Вы тут

Аўто — не ніжэй за Еўра-4


Такія патрабаванні ўстаноўлены з 1 красавіка

Стандарты былі і застаюцца мовай міжнародных зносінаў і свабоднага гандлю. Таму старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка агучыў наша важкае слова: вяртаемся да практыкі праверкі тэхнічных умоў па шэрагу прадукцыі і ўводзім новыя стандарты і экалагічныя патрабаванні для тых аўто, якія ўвозяць.

1-40

Зноў абавязковая праверка?

Віктар Назаранка заявіў, што ў Беларусі могуць вярнуцца да практыкі абавязковай праверкі тэхнічных умоў па цэлым шэрагу відаў прадукцыі.

«У нашай прадукцыі сёння няма іншай альтэрнатывы, акрамя той, каб, як мінімум, утрымліваць свой рынак і пастаўляць як мага больш тавараў на знешнія рынкі. І адзінае выйсце — гэта забяспечыць вельмі высокі ўзровень якасці прадукцыі, таму што коштавая канкурэнцыя аказваецца вельмі неэфектыўнай ва ўмовах ваганняў курсаў, змены арыенціраў. Таму пазіцыя камітэта такая: мы падтрымліваем ідэю, што па цэлым шэрагу відаў прадукцыі трэба вярнуцца да праверкі тэхнічных умоў, каб гарантаваць яе якасць і канкурэнтаздольнасць», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Па словах Віктара Назаранкі, праект пастановы ўрада падрыхтаваны і адпраўлены на ўзгадненне. У першую чаргу гэта будзе тычыцца складанатэхнічнай прадукцыі, і, верагодна, харчовай.

У дадзены момант у Беларусі дзейнічае 25 тысяч дзяржаўных стандартаў, тэхнічных умоў у фондзе ТУ — 27678. З іх па 20% адносяцца да сферы машынабудавання, электратэхнікі, электронікі, сувязі, прыкладна столькі ж — да сельскай гаспадаркі і харчавання, 17% — да хімічнай прамысловасці.

Адпавядаць 4-му экалагічнаму класу

Аўтамабілі, старэйшыя за 2007 год выпуску, якія ўвозяцца ў Беларусь фізічнымі асобамі, з 1 красавіка павінны будуць адпавядаць экалагічнаму класу 4 і вышэйшаму.

«Дзяржстандартам прынята пастанова, якая прадугледжвае, што з 1 красавіка ўсе машыны, старэйшыя за 2007 год, якія ўвозяцца фізічнымі асобамі, павінны будуць да афармлення ў ДАІ мець доказ таго, што яны маюць экалагічны клас, не ніжэйшы за 4-ы», — сказаў кіраўнік ведамства.

«Сёння ў краіне разгортваецца сетка лабараторый, якія будуць праводзіць гэтую працу. У асноўным працэдура будзе звязана з дакументальным кантролем, ацэнкай існуючых баз даных, як у нашай краіне, так і ў нашых калег», — удакладніў Віктар Назаранка. На яго погляд, працэдура пацвярджэння адпаведнасці аўтамабіляў патрабаванаму экалагічнаму класу не будзе для грамадзян цяжкай.

«Працэс запушчаны: спачатку вельмі старыя аўтамабілі павінны будуць даказаць, што адпавядаюць 4-му класу, з кожным годам гэтая планка будзе павышацца — і па ўзросце, і па экалагічным класе», — дадаў кіраўнік Дзяржстандарта.

Гэтая мера адпавядае нормам тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў».

8 млрд на новыя стандарты

Беларусь у 2015 годзе выдаткуе каля 8 млрд рублёў на распрацоўку нацыянальных стандартаў.

Віктар Назаранка адзначыў, што ў сярэднім Беларусь распрацоўвае да 300 новых арыгінальных стандартаў у год, прыкладна 200 з іх патрэбны для таго, каб рэалізаваць патрабаванні тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза. Пры гэтым патрэба краіны ў стандартах на сёння ўдвая большая — да 600 стандартаў. На распрацоўку яшчэ 300 дакументаў, па словах Віктара Назаранкі, сродкаў няма.

Кіраўнік Дзяржстандарта прывёў у якасці прыкладу Расійскую Федэрацыю, дзе штогод распрацоўваецца больш за 1,5 тысячы стандартаў, 50% фінансавання бярэ на сябе дзяржава, астатнія 50% — бізнес. «Пры гэтым вельмі актыўна буйны расійскі бізнес падключаецца не толькі да фінансавання, але і да распрацоўкі гэтых стандартаў», — удакладніў старшыня камітэта.

Што тычыцца Беларусі, то, па словах начальніка ўпраўлення тэхнічнага нармавання і стандартызацыі Дзяржстандарта Аксаны Грышкевіч, традыцыйна 60% фінансавання распрацоўкі стандартаў складаюць сродкі рэспубліканскага бюджэту, па 20% — сродкі арганізацый-распрацоўшчыкаў і сродкі інавацыйных фондаў канцэрнаў, міністэрстваў і дзяржкамітэтаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.