Вы тут

Незвычайныя спосабы вырошчвання расады


Міні-парнічок

Бераце пластыкавую бутэльку. Толькі абавязкова празрыстую (не карычневую, не зялёную) разразаеце напалам уздоўж (па даўжыні). На палавінку ўкладваеце 6-8 слаёў туалетнай паперы. Затым зверху яе трэба добра намачыць, але каб вады не было (перакулілі — лішняя вільгаць сцячэ, а папера нікуды не дзенецца).

Зверху раскладаеце насенне, як быццам саджаеце. На бутэльку насоўваеце звычайны поліэтыленавы пакет і завязваеце на канцы. У вас павінен атрымацца своеасаблівы парнічок. І ўсё. У такім выглядзе насенне можа і два, і тры тыдні знаходзіцца. Лісточкі вырастуць толькі два, але корань будзе ўзмоцнена развівацца. Паліваць не трэба; кандэнсат будзе пастаянна вяртацца на старое месца. Калі прыйдзе час — перасадзіце ў зямлю.

Вельмі добра такім чынам вырошчваць насенне петуніі, суніц. Потым расада, пасаджаная такім чынам, пераганяе тую, што садзім звычайна, бо ў яе ўжо вялікія карані, якія, толькі зачапіўшыся, пачынаюць пускаць лістоту. А звычайная расада спачатку ўзмоцнена нарошчвае каранёвую сістэму, а потым усё астатняе.

Варанянскі Сяргей Віктаравіч, Маладзечанскі раён.

Беззямельная тэхналогія

Наразаем палоскі поліэтыленавай плёнкі (падыходзіць любая — з пакетаў, рэшткі старой ад парніка): шырыня 10 см, даўжыня адвольная.

1-9

На плёнку ўкладваем палоску туалетнай паперы, змочваем яе вадой. Потым раскладваем насенне, адступіўшы 1 см ад верху і па 2-3 см у радзе. Затым зверху кладзем яшчэ адну палоску туалетнай паперы, і на яе — стужку плёнкі. Згортваем у рулончык. Можна нават дзве палоскі скруціць у адзін рулончык. Затым устаўляем рулончык у шклянку насеннем угору. Замест шклянкі можна выкарыстоўваць абрэзаную пластыкавую бутэльку. Наліваем ваду на ўзровень 3-4 см. І ставім на падаконнік або іншае месца ў пакоі. Ваду час ад часу неабходна мяняць.

Прыкладна праз тыдзень з рулончыка з'яўляюцца першыя парасткі.

Праз два тыдні ў шкляначцы стаіць зялёны букет.

1-8

У ваду пажадана дабавіць некалькі кропель канцэнтрату для ўзмацнення росту. Пры з'яўленні ў расады двух сапраўдных лісточкаў разгортваем рулон, здымаем верхнюю палоску плёнкі, а там ляжаць парасткі як у пялёнках, карэньчыкі даўжынёй 5-7 см. Пры гэтым відаць, якія парасткі дужыя, а якія слабыя. Папера раскісла, але гэта не перашкода. У грунт высаджваем разам з ёй.

Тэхналогія добрая тым, што не займае месца. Няма чорнай ножкі, ёсць час падрыхтаваць глебу для рассадных скрыняў.

Бартушэўскі Васіль Мікалаевіч, Слонім.

сакрэты добрай «сямейнай» цыбулі

Перад пасадкай у цыбулі абразаем верхавіну; пяро будзе гусцейшае. Замочваем цыбулю ў слабым растворы марганцоўкі на 3-4 гадзіны. Загадзя рыхтуем пасадачнае месца. «Сямейную» цыбулю вельмі добра садзіць на баразёнкі, як бульбу. Уніз баразёнкі кладзем перагной.

Цыбуліны саджаем на адлегласці 15 см адна ад адной. Пасадзіўшы цыбулю зверху, прыкрываем сенам або слоем сеннага гною. Здымаем гэты слой праз два тыдні, калі цыбуля пачынае ўсходзіць.

Догляд цыбулі заключаецца ў праполцы і паліве, толькі калі засуха. Цыбулька ваду не любіць. Калі цыбулю паліваць часта, яна будзе гніць пры захоўванні. Рыхліць цыбулю трэба акуратна, каб не патрывожыць карані.

А змагацца з цыбульнай мухай дапамагае наступны прыём. Як толькі цыбуля пачынае прарастаць, уся цыбуліна выштурхваецца наверх (павінна тырчаць з зямлі). Калі не, то трэба пальцам адгрэбці зямлю ад кожнай цыбуліны, каб яна была адкрытая. Гэта трэба для таго, каб цыбуліна была на сонцы (цыбульная муха баіцца сонца).

Калі раптам кончыкі пяра пачынаюць жаўцець, то цыбулю трэба паліць растворам гнаявой жыжкі ці моцным растворам паваранай солі. А некаторыя агароднікі наогул перад пасадкай бяруць пачак солі і рассыпаюць яе на месца пасадкі цыбулі.

У народзе лічыцца, што лепш за ўсё выбіраць цыбулю на Яблычны Спас.

Сушыць яе трэба доўга ў месцы, якое добра ветраецца.

Некаторыя агароднікі саджаюць «сямейную» цыбулю рэзанай (кожную галоўку трэба разрэзаць напалам, а калі галоўка буйная, то на 4 часткі — з умовай, што ў кожнай частцы прысутнічае кавалачак каранёвай сістэмы). Саджаць трэба неглыбока — не прыйдзецца «выграбаць», цыбуля сама на 1/4 нібы выйдзе з зямлі. Пры такой пасадцы восенню цыбулька парадуе меншай колькасцю цыбулін у гняздзе, але большай велічыні.

Валянціна Сямёнаўна, Клецкі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.