Вы тут

ВЫСОКІ ДАВЕР ЛЮДЗЕЙ ДА ўЛАДЫ ТРЭБА ЦАНІЦЬ І АПРАЎДВАЦЬ


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мясніковіча М.У. на адкрыцці дзявятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

3468_a_190_254

У адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сёння пачынае работу дзявятая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

2015 год — завяршальны год пяцігодкі — пачаўся для нашай краіны ў няпростых эканамічных умовах, выкліканых у першую чаргу спадам сусветных цэн на нафту і глыбокай дэвальвацыяй нацыянальных валют нашых асноўных гандлёвых партнёраў, што вельмі негатыўна паўплывала на беларускую эканоміку як малую адкрытую эканоміку. Савет Рэспублікі ў сувязі з гэтым у сваёй практычнай дзейнасці павінен з разуменнем ставіцца да гэтага і падтрымліваць палітыку збалансаванага функцыянавання народнагаспадарчага комплексу краіны, якую праводзяць урад і Нацыянальны банк. Трэба ўлічваць, што жорсткія абмежаванні ў грашова-крэдытнай і бюджэтнай сферах патрабуюць паўсюль задзейнічаць рэзервы, узмацніць дысцыпліну і адказнасць кадраў на ўсіх участках работы, больш увагі ўдзяляць павышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

Неабходна актыўна рэалізоўваць сістэмныя і індывідуальныя эканамічныя і арганізацыйна-прававыя мерапрыемствы па кожным суб'екце гаспадарання.

Савет Рэспублікі як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва Нацыянальнага сходу і кожны сенатар абавязаны ўдзельнічаць у гэтай важнай справе. Уключаць у гэты працэс дэпутатаў мясцовых Саветаў.

У мэтах безумоўнага выканання патрабаванняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, дадзеных 16 студзеня 2015 года на сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі, нам трэба будзе ўдасканальваць сваю работу ў рэгіёнах, эфектыўна ўзаемадзейнічаць з больш як дзевятнаццацітысячным дэпутацкім корпусам на месцах. Гэта зона адказнасці ўсіх сенатараў і персанальна Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, якую ўзначальвае Герасімовіч Святлана Міхайлаўна.

Актыўны ўдзел членаў Савета Рэспублікі ў студзені — лютым бягучага года ў 33 сесіях абласных, раённых, гарадскіх мясцовых Саветаў, дзе разглядаліся работа са зваротамі грамадзян, а таксама сацыяльна-эканамічнае развіццё адміністрацыйных тэрыторый, сведчыць аб недастатковым уплыве мясцовых Саветаў на вырашэнне існуючых задач. У адпаведнасці з прадастаўленымі заканадаўствам паўнамоцтвамі дэпутаты павінны актыўней працаваць у працоўных калектывах, выяўляць і ўстараняць вузкія месцы, дапамагаць адміністрацыі прадпрыемстваў, быць рэальным сувязным звяном паміж уладай і народам.

Вельмі вялікі патэнцыял сканцэнтраваны ў Савеце па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, створаным пры Савеце Рэспублікі. Трэба будзе больш поўна і на сістэмнай аснове выкарыстоўваць гэтыя магчымасці. Гэта своеасаблівая школа для Савета і дэпутатаў. Напрыклад, пры разглядзе ў лютым 2015 года пытанняў рэалізацыі асноўных напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі стала магчымым выявіць для далейшага выкарыстання новыя формы работы, мы пачулі шмат новага і цікавага ад моладзі, чым чарговы раз было пацверджана, што ў нас цудоўная моладзь — разумная, адказная, сур'ёзна працуючая на перспектыву.

Сумесна з БРСМ прыняты рашэнні аб курыраванні Саветам Рэспублікі работы маладых людзей у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, садзейнічанні гэтаму інавацыйнаму віду дзейнасці, якім захоплена моладзь. Гэта не разавая акцыя. Выбудоўваецца комплекс мер: стварэнне і работа бізнес-інкубатараў, падбор і падрыхтоўка кадраў, інавацыйных праектаў, дапамога маладым людзям, якія пачынаюць сваю справу, у стварэнні ІТ-кампаній.

Каардынацыя гэтых работ у Савеце Рэспублікі ўскладаецца на старшыню і Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці на чале з яе старшынёй Мікалаем Уладзіміравічам Казараўцом.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У міжсесіённы перыяд прадаўжалася работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Члены Савета Рэспублікі правялі ў рэгіёнах больш за 180 асабістых прыёмаў грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, у ходзе якіх прынята каля 600 наведвальнікаў. Членамі Савета Рэспублікі разгледжана 1900 зваротаў.

Праведзены аналіз паказвае, што назіраецца добрая тэндэнцыя да штогадовага зніжэння колькасці зваротаў, што паступаюць у Савет Рэспублікі па пытаннях адносна кампетэнцыі мясцовых органаў улады. Безумоўна, гэта вынік прыняцця на месцах мэтанакіраваных мер па вырашэнні сацыяльна значных пытанняў, растлумачальнай работы прадстаўнікоў улады і своечасовага рэагавання на звароты грамадзян.

Але праблемнымі па-ранейшаму застаюцца пытанні паляпшэння жыллёвых умоў, будаўніцтва, прыватызацыі жылля, рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду, стварэння інжынернай інфраструктуры ў раёнах індывідуальнай жылой забудовы.

Упершыню — і на гэта прашу звярнуць асаблівую ўвагу ў рабоце — за апошнія некалькі гадоў у Савет Рэспублікі на «гарачую лінію» паступілі скаргі аб парушэнні тэрмінаў выплаты заработнай платы.

Хачу адзначыць, што дзеючая сістэма работы са зваротамі грамадзян не мае патрэбы ў кардынальнай ломцы. Аднак гэта не азначае, што няма неабходнасці ў яе далейшым удасканаленні зыходзячы з новых умоў і рэалій жыцця. Таму Указ Прэзідэнта краіны ад 23 сакавіка 2015 года №135, які датычыцца мер па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату, вельмі актуальны, і дэпутацкі корпус пачаў яго рэалізацыю.

Людзі звяртаюцца да ўлады па злабадзённых жыццёвых пытаннях — значыць, давяраюць, і гэты высокі давер трэба цаніць і апраўдваць.

У міжсесіённы перыяд члены Савета Рэспублікі актыўна супрацоўнічалі са сродкамі масавай інфармацыі. У перыядычных друкаваных выданнях сенатарамі апублікавана 150 матэрыялаў, больш за 20 інтэрв'ю дадзены электронным сродкам масавай інфармацыі аб заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці Савета Рэспублікі, узаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання, рабоце парламентарыяў са зваротамі грамадзян, а таксама аб сустрэчах з насельніцтвам. Гэта важны напрамак дзейнасці ў нашай рабоце. Дзякуючы СМІ ў кожнага з нас ёсць магчымасць аператыўна, даступна і шырока растлумачваць грамадзянам сутнасць прымаемых законаў і рашэнняў, а таксама інфармаваць насельніцтва аб унутранай і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь.

З улікам Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лютага 2015 года №55 «Аб зацвярджэнні плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год» пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Максімавіча Русецкага сфарміраваны і ва ўстаноўленым парадку зацверджаны План работы над законапраектамі ў Савеце Рэспублікі на першае паўгоддзе 2015 года.

Усяго ў рабоце 65 законапраектаў і два дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сферы дзейнасці Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве 17 законапраектаў, Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах — 4, Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці — 9, Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні — 8 і Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы — 27 законапраектаў.

Як бачыце, наперадзе вялікая і вельмі адказная работа і членаў Савета Рэспублікі, і Сакратарыята Савета Рэспублікі, які з сакавіка 2015 года са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узначальвае Аляксандр Іванавіч Слабадчук.

Хачу з задавальненнем адзначыць, паважаныя члены Савета Рэспублікі, што законапраектная дзейнасць ажыццяўляецца ў цесным кантакце і на належным узроўні ўзаемаразумення з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ідзе сумесная зладжаная і канструктыўная работа профільных камісій, праводзяцца тэматычныя семінары, круглыя сталы, канферэнцыі. Прынцыповыя пытанні разглядаюцца асабіста кіраўнікамі палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Актыўны міжсесіённы перыяд, мерапрыемствы з удзелам дэпутатаў мясцовых Саветаў, БРСМ, урада, работа ў працоўных калектывах, што я часткова адзначыў у сваім выступленні, несумненна, узбагаціла нас, актуалізавала і ўдакладніла задачы і будзе садзейнічаць эфектыўнай заканатворчай дзейнасці Савета Рэспублікі.

Паважаныя калегі!

З 1 студзеня 2015 года эканоміка Рэспублікі Беларусь працуе ва ўмовах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Чаканні ад ЕАЭС вялікія. Гэта зразумела: узрастаючая эканамічная глабалізацыя прымушае дзяржавы ствараць аднастайныя правілы рэгулявання эканамічных адносін, што забяспечваюць свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы. Знешнія пагрозы таксама актывізуюць працэсы глыбокай інтэграцыі.

У сувязі з гэтым усё больш важнае значэнне набывае пытанне ўніфікацыі заканадаўства — у многім гэта наш участак работы. Але ў Еўразійскім эканамічным саюзе парламенцкае вымярэнне адсутнічае. Хоць гэта зусім не азначае, што Савет Рэспублікі павінен стаяць убаку і не займацца прывядзеннем нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з нормамі Дагавора аб ЕАЭС, гарманізацыяй і ўніфікацыяй беларускіх нарматыўных прававых актаў з заканадаўствам краін — удзельніц дагавора.

У нашых умовах адзіным спосабам аператыўнага стварэння ўніфікаваных норм з'яўляецца цеснае супрацоўніцтва дзяржаў, у тым ліку іх парламентаў.

Гэтыя задачы трэба будзе актыўна вырашаць Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. З яе старшынёй Ліліяй Францаўнай Мароз мы не раз абмяркоўвалі магчымыя варыянты і механізмы.

У час майго афіцыйнага візіту ў Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі 18-19 лютага 2015 года гэтыя пытанні былі прыярытэтнымі ў перагаворах з Валянцінай Іванаўнай Мацвіенка — старшынёй Савета Федэрацыі, Сяргеем Яўгенавічам Нарышкіным — старшынёй Дзяржаўнай Думы, Сяргеем Віктаравічам Лаўровым — міністрам замежных спраў Расійскай Федэрацыі.

І я хачу далажыць гэтай сесіі, што ёсць поўнае разуменне важнасці ўніфікацыі, гэта значыць устанаўлення ідэнтычных механізмаў прававога рэгулявання ў асобных сферах, і гарманізацыі заканадаўства — збліжэння заканадаўства дзяржаў-членаў, накіраванага на ўстанаўленне падобнага (супастаўнага) нарматыўнага прававога рэгулявання.

Адкрытае абмеркаванне мною ў лютым і сакавіку бягучага года гэтых пытанняў, тэрмінаў і глыбіні інтэграцыі са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым, намеснікам старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Аркадзем Уладзіміравічам Дварковічам пацвердзіла актуальнасць гэтай тэматыкі.

Бо калі кіравацца Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, то да 2016 года мы фактычна будзем мець толькі агульны рынак лякарстваў і медыцынскіх вырабаў, а таксама вырашэнне некаторых пытанняў рэгулявання і адміністравання асобных праваадносін. Што датычыцца іншых сфер, то да 2020 года можна разлічваць, па вялікім рахунку, на агульны энергетычны рынак і толькі да 2025 года — на агульны рынак газу, нафты і нафтапрадуктаў.

Шмат застаецца нявызначанасці па фарміраванні рынку паслуг, валютных адносін. Таму пытанні стварэння агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў, як таго патрабуе наш Прэзідэнт, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, павінны вырашацца хутчэй, больш арганізавана, на заканадаўчым узроўні павінны здымацца бар'еры ва ўзаемным гандлі. Сёння ў сферы гандлёва-эканамічных адносін такіх бар'ераў 422. Дагаворам аб ЕАЭС здымаецца толькі 71. Астатнія, лічу, павінны ўстараняцца актыўней, а не на працягу ўсяго дзесяцігадовага пераходнага перыяду.

Прыведзеныя даныя сведчаць, наколькі сур'ёзна разышліся нашы заканадаўствы. У тым ліку і па гэтых прычынах узаемны тавараабарот Беларусі, Расіі і Казахстана ў 2013 годзе знізіўся на 5 працэнтаў, а ў 2014 годзе — яшчэ на 11 працэнтаў.

Савет Рэспублікі звярнуўся з канкрэтнымі прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства ва ўрад, праінфармаваў Палату прадстаўнікоў. Разлічваем на іх канструктыўны разгляд у першую чаргу Мінюстам, Мінэканомікі і МЗС.

Краінам — удзельніцам Дагавора аб ЕАЭС трэба дамовіцца аб механізме прыняцця нацыянальных законапраектаў, каб яны не былі дыскрымінацыйнымі ў адносінах да партнёраў па ЕАЭС. Актыўна ў гэтым напрамку павінна працаваць Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах пад кіраўніцтвам яе старшыні Уладзіміра Іванавіча Панцюхова.

Ключавую ролю ў рэалізацыі палажэнняў дагавора адыгрывае Еўразійская эканамічная камісія, з якой трэба выбудоўваць зразумелую сістэму работы па гэтых пытаннях. Асабліва па прамысловай палітыцы, што важна для Беларусі як краіны з высокай, 26-29 працэнтаў, удзельнай вагой апрацоўчай прамысловасці ў эканоміцы па дабаўленай вартасці. У той жа час у дагаворы гэты від дзейнасці мае самую слабую ступень інтэграцыі. Так і запісана: дзяржавы-члены самастойна распрацоўваюць і рэалізуюць нацыянальныя прамысловыя палітыкі. Неабходны канкрэтныя дзеянні, аж да распрацоўкі і падпісання асобнага дагавора. Для Рэспублікі Беларусь адзіная прамысловая палітыка, маштабная прамысловая кааперацыя ў ЕАЭС — гэта прыярытэт з прыярытэтаў.

З членам Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргеем Сяргеевічам Сідорскім, які вядзе пытанні прамысловасці, я ў пастаянным кантакце, цяпер ім падрыхтаваны Асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, якія пачалі абмяркоўвацца ў зацікаўленых дзяржорганах бакоў. Уяўляецца, што нашы прамысловыя міністэрствы, канцэрны ды і кіраўнікі профільных арганізацый недастаткова актыўныя ў пашырэнні прамкааперацыі, чакаюць, што нехта за іх будзе вырашаць іх задачы.

Такі падрабязны даклад у частцы, што датычыцца ЕАЭС, зроблены таму, што ў адзінай эканамічнай прасторы Расіі, Казахстана і Беларусі сканцэнтраваны нашы стратэгічныя эканамічныя інтарэсы.

Так, трэба больш актыўна працаваць з краінамі Захаду, Паўднёва-Усходняй Азіі, але асноўныя нашы рынкі — ЕАЭС. Нам, парламентарыям, неабходна актыўна працаваць над рэалізацыяй закона аб ратыфікацыі Дагавора аб ЕАЭС. У бліжэйшы час трэба ўнесці і прыняць змяненні ў 9 кодэксаў і законаў. Акрамя таго, змяненні закрануць 5 указаў, 14 пастаноў урада і шэрагу іншых дакументаў.

Безумоўна, вызначальную ролю ў Еўразійскім супольніцтве адыгрывае Расійская Федэрацыя як краіна з самай вялікая эканомікай.

З Расіяй у нас трывалыя і правераныя часам адносіны. Сёння мы адзначаем ужо 19-ы раз Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У гэтым святочным сімвале і эканоміка, і братэрскія, партнёрскія адносіны людзей.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Міжнародная дзейнасць Савета Рэспублікі не абмяжоўваецца работай толькі з блізкім замежжам.

Шырокая праграма дзелавых міжнародных кантактаў і сувязяў Савета Рэспублікі арганічна ўпісана ў агульную канцэпцыю знешнепалітычнага курсу нашай краіны. Дасягнуты дамоўленасці і прыняты рашэнні па шэрагу прынцыповых пытанняў беларуска-туркменскага супрацоўніцтва ў час майго візіту ў Ашхабад у сакавіку 2015 года. Прэзідэнт Туркменістана Г.М. Бердымухамедаў адзначыў высокі ўзровень нашых двухбаковых адносін і добрыя тэндэнцыі іх развіцця на перспектыву. Адкрыты і добразычлівы абмен меркаваннямі адбыўся ў Меджлісе Туркменістана з яго старшынёй А.Т. Нурбердыевай. Створана парламенцкая група па супрацоўніцтве з беларускімі калегамі. Новыя магчымасці для ўмацавання адносін з арабскімі краінамі прадставілі візіты парламентарыяў Султаната Аман, МЗС Ірана, праяўлены ўзаемны інтарэс бакоў да пошуку шляхоў актывізацыі супрацоўніцтва ПАСЕ і парламента Беларусі.

Дакладчык ПАСЕ па Беларусі спадар Андрэа Рыгоні, з якім у нас адбыўся шчыры дыялог, вобразна заявіў, што ён не будзе перапісваць старыя даклады і з разуменнем ставіцца да выбару Беларусі. Абмеркаваны актуальныя, у асноўным эканамічнага характару, пытанні супрацоўніцтва і дасягнуты дамоўленасці з кіраўнікамі дыпмісій Кітая, Індыі, Германіі.

Згодна з пастановай урада Рэспублікі Беларусь, на старшыню Савета Рэспублікі і намесніка старшыні Савета Рэспублікі ўскладзена курыраванне знешнеэканамічнай дзейнасці з Індыяй, Непалам, Бангладэш і Шры-Ланкой. У Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, якую ўзначальвае Уладзімір Лявонавіч Сянько, наперадзе вялізны аб'ём работы па названых мною пытаннях, актывізацыі міжнароднай дзейнасці, у тым ліку знешнеэканамічнай, з краінамі як блізкага замежжа, так і далёкай дугі.

Паважаныя таварышы!

Крыху больш як месяц аддзяляе нас ад слаўнай гадавіны Вялікай Перамогі. 70 гадоў мы жывём у мірнай краіне. Беды і нягоды простых людзей, якія адбываюцца ў нашых суседзяў, даюць магчымасць нам па-іншаму цаніць мір і стабільнасць. Мы ўдзячныя тым, хто са зброяй у руках перамог фашызм. Удзячныя тым, хто з попелу адрадзіў беларускія гарады і вёскі, фарміраваў пасляваенную эканоміку. Бясцэнная заслуга Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які стварыў сучасную Беларусь — краіну, якая адбылася як суверэнная еўрапейская дзяржава — дзяржава, якую ведаюць у свеце.

Людзі высока цэняць пазітыўнае развіццё краіны, рост свайго дабрабыту, бачаць, што асноўныя цяжкасці выкліканы знешнімі фактарамі, адабраюць палітыку кіраўніка нашай дзяржавы.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.