Вы тут

А ён такі ўстойлівы


На дыспансерным уліку ў Беларусі — звыш 7 тысяч пацыентаў з туберкулёзам. Абсалютная большасць — людзі працаздольнага ўзросту. Частка з іх знаходзіцца на стацыянарным лячэнні, іншыя пераведзены ўжо на амбулаторнае. Гэты другі этап не такі просты, як можа падацца. Як толькі пацыент пераходзіць на амбулаторны, самастойны прыём, ён павінен штодня наведваць арганізацыю аховы здароўя, каб атрымліваць і прымаць лекі. У выпадку, напрыклад, мультырэзістэнтнага туберкулёзу гэта можа доўжыцца да 2 гадоў. Дастаткова прапусціць прыём лекаў хоць бы на адзін дзень, як шлях да выздараўлення падаўжаецца яшчэ на два гады. Калі пацыент вытрымлівае ўсе рэкамендацыі ўрача, то яму прапануюцца ў якасці своеасаблівага стымулу да працягу лячэння прадуктовыя наборы, а таксама аплата праезду.

1-12

Паводле слоў начальніка аддзела першаснай медыка-санітарнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людмілы ЖЫЛЕВІЧ, звычайны туберкулёз можа перайсці ў мультырэзістэнтны пры няправільным лячэнні, перарыванні схемы прыёму прэпаратаў. Антыбіётыкі заўсёды трэба прымаць, як прызначыў урач, «да канца», нават калі самаадчуванне палепшылася. Гэта робіцца для таго, каб арганізм не пазбавіўся здольнасці супраціўляцца інфекцыі ў будучыні. Тыя ж правілы дзейнічаюць пры лячэнні туберкулёзу. Пацыенты часта не трымаюцца лячэння, і ў выніку набываюць устойлівыя да ўсіх схем тэрапіі мультырэзістэнтныя формы. А частка хворых першапачаткова інфіцыруецца ўстойлівымі да лячэння формамі і вымушаны адразу прымаць больш агрэсіўныя прэпараты.

Дзевяць з дзесяці пацыентаў з множнай лекавай устойлівасцю і тры з чатырох з мультырэзістэнтным туберкулёзам вылечваюцца ў выніку эфектыўна праведзенага лячэння.

Узровень захваральнасці і смяротнасці ў нас пакрысе зніжаецца, аднак Беларусь па-ранейшаму адносіцца да прыярытэтных краін Еўрапейскага рэгіёна СААЗ (усяго 18 такіх краін — у тым ліку Азербайджан, Арменія, Балгарыя, Грузія, Казахстан і інш.) з высокай распаўсюджанасцю туберкулёзу і выпадкаў множнай лекавай устойлівасці. З 2007 года Глабальны фонд для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй выдаткаваў у межах грантаў звыш 35 млн долараў на ўкараненне ў нашай краіне хуткіх метадаў дыягностыкі і мер інфекцыйнага кантролю, на павышэнне прыхільнасці пацыентаў да лячэння.

«Беларусь можа атрымаць наступны грант Глабальнага фонду ў памеры 12 млн долараў на 2016-18 гады, — адзначае намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Кацярына ПАНІКЛОВА. — Грошы мяркуецца патраціць на больш шырокае ўкараненне хуткіх малекулярна-генетычных метадаў дыягностыкі, набыццё супрацьтуберкулёзных прэпаратаў і прымяненне новых метадаў фінансавання амбулаторнага лячэння».

Дарэчы, летась у Магілёўскай вобласці для павышэння матывацыі найперш медработнікаў паспрабавалі аптымізаваць амбулаторнае лячэнне хворых на туберкулёз. Фінансавыя сродкі перанакіравалі са стацыянарнай дапамогі на амбулаторны ўзровень. Медработнікі, якія кантралююць лячэнне, атрымлівалі дзякуючы гэтаму даплату. Сёлета эксперымент будзе пашыраны на ўсе вобласці.

Як вядома, палачкай Коха інфіцыраваныя амаль усе дарослыя. Аднак яна застаецца ў арганізме ў «замарожаным» стане. Захварэць чалавек можа пры пэўных умовах. Адна з іх — аслаблены імунітэт. Зразумела, што ў першую чаргу гэта людзі з ВІЧ. Кожны ВІЧ-інфіцыраваны мае больш як у сто разоў вышэйшую верагоднасць захварэць на туберкулёз, у тым ліку мультырэзістэнтны. Існуюць і іншыя фактары, здольныя аслабляць імунную сістэму — гарманальная тэрапія, дэфіцыт масы цела, недаяданне, стрэсы. Наогул у туберкулёзу — свае групы рызыкі. Адна — сацыяльная, другая — медыцынская. У першай — бяздомныя, нарказалежныя і інш., у другой — тыя, хто ігнаруе своечасовае абследаванне.

*Цягам наступных 20 гадоў ставіцца задача знізіць смяротнасць ад туберкулёзу на 95 працэнтаў і захваральнасць наблізіць да ўзроўню 10 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва (пакуль у краіне 50 на 100 тысяч).

*Нават калі ў хворага была інфекцыйна небяспечная форма захворвання, літаральна праз месяц пасля пачатку лячэння ён цалкам бяспечны для навакольных. Палова хворых на туберкулёз не ўяўляе ніякай інфекцыйнай пагрозы, паколькі ў іх не выдзяляецца палачка Коха.

*У месцах зняволення захваральнасць зараз прыкладна ў 4 разы вышэйшая ў параўнанні з астатняй часткай грамадства. Праблема прыхільнасці да лячэння ў пенітэнцыярнай сістэме яшчэ больш вострая (хворыя зняволеныя атрымліваюць пэўнае паслабленне рэжыму). Праўда, Міністэрства аховы здароўя прапануе ўжо не разглядаць туберкулёз у якасці падставы для датэрміновага вызвалення хаця б таму, што ў пенітэнцыярнай сістэме створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага лячэння

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.