Вы тут

Колер памяці


Пра дробязі ў вялікім

Днямі не тое што паспрачаліся... Скажам так: не сышліся ў поглядах з адным энтузіястам, рупліўцам гістарычнай памяці. Чалавек ён, відаць па ўсім, адданы сваёй справе і шчыра зацікаўлены ў тым, што робіць. І робіць дзеля захавання памяці пра мінулую вайну, у патрыятычным выхаванні моладзі сапраўды шмат. Вось і цяпер, перад юбілеем Вялікай Перамогі, рэальных планаў дзеяння ў яго не бракуе. І акцыі, і мерапрыемствы па добраўпарадкаванні, і нават аўтапрабег. «А яшчэ хачу выйсці з прапановай аб упарадкаванні ўмацаванняў на «Лініі Сталіна». Бо гэтыя шэрыя збудаванні, асабліва каля аўтатрасы, робяць змрочнае ўражанне. А ў нас жа вялікае свята! Вось калі б іх (хаця б тыя, што каля дарогі) пафарбаваць у белы колер і чырвонай фарбай вывесці лічбу 70! Уяўляеце, як бы здорава было! А калі б усю лінію абароны так аформіць — з космасу было б відаць, як Вялікая Кітайская сцяна...»

Гаварыў гэта чалавек захоплена і на поўным сур'ёзе, таму дыскусія ў нас атрымалася эмацыянальная. Бо, па-мойму, захоўваючы памяць, асабліва сёння, калі вырастае пакаленне, у якога вайну ўжо не бачылі нават дзяды-бабулі, прыхарошваць гэту памяць, нават з самых высакародных памкненняў, не варта. І дзоты з дотамі — злаякасныя пухліны, якія зямля дагэтуль не загаіла, — павінны быць свайго першапачатковага змрочна-шэрага колеру. Гэтаксама, як Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці павінны заставацца знявечанымі кулямі і асколкамі (наўрад ці каму прыйдзе ў галаву іх «залячыць» і пафарбаваць). Гэта нашы рарытэты, нашы музейныя экспанаты, каштоўнасць якіх — менавіта ў іх сапраўднасці. Адбудоўваючы разбураную амаль дазвання радзіму, робячы яе прыгожай і квітнеючай, мы наўмысна пакінулі гэтых нямых даўгавечных сведак, каб не забывацца і каб не забыліся тыя, хто прыйдзе пасля нас... Мой апанент пярэчыў, што да свята павінна быць усё ўрачыста, чыста і прыгожа. А памяць — на тое ёсць помнікі і музеі. Карацей, кожны застаўся пры сваім.

Але гэта наша размова прымусіла задумацца вось аб чым. Цяпер, да юбілею Перамогі, наводзіцца парадак па ўсёй краіне, асаблівая ўвага — памятным мясцінам, мемарыялам, пахаванням, звязаным з вайной. Ці не атрымаецца на месцах, як з гэтай ідэяй пафарбаваць у белы «Лінію Сталіна»? З найлепшых памкненняў — каб усё прыгожа, урачыста і не так змрочна, мы можам шчыра зрабіць не тое, што трэба і памяці, і гісторыі, і нам самім. Як зрабілі нядаўна ў Спораве Бярозаўскага раёна, дзе на месцы былога пахавання загінулых салдат знеслі састарэлы абеліск (з меркаванняў эстэтыкі і бяспекі) і кінулі стары помнік на сметнік. Паднялася ўся вёска, сюжэт паказалі па тэлебачанні, і цяпер мясцовыя ўлады думаюць над тым, як сітуацыю выправіць.

У працэсе асабліва стараннага добраўпарадкавання можна знішчыць вельмі важныя дробязі. Напрыклад, у мемарыяле на месцы спаленай фашыстамі вёскі Літавец пад Дзяржынскам улетку чырвана ад дзікіх лясных суніц. Асабліва густа яны растуць чамусьці там, дзе стаялі хаты — у падмурках (такая задума мемарыяла: як у Хатыні званы на комінах, тут голыя падмуркі без сцен). Я вельмі спадзяюся, што, прыбіраючы мёртвую вёску, не павыполваюць гэты сунічнік. Бо самае моцнае ўражанне сярод лясной цішы — чырвоныя ягады ў шэрым бетоне, якія ніхто ніколі не збірае. У адным ракурсе яны мігцяць у росным сонцы як вуголле непатушанага вогнішча, у іншым — як густыя кроплі свежай крыві. Вельмі патрэбны «спецэфект», прыдуманы прыродай, просты і яркі знак. Не жыцця, а таго, што загубленага больш за семдзесят гадоў жыцця тут ужо ніколі не будзе. І слоў тут лішніх не трэба, былі б толькі буйныя пунсовыя ягады на падмурках неіснуючых хат.

Вы заўважылі, што апошнім часам усё менш на месцах брацкіх магіл застаецца сціплых абеліскаў, увянчаных чырвонымі зоркамі? Яны для нас — як апазнавальны знак, што тут былі пахаваны салдаты вайны, што тут трэба з удзячнасцю схіліць галаву і пакласці кветкі. Іх калісьці ставілі нашы бацькі на месцы тых, драўляных, што збівалі на скорую руку аднапалчане загінулых салдат. Замест таго, каб працягнуць традыцыю і замяніць пірамідку, якая пакрывілася ці аблупілася, на гэткую самую новую, мы (зноў жа з лепшых памкненняў!) пачалі ставіць тыповыя чорныя гранітныя помнікі ў металічных агароджах. І стаяць на ўскраіне поля, у цэнтры вёскі, на ўзлеску гэткія філіялы могілак. Якія, пакуль не падыдзеш і не пачытаеш, што там напісана, падсвядома выклікаюць хутчэй насцярожанасць, чым павагу і ўдзячнасць, як насам-

рэч павінна быць...

Што датычыцца ідэі пафарбаваць, каб было «весялей», тут шмат цікавага могуць расказаць жыхары Камянца. Пра тое, як іх вежу, складзеную ў ХІІІ стагоддзі з чырвонай цэглы, у сярэдзіне стагоддзя дваццатага паспрабавалі літаральна ператварыць у вежу Белую — і пабялілі. Пасля яна з «белай» стала аблезлай, і давялося цэлай брыгадзе прамысловых альпіністаў помнік па цаглінцы да першапачатковага чырвонага выгляду чысціць.

А на шэрым вельмі кранальна і выразна глядзяцца кветкі — чырвоныя, белыя, жоўтыя... любога колеру. Гэта я зноў пра памяць, свята і ўрачыстасць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.