Вы тут

У рэстаран... На вярблюдзіцы!


Аляксандр і Настасся Шаўчэнкі ў пасёлку Тулава пад Віцебскам трымаюць экзатычных гадаванцаў: вярблюда, паўночнага аленя, а таксама асла, чатырох поні, у тым ліку рэдкіх парод. Карэспандэнт «Звязды» пабываў у гасцях у гаспадароў незвычайнага падворка.

«У нас не заапарк!»

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На вуліцы ў той дзень было ветрана, зноў падмарозіла. А двухгорбая жывёла быццам атрымлівала асалоду ад таго, што «зіма вярнулася».

— Не, не хвалюйцеся, ёй не холадна. Чытаў, што можа спакойна адчуваць сябе нават пры 50-градусным марозе. Вярблюдзіцы нашай ужо каля сямі гадоў, а жывуць гэтыя жывёлы прыкладна да 50. Вага яе каля тоны, — расказвае Аляксандр Шаўчэнка.

І просіць Шарыду не крыўдзіць «маленькага» — паўночнага аленя па мянушцы Норд.
У маі яму споўніцца год. Сваёй гаспадыні Норд, які ў «звярынцы» навасёл, «падарыў» на 8 Сакавіка рог. На наступны дзень — другі...

Мой суразмоўца растлумачыў, што гэтых экзатычных жывёл прывезлі з Ленінградскай вобласці, яны таксама ў людзей на падворках утрымліваліся. Купляў іх легальна, усе неабходныя дакументы ёсць. Для перавозкі браў у арэнду спецыяльны транспарт.

— Зразумела, няпроста тую ж вярблюдзіцу было перавезці. Яна была падарункам жонцы на дзень нараджэння. Мы, дарэчы, пазнаёміліся з Насцяй дзякуючы жывёле. Праўда не экзатычнай, а кабыле. У прыватным сектары Віцебска, дзе я раней жыў, не мог прайсці з-за кабылы. Запытаў, чыя, і выйшла прыгожая дзяўчына. Растлумачыла, што жывёла — яе... — адказвае на мае пытанні Аляксандр.

Падчас размовы высветлілася, што ён — чалавек з «залатымі рукамі»: формы для гліняных скульптур робіць, а таксама зваршчык, каваль, цясляр, сталяр...

3-34

— Чаму аленя купіў? Я, акрамя іншага, ужо вопытны Дзед Мароз. Так, і ў гарадскіх святах браў удзел са сваімі коньмі. На розных мерапрыемствах мяне жартам пыталі: «Чаму ж без аленя? Дык вось будзе і алень! Яго бацька вельмі прыгожы і моцны. Мо буду катаць ахвотнікаў у запрэжцы. Так, і сані сам зрабіў, ды не адны... Але ж у першую чаргу мы гэтых жывёл трымаем для душы, — працягвае гаспадар падвор'я.

Ён падкрэсліў, што я не знаходжуся на тэрыторыі прыватнага заапарка. За тое, каб пабачыць жывёл, плата не бярэцца. Але ж, вядома, каб карміць іх, трэба неяк зарабляць. Уявіце сабе: 30-40 тон сена неабходна было купіць на зіму. Аўса — тон 15. Бульбу ядуць... Таму і арганізавалі катанне на конях, поні, вярблюдзіцы ў суправаджэнні інструктара.

— Я індывідуальны прадпрымальнік. У горадзе працаваць з жывёлай, шчыра скажу, нявыгадна. Бо трэба вялікія зборы плаціць за дазвол пакатаць людзей. Таму ахвотныя «па экзотыку» прыязджаюць да нас самі. Ці дорага? За гадзіну пакатацца 200 тысяч рублёў (у Віцебску іншыя просяць за 5 хвілін — 40-50 тысяч. — Аўт.). Мо ў перспектыве займуся аграрным турызмам. Ёсць у мяне лецішча ў Гарадоцкім раёне, у маляўнічым месцы, — дзеліцца планамі малады мужчына.

«Айбаліт» з залатымі рукамі

У сацыяльных сетках вельмі актыўна абмяркоўвалася навіна пра тое, што мужчына на вярблюдзе пад'ехаў да рэстарана хуткага харчавання.

— Так, гэта я быў (смяецца). Ну, вырашыў паехаць на вярблюдзіцы... Як рэагавалі? Міліцыю выклікалі. Людзі ў форме прасілі мяне забраць жывёлу. Я ім сказаў, каб паспрабавалі самі, гэта ж не аўто, што завёў і паехаў. Шарыда — дама з характарам, раўнівая, калі чужыя побач, асабліва жанчыны, перыядычна нораў паказвае. «Інцыдэнт» ля рэстарана скончыўся тым, што міліцыянеры зразумелі мяне. Я ж нічога не парушаў.

Наконт жывёл нашых рознае чытаў і чуў. І скаргу на мяне пісалі. Маўляў, вярблюдзіца нейкая «хворая», холадна ёй. І прыязджалі разбірацца адказныя асобы. Але ж ніякіх парушэнняў не знайшлі. Вярблюдзіца жыве пад дахам. Як і поні, коні... А вось алень павінен жыць на вуліцы, — расказвае Аляксандр.

Вельмі мяне расстроіў яго расказ пра тое, як поні парэзалі. Было гэта ў дзень святкавання паветрана-дэсантных войскаў. Адышоў гаспадар ад жывёлы на некалькі хвілін. Вярнуўся і бачыць, што кроў льецца... Хто парэзаў, за што — невядома. Паколькі гэта быў выхадны дзень і ветэрынара было знайсці цяжка, стаў Аляксандр «айбалітам».

— Цешча ледзь прытомнасць не страціла, калі ўбачыла кроў. А што рабіць? Трэба ж было выратоўваць жывёлу. Яна ж, як малое дзіця! І ўсе жывёлы нашы нам як «сваякі»,— эмацыянальна гаворыць Аляксандр.

Падчас працягу экскурсіі паказаў мне карэты, фантан, зробленыя ім. Марыць пра вадаспад. Наколькі я зразумеў, чалавек ён не прабіўны. Іншы б знайшоў нейкі фонд, каб атрымаць грант пад рэалізацыю пазнавальнага праекта... Ён не такі. Штодня корміць жывёл, даглядае іх. А каб шукаць інфармацыю ў інтэрнэце пра магчымасць фінансавай падтрымкі, гэта не пра яго. Мо чытачы змогуць падказаць нешта карыснае?

На жаль, не ўдалося пагаварыць з яго жонкай, бо ёй трэба было займацца маленькай дачкой, якой другі год. Насця — філолаг па адукацыі, друкавалася ў газетах. Магла б стаць прафесійнай журналісткай. Ды па тэлефоне сказала, што гэта — не яе... Любіць жывёл, жыве па-за шумам вялікага горада, у мужа рукі залатыя.

А яшчэ здзівіла дабрыня гэтых зусім небагатых людзей. Інвалідаў яны на жывёлах катаюць бясплатна. Ды і з сірот грошай не возьмуць. Вельмі, на жаль, рэдкая з'ява ў наш прагматычны час.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.