Вы тут

Папаўняць бюджэт разам...


Заклікае старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. У Докшыцах падчас прыёму грамадзян Уладзімір Паўлавіч не даваў папулісцкіх абяцанняў. Але стараўся, як той казаў, «паставіць сябе на месца» людзей. Кіраўніку райвыканкама Алегу Пінчуку, калі апошнія мелі рацыю, адразу ж даручаў аказаць дапамогу.

У «Дразды» трапіць прасцей?

Прыйшлі на прыём грамадзяне, якія жывуць у доме на тэрыторыі санаторыя «Лясное». Хочуць прыватызаваць кватэры. Але па законе гэта немагчыма. Пры гэтым людзей не выганяюць на вуліцу. Жыць могуць, але прыватызаваць метры не маюць права. У незадаволеных свая праўда...

— Мы ж не ведалі, што жыллё службовае! Яшчэ ў часы СССР з поўначы сюды прыехалі, з чарнобыльскай зоны... Калі падавалі дакументы на прыватызацыю, нам адмовілі. Маўляў, жыллё камерцыйнае, — вельмі эмацыянальна тлумачыла жанчына ад імя членаў «ініцыятыўнай групы».

Уладзімір Андрэйчанка яшчэ да гэтай сустрэчы быў у курсе праблемы. І вось чарговая няпростая размова. Але ж чым дапамагчы?

— Адпаведны Указ Прэзідэнта быў прыняты ў 2007 годзе, і ваша жыллё (на тэрыторыі ведамаснага санаторыя КДБ «Лясное». — Аўт.) прызнана службовым, спецыяльным... Яно перададзена ў аператыўнае карыстанне санаторыю, — растлумачыў Уладзімір Паўлавіч.

Галоўны ўрач санаторыя Сяргей Табуноў пацвердзіў, што «спрэчныя кватэры» нельга прыватызаваць. Разам з тым, Уладзімір Андрэйчанка пачуў скаргу і наконт жорсткага прапускнога рэжыму.

— Пісалі заявы, нам давалі пропуск на год, як і дзецям нашым... Потым трапіць на тэрыторыю санаторыя стала праблематычна. Але ж калі да мяне ў госці нехта прыязджае, значыць, нясу адказнасць за гэтага чалавека, — працягвала жанчына. І паведаміла пра заявы на пропуск, якія ляжаць непадпісанымі аж з 16 сакавіка.

У адказ Уладзімір Андрэйчанка шчыра здзівіўся, што ў «Лясным» не наладжана прапускная сістэма. І звярнуўся да кіраўніка медыцынскай установы.

— Гэта значыць, устанавілі парадак больш жорсткі, чым на сёння ўехаць у рэзідэнцыю «Дразды», дзе жывуць міністры і дыпламатычныя работнікі. Там парадак такі: я жыву, і ў мяне пастаянны пропуск, як і ў жонкі. Калі, напрыклад, дзеці прыязджаюць, іх прозвішчы ёсць у дзяжурнага на кантрольна-прапускным пункце. Паказалі пашпарты: ёсць у спісе — калі ласка... Людзі не павінны пакутаваць з-за вашай бюракратыі. Калі трэба, выдайце пропуск на год — сказаў спікер парламента. Даручыў старшыні райвыканкама праз некалькі дзён паведаміць, ці знятая праблема.

«Прыватызаваць... па цане 1995 года»

Пенсіянерка Тэрэза Браніславаўна Ісмагілава з вёскі Сітцы агучыла сваю праблему.

— У мінулым годзе звярталася ў ЖКГ... Не хапае грошай на прыватызацыю, — сказала бабуля.

Высветлілася, што ў 1995 годзе падрыхтавала дакументы для прыватызацыі. Але не давяла справу да канца. Цяпер хоча стаць уладальніцай жылля па цане 20-гадовай даўнасці. Вядома, гэта немагчыма. Нават з улікам усіх паніжальных каэфіцыентаў сёння прыватызацыя абыдзецца дзесьці ў 220 мільёнаў рублёў. Першы ўнёсак — 10% — 22 мільёны рублёў. Астатнюю суму трэба «пагасіць» за 40 гадоў. Супрацоўнікі райвыканкама адразу падлічылі, што ў месяц трэба будзе пералічваць на прыватызацыю каля 150 тысяч рублёў. Улічваючы, што ў паважанай пенсіянеркі і яе мужа на дваіх пенсія больш за 5 мільёнаў рублёў, не так ужо і многа. Ды толькі першыя 22 мільёны дзе ўзяць?

Настойлівасць бабулі ў жаданні прыватызаваць «па той цане» міжволі па-добраму рассмяшыла прысутных у кабінеце. Пры ўсім аўтарытэце спікера парламента, ён жа не можа дзеля аднаго чалавека змяніць закон! Грамадзянцы растлумачылі, што плата ў месяц за кватэру, калі яна застанецца арэнднай, будзе большай прыблізна на 30 тысяч рублёў. Сказала, што тады перадумала... Тым больш што яе дзеці на атрыманне ў спадчыну жылля не прэтэндуюць.

«У грыбы не пускаюць»

Жыхар вёскі, якая знаходзіцца ў 100 метрах ад Бярэзінскага біясфернага запаведніка, паведаміў пра немагчымасць збіраць дары лесу.

— Усё жыццё пражылі ля запаведніка, а ў грыбы, ягады нам нельга. А тым, хто жыве ў запаведніку, можна, нават і прыезджым да іх... — сказаў мужчына.

Законам забараняецца збіраць нешта ў лесе, калі не жывеш у запаведніку.

Уладзімір Андрэйчанка параўнаў магчымасць змянення заканадаўства з адпаведным наконт спрошчанай сістэмы перасячэння мяжы з Еўрапейскім саюзам. Зразумела, людзі, якія жывуць па-за межамі вызначаных тэрыторый, таксама просяцца «бліжэй да Еўропы». Дык калі пашырыш адпаведную зону спрошчанага перасячэння, у іншых вёсках незадаволеныя з'явяцца. Маўляў, і ў нас у прыграніччы з таго боку сваякі, магілкі родных...

Наконт грыбоў, можа, і прасцей вырашыць пытанне. Так, закон парушаць нельга. Але ж у кожным канкрэтным выпадку трэба «ўнікаць у сітуацыю». Ды няўжо насамрэч за кошык грыбоў трэба адразу караць?

Жыхары аграрнага гарадка Замасточча і чатырох вёсак мараць пра газіфікацыю. І вышэйзгаданы санаторый мае ў гэтым патрэбу. Мінімальная цана пытання — пара дзясяткаў мільярдаў рублёў. Калі ў складчыну вырашаць праблему, можа, і не зацягнецца на гады. Уладзімір Андрэйчанка абяцаў паспрабаваць паспрыяць яе станоўчаму вырашэнню.

Адказваючы на пытанні журналістаў, спікер парламента падкрэсліў актуальнасць новай рэдакцыі прэзідэнцкай Дырэктывы №2. Нагадаю, яна накіравана на далейшую дэбюракратызацыю.

— Дырэктыва абавязвае чыноўнікаў быць бліжэй да людзей, што мы і стараемся рабіць. У адпаведнасці з ёй, чалавек можа выбраць найбольш зручныя час і спосаб звароту да дзяржаўных служачых. Лічу, што гэта вельмі важна. Згодна з дырэктывай трэба вырашаць пытанні і праблемы на карысць насельніцтва — без цяганіны, бюракратызму, фармальнага стаўлення. Але сярод іншых ёсць незаконныя просьбы, а таксама пытанні, якія патрабуюць вялікіх фінансавых выдаткаў. Атрымаўшы адмову, людзі скардзяцца ў іншыя органы. Будзе нармальна працаваць эканоміка, зароблены грошы, у выніку можна будзе вырашаць больш пытанняў, — адзначыў Уладзімір Паўлавіч.

І дадаў, што ў напаўненні бюджэту грамадзяне могуць браць удзел больш актыўна. Напрыклад, для адкрыцця сваёй справы ў Беларусі стварылі прывабныя ўмовы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Докшыцы — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.