Вы тут

Зарплата — не галоўны фактар


Аперацыйным сёстрам гатовы плаціць па 13 мільёнаў

Міністэрства аховы здароўя адзначыла рост скаргаў ад насельніцтва на 5% у мінулым годзе. З чым гэта звязана, як з гэтым разбіраюцца і што можна зрабіць? Пра гэта ішла размова на круглым стале «Як нас лечаць у бальніцах», на якім сабраліся прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Мінгарвыканкама, галоўурачы некаторых мінскіх бальніц і юрысты.

Хворыя ў калідорах

Знаёмая на днях абуралася: яе сваячку шпіталізавалі ў аддзяленне кардыялогіі. «Дык яе паклалі ў калідоры і тры дні там трымалі, уяўляеце? У палатах месцаў не было. А яна ў гэтым калідоры «падхапіла» бранхіт, хоць з яе станам здароўя, пасля аперацыі на сэрцы, наогул прастываць нельга...» — распавядала знаёмая.

— Сапраўды, такая праблема існуе. Але яна тычыцца толькі экстраннай шпіталізацыі, — не спрачаецца начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Рудкова. — Але пацыент у хуткім часе пераводзіцца ў палату, дзе працягваецца яго лячэнне. Мы працуем над гэтай праблемай.

3-47

Таксама, па словах Алены Рудковай, калі хворага часова размяшчаюць у калідоры, з ім гэта абавязкова ўзгадняецца.

Галоўурачы бальніц адзначаюць, што гэта звязана і з рэканструкцыяй, якая цяпер праходзіць у многіх клінічных установах сталіцы, і заклікаюць гараджан крыху пацярпець.

Каб разгрузіць бальніцы, адкрываюцца аддзяленні дзённага знаходжання. А на базе прыёмных аддзяленняў, па словах прадстаўніка камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, цяпер функцыянуюць дыягнастычныя палаты. У іх аказваецца неадкладная дапамога, пацыента экстранна абследуюць і вызначаюць, мае ён патрэбу ў шпіталізацыі ці не.

Сваім бачаннем таго, як можна разгрузіць у тым ліку і беларускія паліклінікі, падзяліўся прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Ягор Зайцаў. У Заходняй Еўропе, паводле яго слоў, чалавеку не трэба ісці і браць бальнічны, калі ў яго лёгкая прастуда. Дастаткова паведаміць пра хваробу працадаўцу па тэлефоне або па электроннай пошце. А каб падобная сістэма не правакавала прагульшчыкаў, такой прывілеяй можна скарыстацца не больш за два разы на год. Падобная практыка значна зніжае нагрузку на першаснае амбулаторнае звяно. «Чаму б не зрабіць так і ў Беларусі?» — разважае Ягор Зайцаў.

Віна ўрача або няшчасны выпадак?

Увогуле, эксперты звязваюць павышэнне колькасці скаргаў з ростам платных медыцынскіх паслуг. Калі людзі плацяць грошы, яны пачынаюць больш патрабавальна ставіцца да медыцынскай дапамогі. І, як правіла, большасць скаргаў, па словах спецыялістаў, адносіцца да сферы ўзаемаадносінаў доктара і пацыента.

«Кожная скарга з боку пацыента дасканала разбіраецца ва ўстанове аховы здароўя», — запэўнівае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Таццяна Мігаль. Яна таксама патлумачыла, што, калі ў клініку трапляе пацыент з запушчаным захворваннем, кожны такі выпадак таксама падвяргаецца дакладнаму аналізу.

Тым не менш, юрыст Кацярына Арлоўская лічыць, што многія праблемы былі б вырашаны, калі б у законе аб ахове здароўя былі дадзены азначэнні тэрмінаў «якасна і няякасна аказаная медыцынская паслуга», «урачэбная памылка», «няшчасны выпадак» і іншых.

Сапраўды, часам у тым, што адбылося, ёсць віна доктара. Аднак здараецца шмат выпадкаў, калі ён не вінаваты. Іншым разам, на думку Кацярыны Арлоўскай, можа мець месца тэхнічны збой, а часам — немагчымасць дапамагчы па аб'ектыўных прычынах, калі медыцына на дадзеным этапе свайго развіцця проста не ў сілах штосьці вылечыць.

Бываюць і проста няшчасныя выпадкі. Кацярына Арлоўская ўзгадала такі са сваёй практыкі, калі малады і ўвогуле здаровы мужчына пасля нескладанай аперацыі апынуўся ў стане клінічнай смерці. Яго выратавалі, але чалавек у выніку стаў інвалідам. Мужчына спрабаваў даказаць, што гэта была памылка медыкаў. «Мне было па-чалавечы шкада яго, аднак медыцынскай памылкі ў дадзеным выпадку не было. Няшчасны выпадак — упершыню выяўленая алергічная рэакцыя ў чалавека, які раней з гэтым ніколі не сутыкаўся», — расказала юрыст.

Яна адзначыла, што сітуацыю магло б палепшыць з'яўленне ў заканадаўстве новай галіны — медыцынскага права, па аналогіі з працоўным, крымінальным, адміністрацыйным і інш.

Страхаванне ад памылак

Дарэчы, у сітуацыі, калі падаюцца судовыя іскі, пакутуюць не толькі пацыенты, але і дактары. Па словах юрыста, судовыя справы па такіх выпадках доўжацца вельмі доўга, як правіла, больш за год, а то і два. А гэта — грошы, час, выдаткі на правядзенне экспертыз. Спецыялісты, якія павінны лячыць людзей, марнуюць час на збіранне доказаў.

— Любы медык у любой краіне мае рызыку памыліцца, — упэўнены Ягор Зайцаў. — Можна пакараць доктара, пасадзіць яго ў турму, але сістэма аховы здароўя ад гэтага не выйграе.

Эксперт адзначыў, што на Захадзе існуе спецыяльнае страхаванне для медыкаў — ад урачэбных памылак.

Але такі від страхавання ёсць і ў Беларусі. Гэта так званае страхаванне прафесійнай дзейнасці дактароў. Праўда, выкарыстоўваюць яго ў асноўным дзяржаўныя бальніцы: для прыватных клінік гэта вялікія выдаткі.

Напрыклад, па словах галоўнага ўрача мінскай бальніцы №4 Аляксандра Траянава, хірургі ў яго бальніцы страхуюцца на суму ў 3 тысячы долараў, пластычныя хірургі — 6 тысяч, іншыя дактары — на суму ад 1 да 1,5 тысячы долараў. Бальніца штоквартальна выплачвае страхавыя ўнёскі з сваёй пазабюджэтнай дзейнасці. І калі здарыцца страхавы выпадак, страхавая кампанія пакрые суму прэтэнзій. Але пры гэтым варта адзначыць, што ў нашай краіне страхуецца толькі прычыненая пацыенту шкода, а маральная — страхоўкай не пакрываецца. Гэтая сума цалкам кладзецца на плечы доктара.

І напрыканцы —пра заробкі...

Пра заробкі медыкаў не казаў толькі лянівы. Аднак справа не толькі ў іх. Сёння сярэдні заробак у мінскіх бальніцах — 5,5-6 млн рублёў (адзначым, гэта не заробак дактароў, а сярэдні заробак па бальніцы). Самыя высокія заробкі па горадзе ў 9-й бальніцы, яны роўныя 7,3-7,4 млн рублёў.

Тым не менш, у 9-й бальніцы маюцца вакансіі, таму што, па словах галоўнага ўрача Валерыя Кушнірэнкі, зарплата — не асноўны фактар у прыцягненні кадраў.

— Сёння мы гатовы плаціць аперацыйным медсёстрам да 13 мільёнаў і больш, — сказаў галоўны ўрач, — але яны да нас не ідуць. Бо аперацыйная медсястра павінна адпрацаваць дзень у аперацыйнай, а пасля гэтага яшчэ можа паехаць з брыгадай на забор донарскіх органаў, напрыклад, за горад, у раённую бальніцу, потым вярнуцца ў клініку, усё здаць, а назаўтра на працу... Занадта цяжка. Не сакрэт, што з бальніц медсёстры пераходзяць у паліклінікі, у фізія-
тэрапеўтычныя аддзяленні, напрыклад, дзе плацяць куды менш, але праца спакойная...

Святлана Бусько

Даведка «Звязды»

• Забяспечанасць насельніцтва бальнічнымі ложкамі кругласутачнага знаходжання ў Мінску складае 6,2 на 1 тысячу насельніцтва (з улікам рэспубліканскіх устаноў аховы здароўя, дзе мінчане таксама атрымліваюць лячэнне, — 7,67 на 1 тысячу насельніцтва). Нарматыў для Мінска — 8 ложкаў на 1 тысячу насельніцтва. Нарматыў для рэспублікі крыху вышэйшы — 9 ложкаў на 1 тысячу насельніцтва.

• Для параўнання: у Расіі забяспечанасць бальнічнымі ложкамі складае 8,56 на
1 тысячу насельніцтва, у Чэхіі — 8,38, Германіі — 8,26, Аўстрыі — 7,65, Францыі — 7,34, Швейцарыі — 5, Ізраілі — 5,97 ложкаў на 1 тысячу насельніцтва.

• Найбольш у нас бальнічных ложкаў кардыялагічнага профілю — прыкладна 10%. Ложкаў хірургічнага профілю — 6,3%, неўралагічнага — 5,8. Такое размеркаванне адпавядае структуры захворванняў.

• Калі ў 2010 годзе сярэдні тэрмін знаходжання пацыентаў у бальніцы складаў
9,6 дня, то ў 2014 годзе — 9 дзён.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.