Вы тут

Камп'ютар — інструмент, які ніколі не заменіць мысленне інжынера


З вялікай цікавасцю прачытаў інтэрв'ю з новым міністрам адукацыі Міхаілам Анатольевічам Жураўковым. Нарэшце прагучалі цвярозыя погляды на выхаванне і дзейнасць інжынера, без якога сёння немагчымае развіццё ніводнай галіны народнай гаспадаркі, немагчымы навукова-тэхнічны прагрэс.

Вось ужо 42 гады я працую галоўным інжынерам аднаго з лепшых праектных інстытутаў краіны. Прайшоў шлях ад майстра-будаўніка да галоўнага інжынера будаўнічага ўпраўлення ў перыяд бурнага росту будаўніцтва, прамысловасці і гарадоў у 60—70-я гады мінулага стагоддзя. Часткова пад маім уплывам раслі шматлікія інжынерныя кадры, і таму я магу рабіць высновы наконт выхавання і падрыхтоўкі інжынераў.

Вясковую школу закончыў у 1958 годзе. Запомніўся эпізод на ўступных экзаменах у Беларускі політэхнічны інстытут — адзін з найлепшых політэхнічных інстытутаў на той час у СССР. Пасля «пяцёрак», атрыманых на першых іспытах, апошнім здаваў фізіку. Усё адказаў без праблем. І тады выкладчык, які прымаў экзамен, узяўся мяне распытваць, адкуль я, якую школу заканчваў, хто вучыў мяне фізіцы і г.д. Вось вам і прыклад, што такое асабісты кантакт замест сённяшняга безаблічнага выпадковага тэсціравання.

Мне тады было толькі 16 гадоў. У той жа час я як школьнік паступаў у рамках 20% ад агульнага прыёму, бо ў 1958 годзе быў выдадзены загад аб прыёме ў ВНУ 20% школьнікаў і 80% людзей з вытворчасці. Тады ў гэтым быў сэнс, бо, як высветлілася, гэтыя 80% ішлі ў ВНУ строга мэтанакіравана. Адзін з абітурыентаў паступаў трэці раз запар на адну і тую ж спецыяльнасць — «інжынер-будаўнік». І ўсё ж такі паступіў. На першым курсе ў інтэрнаце ў адным пакоі жылі 8 чалавек, з іх толькі я адзін — шаснаццацігадовы хлопец, а астатнія — дарослыя мужчыны. Сярод іх — два маракі, якія 4 гады адслужылі на флоце, два хлопцы, якія прайшлі службу ў войску, і трое — з заводаў.

Так, мне давялося ім дапамагаць на першых курсах. Але ўжо на трэцім-чацвёртым курсе палова з іх вучылася на павышаную стыпендыю. Трэба было бачыць, як яны «грызлі навуку» па начах. Хлопцы ведалі, што ім трэба. Яны прыйшлі ў ВНУ не па дыплом, а па веды і прафесію. І ніхто ёй ніколі не здрадзіў.

Я з задавальненнем прыгадваю настаўнікаў тагачаснай школы. А якія выкладчыкі былі ў політэхнічным інстытуце! Усе! Гэта былі адданыя справе і нам, моладзі, людзі і спецыялісты.

Матэматыку немалады Бухвалаў выкладаў дакладна, даходліва і з любоўю. Ён нам заўсёды тлумачыў: гэта вы сустрэнеце ў сапрамаце, гэта вам будзе патрэбна ў будаўнічай механіцы і г.д. Між іншым, ён гаварыў студэнтам пра шпаргалкі так: «Пішыце шпаргалкі абавязкова. Калі вы напішыце іх самі, значыць, вы прапрацавалі ўвесь курс».

А дацэнт Хаюцін! Ён так бадзёра расказваў пра канструкцыі, што за дзве гадзіны ўвесь выпэцкваўся крэйдай. Такому энтузіязму можна пазайздросціць! І гэта ён, І.Л. Хаюцін, мне, кругламу выдатніку (першаму па размеркаванні), паказаў дарогу ў жыцці — як пацвердзілася, абсалютна правільную. Ён мне сказаў: «Тваёй высокай тэарэтычнай падрыхтоўцы не хапае вытворчага досведу. Кафедра і аспірантура пачакаюць. І ты не глядзі на свае «пяцёркі». Толькі на будоўлю. Памацай гады тры ўсё сваімі пальцамі, потым у праектны інстытут гады на чатыры, і тады табе цаны не будзе». Гэта не мае, гэта яго словы. Дзякуй яму вялікі!

Вучоба ў БПІ была сур'ёзнай. Усе, за выключэннем некалькіх абібокаў, паспяхова авалодалі інжынернай падрыхтоўкай. Яшчэ адна адметнасць. Тады састаў студэнтаў БПІ быў амаль увесь мужчынскі, у групе з 30 чалавек у нас было не больш як 4-5 дзяўчат. Фемінізацыя (сёння ў БНТУ па калідоры бегаюць пераважна дзяўчаткі) інжынернай працы зусім не на карысць. Вырашаць найскладанейшыя, часта вельмі небяспечныя задачы на вытворчасці — гэта мужчынская справа. Паверце майму вялізнаму досведу будаўніка: для гэтага неабходна мець цудоўныя веды перш за ўсё па фізіцы, умець выстройваць строгую лагічную мадэль таго, што адбылося, падлічыць сёе-тое ў галаве і адразу даць рэкамендацыі.

«Калі хочаце стаць выдатным інжынерам, вы павінны ведаць фізіку лепш за свайго выкладчыка — каб інтуітыўна і імгненна ацаніць сітуацыю», — так я заўсёды кажу моладзі, якая прыходзіць да нас у інстытут.

Акрамя таго, аб'ект трэба не проста «сфатаграфаваць» позіркам, а бачыць усю яго сутнасць як зверху, так і ўнутры ў дэталях. Але, на жаль, нярэдка інжынеры вузкага профілю, нават з навуковымі ступенямі, аб'ект цалкам не ахопліваюць і робяць няправільныя высновы. Пры гэтым трэба яшчэ абавязкова мець добрае прасторавае ўяўленне. На жаль, не ўсе, у каго ёсць дыплом інжынера, яго маюць. Мала таго, яго трэба развіваць з дзіцячых гадоў. У той жа час хтосьці у Міністэрстве адукацыі здагадаўся дзясятак гадоў таму выключыць са школьнай праграмы чарчэнне. У стагоддзе тэхнічнага прагрэсу гэта сапраўднае шкодніцтва! Пасля, праўда, памылку зразумелі, і прадмет вярнулі.

Адзначу таксама, што суцэльная камп'ютарызацыя, акрамя карысці, прынесла вялікую шкоду развіццю асобы інжынера. Паколькі ўсе сёння, асабліва пры абмежаваных ведах у дакладных навуках, ідэалізуюць камп'ютар настолькі, што думаюць, што той сам вырашыць усё за інжынера. Але ж камп'ютар — толькі інструмент, які аблягчае яго працу. Ён жа ні-ко-лі не заменіць яго мысленне. А калі чалавек, не разумеючы сутнасці задачы, увядзе ў камп'ютар няправільную інфармацыю або разліковую схему, то вынік атрымае няправільны. І тады памылка прывядзе да аварыі!

Мой досвед сведчыць, што найпрасцейшыя фізічныя формулы, «азы» супраціўлення матэрыялаў, будаўнічай механікі кожны інжынер павінен усё жыццё памятаць і ў экстрэмальных выпадках неадкладна выкарыстоўваць гэтыя веды. Дарэчы, для простых падлікаў вельмі карысная лагарыфмічная лінейка, якую моладзь і ў вочы не бачыла.

Для далейшага прагрэсу ў падрыхтоўцы інжынерных кадраў хачу даць яшчэ некалькі рэкамендацый.

У школьныя праграмы матэматыкі і фізікі няма патрэбы ўключаць элементы вышэйшага ўніверсітэцкага курса (дыферэнцыялы, інтэгралы і інш.). Навошта гэта ў школе ўсім, калі з класа, напрыклад, выйдзе ўсяго толькі адзін інжынер або матэматык? У ВНУ ж усё гэта без праблем сістэмна вывучаецца студэнтамі з матэматычным мысленнем.

Настаўнікам фізікі і матэматыкі трэба падняць аплату працы, бо іх мысленне асаблівае — гэта дар Божы. Тады яны пойдуць у школу.

Асобнае пытанне выклікае тэсціраванне пры паступленні ў ВНУ. Толькі гутарка зможа выявіць веды. І што значаць 15—20 балаў са 100? Хіба гэта веды? Да смешнага даходзіць, калі, напрыклад, два гады таму на энергетычны факультэт БНТУ паступіў малады чалавек, які здаў тэст па фізіцы на «1». Але ён прайшоў па агульнай суме тэстаў. У інжынернай справе гэта недапушчальна!

Хлопцаў трэба скіраваць у інжынерную сферу. Для гэтага неабходна выяўляць здольных ужо ў школе і арганізоўваць для іх спецыяльныя заняткі. Японцы гэта даўно зразумелі.

Званне інжынера трэба падняць на высокі ўзровень. Варта арганізаваць прапаганду інжынернай прафесіі ў СМІ, каб выклікаць у моладзі зацікаўленасць. Марудзіць далей не дапушчальна!

Рышард КАЦЫНЕЛЬ, галоўны інжынер інстытута «Гроднаграмадзянпраект»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.