Вы тут

Фатограф у стылі рэтра!


Карэспандэнт «Звязды» на дзень літаральна перанёсся ў часе, стаўшы фатографам, які выкарыстоўвае для здымак дарэвалюцыйную тэхналогію. Цуд адбыўся ў адной з нямногіх у Еўропе студыі піктарыяльнай фатаграфіі.

[caption id="attachment_77573" align="alignnone" width="600"]OLYMPUS DIGITAL CAMERA Ка­рэс­пан­дэнт «Звяз­ды» ў ро­лі фа­то­гра­фа мі­ну­ла­га.[/caption]

Творчы «вулей»

Фатографаў Кацярыну Грынеўскую і Уладзіслава Андрэева застаў за рамонтам: рыхтаваліся да адкрыцця студыі піктарыяльнай (высокамастацкай) фатаграфіі «Аргентум». Яна знаходзіцца на першым паверсе дарэвалюцыйнага будынка на вуліцы Талстога, дом 7, у сценах філіяла Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. Тут пад адным дахам мастакі прэзентуюць свае праекты... Віцебскія інтэлектуалы гэтае ўнікальнае месца ўжо параўналі са славутым парыжскім «вуллем», дзе працавалі Шагал і іншыя.

Пакуль Кацярына фарбавала шпалеры чорнай фарбай, а яе напарнік ёй дапамагаў, я прасіўся дазволіць паздымаць. Дзе яшчэ будзе такая магчымасць — зрабіць фота, як яго рабілі фатографы ў пазамінулым стагоддзі?.. Угаварыў! Але спачатку расказалі пра тое, чым будуць здзіўляць гараджан і прыезджых.

— Паверце, аналагаў ва ўсім свеце мала. Здолелі аднавіць традыцыйную тэхніку і тэхналогіі высокамастацкай класічнай фатаграфіі сярэдзіны ХІX — пачатку XX стагоддзяў. Упэўнена, што вынікі нашых даследаванняў будуць цікавыя не толькі прафесійным фатографам, але і гісторыкам, мастацтвазнаўцам, — расказвае Кацярына.

Дзякуючы адноўленай тэхналогіі бром-сярэбранага друку, фотаздымкі могуць вельмі доўга захоўвацца не адну сотню гадоў! У гэта цяжка паверыць, але гэта факт. Захаваліся да нашых дзён у добрым стане фота, зробленыя ў пазамінулым стагоддзі, як і бром-сярэбраныя пласціны.

— Дарэчы, Віцебск калісьці стаў вядомы на ўвесь свет дзякуючы фатографу, вынаходніку шторна-шчыліннага затвора, Сыгмунту Антонавічу Юркоўскаму. І яго фотасалон быў адным з самых папулярных у горадзе. Уявіце сабе: каб зрабіць фота, чалавеку, якога фатаграфуюць, трэба было чакаць, па нашых падліках, да некалькіх дзесяткаў хвілін. А на выраб фота майстар траціў гадзіны, суткі і больш. Калі трэба было, запрашаў «мадэль» зноў, каб перафатаграфаваць. Але ж вопытныя майстры працавалі без такіх памылак... Колькі каштаваў фотаздымак? Калі заробак рабочага да рэвалюцыі быў 17 рублёў у месяц, то адзін фотаздымак — 3 рублі! — працягвае Кацярына.

Пра Юркоўскага, а таксама фатографа-вынаходніка Сяргея Міхайлавіча Пракудзіна-Горскага, піянера каляровай фатаграфіі ў Расіі, наведвальнікам раскажуць падчас экскурсіі. А таксама пакажуць, як раней рабілі фота.

— У пачатку XX стагоддзя Пракудзін-Горскі фатаграфаваў гарады Расійскай імперыі. Праект падтрымліваў асабіста Мікалай ІІ. А падчас падрыхтоўкі да святкавання стагоддзя перамогі ў вайне 1812 года фатаграфаваў знакавыя для вайны месцы. У прыватнасці,  у 1912 годзе — Віцебск. Арыгіналы фота — у бібліятэцы Кангрэса ЗША. Колькі часу прайшло, а яны зроблены быццам бы ўчора. А ўсё таму, што перадавая па тым часе тэхналогія выкарыстоўвалася, — распавядае Уладзіслаў Андрэеў.

Яйкі для майстра

Мой суразмоўца падрабязна і даступна растлумачыў сакрэты майстэрства. Акрамя згаданай вышэй тэхналогіі, засвоілі яшчэ дзве. Цікава, што пры выкарыстанні апошніх для вырабу рэактываў выкарыстоўваюць яйкі.

— Думаю, назвы тэхналогій нічога не скажуць людзям, якія не цікавяцца гісторыяй фатаграфіі. Дзе бяром «хімію»? Тыя ж складнікі рэактываў, бывае, людзі дораць, бо ў час лічбавых фота яны не патрэбны. У Маскве купляем замацавальнік... Там, вядома, больш чаго засталося з савецкіх часоў. У прынцыпе, «хімія» не вельмі змянілася з часу першых фатографаў, таму і рэактывы 1960-1970 гадоў можна лічыць «класічнымі»... Але падкрэслю, што пласціны са шкла, папера — гэта вынік нашай працы... Самі друкуем і фатаграфуем. І насамрэч такіх майстэрняў, як наша, ва ўсім свеце адзінкі. Вялікі дзякуй кіраўніку Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэю Духоўнікаву за тое, што прадаставіў нам памяшканне, — працягвае фатограф.

Ён паказаў мне ўсе пакоі. У адным, дзе будуць фатаграфаваць людзей, створана атмасфера дарэвалюцыйнага часу. Адразу ў вочы кінуўся фотаапарат з «гармонікам». Праўда высветлілася, што ён зроблены ў 1970-я гады, але выглядае вельмі рарытэтным. На стале — самавар. На сценах — фота, зробленыя ў наш час, але па тэхналогіі мінулага.

У Кацярыны і Уладзіслава, дарэчы, ёсць ідэя стварыць галерэю партрэтаў гараджан: вядомых і не вельмі. Паабяцалі і месца для фота журналіста «Звязды» ў вобразе Пушкіна. Нагадаю, што Аляксандр Сяргеевіч двойчы праязджаў Віцебск. Задумалі правесці маштабную прэзентацыю падчас фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Хочуць, каб гасцей сустракалі людзі ў строях дарэвалюцыйнага часу. Упэўнены, што цікавую ідэю падтрымаюць у тэатры, дзе могуць дапамагчы касцюмамі, і ў музычным вучылішчы — каб дзеткі сыгралі ў студыі.

«Зараз вылеціць «птушачка»

Падышоў я да фотаапарата, быццам бы да казачнай птушкі нейкай. Збоку, напэўна, маё здзіўленне на твары можна было параўнаць з першай рэакцыяй прадстаўніка афрыканскага племені на гадзіннік. Шчыра кажучы, я разгубіўся. У прыватнасці, ну ніяк не мог адрэгуляваць апарат, каб праз пласціну са шкла ўбачыць прыгожую Кацярыну.

— Не, спадар Пукшанскі, не туды трэба глядзець. Станьце далей ад пласціны, ды не трэба так блізка глядзець! Пакруціце вось гэта. Не так рэзка! — вучыла мяне фатограф.

Майстры жартавалі таму, што ў шаліку Кацярыны, які спачатку схапіў замест «накідкі», якой накрывае фатограф галаву і частку апарата, я быў падобным на араба.

Мне было не да смеху. Выпрабаванні толькі пачыналіся. Выйшлі на вуліцу, і я захацеў сфатаграфаваць храм. Зноў разгубіўся, калі Уладзіслаў даверыў мне, як ужо «вопытнаму фатографу», уставіць пласціну ў апарат. Пад кіраўніцтвам цярплівых фатографаў здолеў! Потым тлумачылі, як на вуліцы правільна зрабіць фота.

Праяўляць пласціну і друкаваць фота аказалася яшчэ цяжэй, чым здымаць...

Дзейнасць фатографаў майстэрні «Аргентум» ужо ацанілі вядучыя мастацтвазнаўцы. Выставы можна было ўбачыць у мінскай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», у найбуйнейшым маскоўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «Вінзавод».

Калі будзеце ў Віцебску гуляць па пешаходнай вуліцы Талстога, абавязкова наведайце салон «Аргентум». Уражанняў хопіць надоўга, а фота вашы захаваюцца на стагоддзі. Без перабольшання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.