Вы тут

Не варта адгароджвацца ад бібліятэкі


У Брэсцкай абласной бібліятэцы праходзіць тыдзень дзіцячай кнігі. Скажаце, шараговае мерапрыемства, якое ладзіць амаль кожная буйная бібліятэка? І так, і не. Таму што брэсцкі тыдзень падаецца асаблівым.

[caption id="attachment_77572" align="alignnone" width="600"]1-22 Ад­но з ме­ра­пры­ем­стваў аб­лас­ной біб­лі­я­тэ­кі.[/caption]

Паводле слоў дырэктара бібліятэкі Тамары ДАНІЛЮК, незабыўнай стала сустрэча з пісьменнікам Анатолем Бутэвічам. Гэты чалавек так умее весці дыялог з юным чытачом, зацікавіць яго гістарычнай інфармацыяй, што вопытныя бібліятэчныя работнікі былі здзіўлены рэакцыяй прысутных. Малодшыя школьнікі засыпалі госця пытаннямі, а старэйшыя пэўны час сядзелі, што называецца, рот разявіўшы, спрабуючы пераварыць атрыманую інфармацыю, а потым паступова ўцягваліся ў дыскусію. Абыякавых у той аўдыторыі не было дакладна.

Цікавым атрымаўся дзень польскай кнігі. І не толькі незвычайным майстар-класам, які прывезлі калегі з Бяла-Падляскі: дзеці былі ў захапленні ад таго, што самі змаглі аформіць будучую кнігу. Школьнікі доўга не адпускалі генконсула Польшчы ў Брэсце Ганну Навакоўскую: давялося ёй успомніць усе школьныя гады, расказаць, якія прадметы любіла, якія кнігі чытала. «Дзеці праявілі цікавасць да кнігі, — сказала намеснік дырэктара бібліятэкі Ала МЯСНЯНКІНА, — выказалі інтарэс да гісторыі сваёй радзімы, гістарычнай тэматыкі наогул. Калі гэты парыў дарослым удасца падтрымаць, будзе проста цудоўна, значыць, недарма ладзіўся тыдзень дзіцячай кнігі».

Названы прыклад — адна з апошніх добрых спраў абласной бібліятэкі, якія праводзяцца тут гады і дзесяцігоддзі. Галоўнае багацце ўстановы, несумненна, яе фонд, які налічвае больш за 900 тысяч кніг. Сярод іх ёсць надзвычай рэдкія выданні. Такія, як набытая нядаўна з прыватнай калекцыі радзівілаўская Біблія, выдадзеная ў берасцейскай друкарні ў ХVІ стагоддзі. Вяртанне на радзіму старажытнага фаліянта, які з'яўляецца адным з гістарычных сімвалаў амаль 1000-гадовага Брэста, стала своеасаблівым лагічным працягам велізарнай навуковай работы, якую праводзіць бібліятэка. Яшчэ тры гады таму на адной з навукова-практычных канферэнцый асцярожна казалі пра магчымасць займець асобнік сапраўднай Бібліі, надрукаванай на тэрыторыі цяперашняй крэпасці амаль 500 гадоў таму. Цяпер яна — частка фонду, якім можна заслужана ганарыцца.

На брэсцкіх канферэнцыях традыцыйна бываюць сур'ёзныя вучоныя з многіх краін свету. Менавіта навуковыя форумы даюць пачатак такім значным праектам, як віртуальныя рэканструкцыі кнігазбораў. Першай паспяховай ластаўкай названай справы стала рэканструкцыя бібліятэкі роду Сапегаў, якая некалі захоўвалася ў Ружанскім палацы, а цяпер раскідана па ўсім свеце. Калегі адгукнуліся на просьбы бібліятэкараў з Брэста, прадаставілі электронныя копіі 30 кніг, і пры падтрымцы бюро ЮНЕСКА ў Маскве выйшаў дыск «Віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі роду Сапегаў». Для таго, хто мае навуковы, даследчы інтарэс у вывучэнні сапегіяны, лічбавая версія кніг — проста знаходка.

Сёння Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага мае не толькі дзясяткі тысяч чытачоў, якія наведваюць залы, але і сотні тысяч карыстальнікаў яе сайта. А вось 900 тысячам фаліянтаў цесна ў фондах, якія былі разлічаны ў свой час на 500 тысяч.

Будынак бібліятэкі ўзвялі без малога паўстагоддзя таму. І за гэты час ні разу не праводзіўся капітальны рамонт. Таму зразумела, што з часам паўстала пытанне не толькі аб рамонце, але і аб рэканструкцыі. Гаворка пра гэта вядзецца не адзін год, было прынята рашэнне аблвыканкама, але яго выкананне па розных прычынах зацягвалася. І цяпер ніхто не возьмецца сказаць, калі ж дойдзе чарга да бібліятэкі. Можа б, гэтае пытанне не паўставала так востра, каб не пабудавалі жылы дом паміж бібліятэкай і праезнай часткай бульвара Касманаўтаў.

На фоне гэтай абсурднай пасадкі дома асабліва робіцца прыкметна, як удумліва падыходзілі да справы архітэктары сярэдзіны мінулага стагоддзя! Яны аднеслі будынак бібліятэкі крышачку ўглыб вуліцы, каб не перабіваў дарожны шум цішыню чытальных залаў, і аддзялілі дом кнігі ад дарогі прыгожым скверам. Сучаснікі зруйнавалі той сквер і засунулі жылы дом з паркоўкамі на лапік зямлі. У ранейшыя часы такі падыход назвалі б ледзь не шкодніцтвам, а цяпер, відаць, называюць верхам рацыяналізму. Дом узводзіла сумна вядомая ў Брэсце фірма «Аблічча», дырэктар якой сёння адбывае тэрмін пакарання. Ды гэта так, да слова. Пачалася будоўля, як заўсёды, з забівання паляў. Вось гэта і стала момантам ісціны для старога будынка бібліятэкі. Трэшчыны, якія толькі намячаліся, а дзе-нідзе былі яшчэ нябачныя, зазеўралі і звонку, і знутры. Дзевяціпавярховы дом пачаў узводзіцца амаль дзесяць гадоў таму, і да гэтай пары, дарэчы, стаіць не скончаны. Але ён зусім закрыў з вуліцы бібліятэку.

За гэты час у абласным цэнтры як грыбы выраслі супермаркеты, гіпермаркеты, розныя забаўляльныя ўстановы, узводзілася элітнае жыллё, у тым ліку ў цэнтры горада. Ёсць нейкі сімвалізм ва ўсім гэтым, нібы камерцыйным навабудам сорамна стала перад бібліятэкай, вось яны яе і закрылі. Але дарэмна. Бібліятэкі патрэбны грамадству, калі яно не хоча зусім страціць сваю духоўнасць. Пра тое гаворыць сусветны вопыт. І лепей, калі гэта грамадства падтрымлівае бібліятэкі ў належным выглядзе. Як кажа народная мудрасць, «спатрэбіцца вады напіцца».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.