Вы тут

Магу... Але не хачу!


Вось так нярэдка і бывае ў жанчын. У моцнага полу з гэтым прасцей...

Тое, што мы кахаем сэрцам, — проста прыгожыя словы. Пачуцці, а разам з імі і жаданні, зараджаюцца ў галаўным мозгу. Так што мы, хутчэй, кахаем гіпаталамусам і гіпофізам! На некалькі простых, але цікавых пытанняў адносна сексуальнага жыцця «пралівае святло» ўрач-псіхатэрапеўт-сексолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Васіль ШАЎЛЯКОЎ.

1-10

— Як узнікае сексуальнае жаданне?

— Сексуальнае жаданне складаецца з двух кампанентаў. Усвядомленае жаданне кіруецца карой галаўнога мозга, залежыць ад нашай свядомасці і многіх свядомых псіхічных з'яў, у аснове якіх хаваецца мысленне і ўспрыманне, і з'яўляецца вышэйшай псіхічнай функцыяй чалавека. Неўсвядомленае жаданне кіруецца і кантралюецца пераважна гарманальна. Спачатку эндакрынная сістэма павінна атрымаць ад мозга сігнал, каб запусціць выпрацоўку гармонаў. Адказваюць за гэтыя сігналы самыя старажытныя часткі мозга — гіпофіз і гіпаталамус. Эксперыменты шведскіх нейрапсіхолагаў паказалі, што гіпаталамус па-рознаму рэагуе на ферамоны (рэчывы, якія выклікаюць узбуджэнне) у людзей з рознай сексуальнай арыентацыяй. У геяў ён адчувальны да мужчынскіх ферамонаў, як і гіпаталамус жанчын. У мужчын-гетэрасексуалаў ён не праяўляе ніякай цікавасці да мужчынскіх ферамонаў, але адгукаецца на жаночыя. Так што з пункту гледжання біялогіі сексуальнае жаданне ўзнікае па біялагічных законах і не залежыць ад нашай волі. Што да гармонаў, то шлях да сексу пачынаецца з дафаміну: ён адказвае за ўзбуджэнне і за тое, што мы, ахопленыя жаданнем, страчваем кантроль над сабой — ідзём на рызыку, імпульсіўныя ўчынкі.

— Чым жаночае жаданне адрозніваецца ад мужчынскага?

— З сексуальным жаданнем у жанчын усё складаней, чым у мужчын. Проста таму, што для мужчын узбуджэнне і жаданне — амаль сінонімы, а для жанчын не заўсёды. Мужчынскае жаданне ў многім абумоўленае фізіялогіяй, а жаночае па сваёй прыродзе псіхалагічнае.

Не так даўно канадская даследчыца-сексолаг прааналізавала вынікі 132 даследаванняў, якія вымяралі ўзровень узбуджэння мужчын і жанчын падчас прагляду эратычнага відэа. Высветлілася, што ў мужчын жаданне і ўзбуджэнне цудоўна стасуюцца паміж сабой. А ў жанчын гэта ўзаемасувязь амаль не праглядалася.

Гэта адна з прычын, па якіх для жанчын так і не прыдумалі надзейнага «любоўнага напою» ці віягры. Прыліў крыві да палавых органаў, вядома, прыводзіць іх у стан узбуджэння. Вось толькі ніякага жадання пры гэтым жанчына можа не адчуваць.

Доўгі час лічылася, што для жанчын важныя ў першую чаргу стасункі. Менавіта яны, надзейныя і гарманічныя, нараджаюць сексуальнае жаданне. Аднак шэраг сучасных даследчыкаў скептычна ставяцца да такога пункту гледжання. Верагодна, на пачатковым этапе стасункі даволі моцна ўзбуджаюць жанчыну. Аднак ці надоўга захоўваецца такое становішча? Можа быць, для многіх жанчын больш важна мець добрыя стасункі, а не добры секс. Але адсюль не вынікае, што стасункі сексуальна ўзбуджаюць жанчыну. Калі б стабільнасць, камфорт і ўзаемная павага сапраўды так моцна стымулявалі жаночае лібіда, мы б наўрад ці бачылі столькі жанчын у паспяховым шлюбе са скаргамі на адсутнасць сексуальнага жадання.

— Па якіх прычынах жаданне можа знікаць?

— Мы ведаем, што сексуальнае жаданне — гэта прадукт зладжанай работы розных функцыянальных сістэм нашай фізіялогіі пад жорсткім уплывам псіхічнай дзейнасці шляхам адэкватнага функцыянавання цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы. Зрывы ў рабоце на кожным этапе складанага шматфункцыянальнага комплексу па-рознаму адбіваюцца на лібіда: ад яго зніжэння да поўнага знікнення.

Найбольш частымі прычынамі зніжэння лібіда з'яўляюцца псіхалагічныя праблемы і знясіленне функцыянальных магчымасцяў арганізма: пастаянны стрэс, прафесійнае і творчае выгаранне, дрэнныя стасункі з партнёрам (згасанне сексуальнага жадання ў пары часта з'яўляецца «намёкам» на наяўнасць праблем у стасунках, асабліва калі гэтыя праблемы настойліва ігнаруюцца і не ўсведамляюцца), аднастайнасць сексуальнага жыцця, заніжаная самаацэнка і незадаволенасць сабой (псіхалагічныя комплексы, унутрыасабовы канфлікт, у тым ліку пасля цяжарнасці і родаў, на фоне цяжкіх саматычных захворванняў, вытрымлівання розных дыет, прыёму супрацьзачаткавых і медыкаментозных гарманальных прэпаратаў) і г.д.

Сярод прычын іншага кшталту можна назваць змяненні гарманальнага фону ў выніку эндакрынных і гінекалагічных захворванняў, сексуальныя дысфункцыі (эрэктыльная дысфункцыя, анаргазмія, хваравітыя адчуванні пры сексуальным кантакце) і псіхічныя захворванні (трывожныя і дэпрэсіўныя расстройствы).

Святлана БАРЫСЕНКА

Што хаваецца за гарачым «хачу»

— «Быць як усе», належаць да якой-небудзь групы — адна з асноўных нашых патрэб. І калі грамадства ўхваляе сексуальнасць і яе праявы, мы, хутчэй за ўсё, будзем імкнуцца стаць сексуальнымі. Так што, калі мы думаем, што жадаем сексу, мы, можа быць, жадаем чагосьці іншага, напрыклад, падтрымання іміджу, прызнання, поспеху... Сёння не толькі мужчыны хваляцца колькасцю палюбоўніц, але і жанчыны імкнуцца «калекцыянаваць» мужчын. Ёсць жанчыны, якія займаюць вялікія пасады, яны рашучыя і элегантныя, самаўпэўненыя і падцягнутыя... Вобраз начальніцы і сексуальнай жанчыны-вамп па многіх пунктах супадае.

Другі момант — уцёкі ад адзіноты. Мы бяжым ад яе, пакутуем ад душэўнай пустэчы, шукаем іншага чалавека, каб ён пазбавіў нас гэтага. Многія жанчыны, напрыклад, прыслухоўваюцца да сябе і чуюць унутраны голас: «Ах, прыціскай мяне да сябе, дазволь забыцца на адзіноту». У сэнсе, я такая слабая, мяне палохае гэта слабасць, але я гатова рызыкнуць. Нават калі ты мяне «зломіш», гэта лепш, чым згубіцца ў гэтым свеце... Аднак якім чынам прыцягнуць іншага чалавека? Прыманіць яго да сябе? Секс — адзін з самых хуткіх спосабаў дасягнуць блізкасці. Няхай ілюзорнай, але заўсёды жаданай. Насамрэч шмат гадоў сяброўскіх размоў павінны прайсці, каб мы дасягнулі з іншым чалавекам той натуральнай інтымнасці, якая, як мы думаем, сама сабой усталёўваецца раніцай пасля ложку. Вядома, тут можна прамахнуцца. Аднак калі ёсць сімпатыя, то ёсць і шанц пазнаёміцца бліжэй. Праведзеная разам ноч — толькі нагода для знаёмства.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.