Вы тут

Браняпоезд ідзе ў неўміручасць


...Калі мы гаворым пра браняпаязды, адразу ўспамінаецца Грамадзянская вайна. Аднак былі яны і ў Вялікую Айчынную. І не проста былі, а дапамагалі гераічна змагацца з ворагам.

17 ліпеня 1941 года гітлераўцы вялікай механізаванай калонай рухаліся на ўсход. Спяшаліся. Непадалёку ад вёскі Камуна Любанскага раёна, у якой жыў са сваімі бацькамі мой бацька, ворага чакалі чырвонаармейцы. Скарацечны бой прынёс фашыстам значныя страты, таму вярнуўшыся ў вёску, яны пачалі паліць і расстрэльваць з гармат дамы. Пасёлак, збудаваны ў трыццатых гадах на Мар'інскіх балотах, апеты Янкам Купалам у паэме «Над ракой Арэсай», ператварыўся ў папялішча...

Праз тыдзень пасля падзей мой бацька пайшоў па прадукты ў вёску Грабаў (Петрыкаўскі раён). Ён выйшаў вечарам. Ішоў у асноўным па лесе, імкнучыся не выходзіць на дарогу: усіх падазроных фашысты расстрэльвалі на месцы. Дабраўся да вёскі толькі а чацвёртай гадзіне раніцы.

Уся вёска Грабаў была напоўнена нямецкімі войскамі. Асабліва шмат іх тэхнікі было каля раз'езда чыгуначнай станцыі Мяхедаўка. Раніцай фашысты планавалі працягнуць шлях далей на ўсход. Не паспеў бацька зайсці ў хату да дзеда Данілы, як раптам з боку раз'езда пачуліся стрэлы гармат, кулямётныя чэргі. Фашысты выскоквалі з хат і, апранаючыся на хаду, імчаліся ў бок раз'езда, заводзячы машыны і матацыклы. А здарылася вось што. Савецкі браняпоезд зранку непрыкметна падышоў з боку Бабруйска і адкрыў ураганны агонь па фашыстах і іх тэхніцы. Як гітлераўцы не стараліся падступіцца да браняпоезда, у іх нічога не атрымлівалася. Экіпаж, удала манеўруючы, вёў бесперапынны агонь на паражэнне. Усе палі каля чыгуначнага насыпу былі ўсеяныя трупамі немцаў. Усюды гарэла тэхніка. Ляжалі перакуленыя гарматы, якія так і не паспелі стрэліць па браняпоездзе.

Бой ішоў цэлы дзень. Калі надышоў вечар, фашысты вырашылі заблакіраваць браняпоезд. З боку станцыі Старушкі яны ўзламалі чыгуначны шлях, з боку Бабруйска вырашылі падарваць мост праз невялікую рачулку, але ім не ўдалося — фашысцкія падрыўнікі былі скошаны меткай кулямётнай чаргой, не дабраўшыся да моста.

Па ўспамінах жыхароў вёскі Грабаў, мост усё ж пачаў гарэць. Мабыць яго падпалілі здалёку запальнымі снарадамі. Але экіпаж браняпоезда і не думаў здавацца. З замацаваным на брані чырвоным сцягам ён на вялікай хуткасці праскочыў падпалены мост. Калі прайшоў апошні вагон, мост абваліўся ў ваду.

...Недзе праз год байцы партызанскага атрада №132 (камандзір Рыгор Кравец, 130-я Петрыкаўская брыгада), у складзе якога ваяваў мой бацька, вярталіся з чарговага задання. Непадалёку ад вёскі Касейск наткнуліся на рэшткі гераічнага браняпоезда. Узарваны, ён ляжаў на адхоне. Мабыць, экіпаж зрабіў гэта, каб той не дастаўся ворагу. Байцы атрада знялі станковы кулямёт, сабралі раскіданыя кулямётныя скрыні са стужкамі, патроны, знайшлі некалькі гранат Ф-1.

А што здарылася з самім экіпажам, невядома. Можа, байцы прарваліся на ўсход, можа, засталіся арганізоўваць партызанскія атрады або загінулі ў няроўным баі? Хто гэтыя слаўныя героі? Магчыма, яны яшчэ жывыя і могуць нешта расказаць? Аднак галоўнае — не памыліцца, бо, акрамя апошняга, быў яшчэ адзін бой — крыху раней — каля вёскі Воземля, на тым самым участку чыгункі Бабруйск — Старушкі.

У мяне ў руках энцыклапедыя за 1990 год: «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў». Адгортваю 134-ю старонку і чытаю: «Воземлянскі бой 1941 года. Бой паміж партызанскім атрадам «Чырвоны Кастрычнік» сумесна з падраздзяленнем Чырвонай Арміі (камандзір падпалкоўнік Л.В. Курмышоў) і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Воземля Акцябрскага р-на. 18 ліпеня 1941 года. Партызанская разведка ўстанавіла сілы праціўніка і дакладнае размяшчэнне яго агнявых сродкаў. 18 ліпеня 1941 года на чыгуначнай ветцы Бабруйск — Рабкор браняпоезд №52 (лейт. Калакольцаў) нечакана для гітлераўцаў падышоў да в. Воземля і адкрыў агонь па штабу нямецкай дывізіі і агнявых кропках ворага. Пасля артабстрэлу зводны атрад чырвонаармейцаў і партызанаў пад камандаваннем інструктара райкама партыі С.В. Маханько атакаваў праціўніка. У выніку бою праціўнік страціў каля 80 салдат і афіцэраў, была вызвалена в. Воземля. Партызаны захапілі палонных і значныя трафеі: 55 бронемашын, 2 радыёстанцыі, 27 матацыклаў, 45 коней з павозкамі і грузам, аператыўныя дакументы нямецкага штаба. Захопленых палонных, дакументы і трафеі перадалі камандаванню савецкіх войскаў».

Дарэчы, камандаваў гэтым боем славуты камандзір Ціхан Піменавіч Бумажкоў. Магчыма, у баі каля в. Воземля і ў сваім апошнім баі каля раз'езда Мяхедаўка ў Петрыкаўскім раёне граміў ворага адзін і той жа браняпоезд, якім камандаваў камандзір лейтэнант Калакольцаў. Можа, праз 70 гадоў усё стане на сваё месца...

Міхаіл МАСКАЛЬЧУК,

Бераставіцкі раён.

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.