніжэнне ўзроўню жаночых палавых гармонаў.

Як праяўляецца?

Болем і «скаванасцю» ў суставе. Спачатку пры працяглай хадзе, раніцай пры ўставанні з ложка, пасля працяглага знаходжання ў становішчы седзячы. Паступова боль узмацняецца і становіцца больш упартым, працяглым. Часцей адчуваецца з унутранага боку сустава. Палёгка наступае ў становішчы лежачы, але на позніх стадыях боль не адпускае нават ноччу. Паступова ўсё цяжэй становіцца сагнуць і разагнуць нагу, з'яўляецца хруст, ацёк, дэфармацыя, урэшце — кульганне. У запушчаных, нялечаных выпадках можна перасоўвацца толькі з дапамогай мыліц.

Якім будзе абследаванне?

Дыягназ ставіцца на падставе клінічных сімптомаў. Для вызначэння ступені пашкоджання прызначаюць агульны і біяхімічны аналіз крыві, рэнтгеналагічнае і ўльтрагукавое даследаванне суставаў.

Медыкаментознае лячэнне. Абязбольвальныя і супрацьзапаленчыя прэпараты, хондрапратэктары (спрыяюць аднаўленню храстковай тканкі). Гэта могуць быць таблеткі, унутрымышачныя і ўнутрысустаўныя ін'екцыі, гелі, мазі, крэмы.

Артапедычнае лячэнне. Прымяненне спецыяльных прыстасаванняў, якія змяншаюць нагрузку на сустаў: артэзы (накаленнікі, якія абмяжоўваюць рух у суставе), артапедычныя вусцілкі, кій. Падборам займаецца ўрач-артапед. Пры пашкоджанні суставаў ніжніх канечнасцяў вялікае значэнне мае падбор абутку з аптымальнай вышынёй абцаса 2-4 см.

Хірургічнае лячэнне. Эндапратэзаванне — замена сустава або яго частак на штучныя.

Дадатковае лячэнне. Масаж, мануальная тэрапія, іголкарэфлексатэрапія, лячэнне лазерам. Цеплавыя працэдуры з парафінам, азакерытам, лячэбнай граззю. Крыятэрапія — мясцовае лячэнне холадам. Магнітатэрапія.

Лячэбная гімнастыка. Без комплексу лячэбных практыкаванняў, падабраных індывідуальна, немагчыма дасягнуць умацавання мышцаў, якія акаляюць хворы сустаў, палепшыць яго кровазварот і сілкаванне тканак. Практыкаванні праводзяцца на падлозе, лежачы і седзячы. Працягласць ад 10 хвілін (напачатку) да 30 хвілін. Выконваць практыкаванні трэба асцярожна, плаўна, без адчування болю. Супрацьпаказаны прысяданні, згінанне-разгінанне, працяглая хада, любыя рухі, якія выклікаюць боль.

Лішняй вагі трэба пазбаўляцца. Дыета павінна быць збалансаванай. Бялкі (жывёльныя — рыба, нятлустае мяса, тварог, сыры і іншыя малочныя прадукты, раслінныя — фасоля, грэчка, сачавіца) неабходныя для аднаўлення храстка. Гатаваць гэта трэба на пары або варыць, тушыць. Вугляводы — у выглядзе садавіны і гародніны. Тлушчы — пераважна алей, масла абмежавана. Неабходна дастатковая колькасць вітамінаў групы В — В1 у бульбе, бабовых; В2 — у яйках, малочных прадуктах, бананах; В6 — мясе курыцы, арэхах; В12 — капусце, сачавіцы. Алкаголь пад забаронай па прычыне свайго агульнага шкоднага ўплыву на арганізм.

Як не дапусціць?

Беражыце правільную постаць з дзяцінства.

Рэгулярна займайцеся фізкультурай, плаваннем для ўмацавання мышачна-звязкавага апарату.

Любыя парушэнні мышачна-касцявой сістэмы карэкціруйце як мага раней.

Спадчынную схільнасць улічвайце пры выбары прафесіі і віду спорту.

Не перагружайце суставы — любую фізічную актыўнасць чаргуйце з адпачынкам

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.