Вы тут

У вёсцы лішак жаніхоў, у горадзе — нявест


Пра гэта, як і пра іншыя дэмаграфічныя тэндэнцыі ў краіне, распавяла намеснік старшыні Белстата Алена Кухарэвіч.

Нараджаць сталі больш

Колькасць насельніцтва ў нашай краіне памяншалася на працягу апошніх 20 гадоў. Але ўжо ў 2013-м дэмографы пакуль яшчэ асцярожна, але пачалі казаць аб пазітыўных тэндэнцыях. І вось стала вядома інфармацыя за 2014 год — насельніцтва Беларусі павялічылася на 13 тысяч чалавек.

У асноўным рост насельніцтва адбыўся за кошт мігрантаў. Але, пачынаючы з 2011 года, павялічваецца і колькасць нованароджаных. Так, калі ў 2010-м нарадзілася 108 тысяч чалавек, то ў 2014 годзе — ужо 118 500.

Па колькасці нованароджаных лідзіруе сталіца. Там у мінулым годзе нарадзілася 23 тысячы дзяцей — гэта кожны пяты нованароджаны ў краіне.

Станоўчым момантам з'яўляецца тое, што больш за палову дзяцей у краіне нарадзіліся другімі, трэцімі і наступнымі дзецьмі. Першынцаў стала менш на 6%. Калі браць нараджэнне трэціх і чацвёртых дзяцей, то тут лідзіруе Брэсцкая вобласць. Другое дзіця ў сям'і часцей за ўсё з'яўляецца ў сталіцы. Паводле статыстыкі, у 2014 годзе 1277 жанчын нарадзілі двойні, 18 — трайнят.

На жаль, у нашай краіне зніжаецца колькасць жанчын дзетароднага ўзросту (15-49 гадоў). І дэмографы прагназуюць, што сітуацыя неўзабаве, калі ў дзетародны ўзрост пачнуць уваходзіць адносна малалікія групы жанчын, народжаных у канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў, стане горшай.

Беларусь — урбаністычная краіна

Больш за 77% жыхароў рэспублікі складаюць гараджане. За 2014 год колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася на 50,2 тысячы чалавек і дасягнула 7 млн 325 тысяч. Найбольшае павелічэнне колькасці жыхароў адзначана ў Мінску (на 16,5 тысячы чалавек), сярод абласных цэнтраў — у Гомелі і Гродне, а таксама ў Баранавічах і Пінску.

У вёсцы зараз пражываюць 2 млн 156 тысяч чалавек, ці 22,7% насельніцтва краіны.

На вёсцы — дэфіцыт нявест

На 1 студзеня гэтага года колькасць жанчын у рэспубліцы склала 5100 тысяч (53,5% агульнай колькасці насельніцтва), мужчын — 4,4 млн (46,5%). У сярэднім па рэспубліцы на пачатак года на 1000 мужчын прыпадала 1150 жанчын.

Апошнім часам у год на 100 дзяўчынак нараджаецца 104-105 хлопчыкаў. На 1000 хлопчыкаў ва ўзросце да 16 гадоў — 945 дзяўчынак. Аднак ужо пачынаючы з 34 гадоў з прычыны больш высокай смяротнасці мужчын колькасць іх і жанчын становіцца роўнай. Пры гэтым у гарадской мясцовасці пачынаючы з 29 гадоў назіраецца большая колькасць жанчын. У вёсцы іх колькасная перавага пачынаецца толькі з 59 гадоў. Гэта значыць, у сельскай мясцовасці відавочны дэфіцыт нявест.

Сем'і зараз ствараюцца ў больш сталым узросце. Як адзначаюць дэмографы, у апошнія гады жанчыны аддаюць перавагу ўступленню ў першы шлюб ва ўзросце 25,3 года, у паўторны шлюб — у 37,6 года. Мужчыны ўступаюць у першы шлюб ва ўзросце 27,4 года, у паўторны — у 40,6 года.

Адпаведна, нараджаць таксама сталі пазней. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці ў горадзе ў мінулым годзе склаў 28,6 года, у вёсцы — 27 гадоў. Першае дзіця ў мінулым годзе нараджалі ў сярэднім у 26,1 года ў горадзе і ў 24 гады ў вёсцы.

Разводзіцца беларусы сталі крыху менш. Так, у мінулым годзе скасавалі шлюб 35 тысяч сем'яў (амаль на 1,2 тысячы менш, чым у 2013-м). Летась большая колькасць разводаў прыйшлася на сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе 5-9 гадоў (26,3% ад агульнай колькасці разводаў). Узроставы пік разводаў у жанчын і мужчын адносіцца да 25-34 гадоў. У мінулым годзе праз разводы без аднаго з бацькоў засталіся 25,5 тысячы дзяцей.

У працаздольным узросце паміраюць ужо радзей

Колькасць памерлых за апошні год скарацілася на 3800 чалавек. Усяго ў 2014 годзе памерла 121,5 тысячы чалавек, з іх 61,3 тысячы мужчын і 60,2 тысячы жанчын.

Традыцыйна самай распаўсюджанай прычынай смерці з'яўляюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні, на другім месцы стаіць смяротнасць ад анкалагічных захворванняў і на трэцім — ад знешніх прычын, да якіх адносяць ДТЗ, выпадковыя атручванні алкаголем, самагубствы і інш. І, дарэчы, у параўнанні з 2010 годам смяротнасць ад знешніх прычын зменшылася на траціну.

Станоўчай тэндэнцыяй з'яўляецца скарачэнне смяротнасці ў працаздольным узросце — амаль на 5% у параўнанні з 2013 годам і на 24% — з 2010-м. Тым не менш, у працаздольным узросце памёр практычна кожны трэці мужчына (32,4%). Затое жанчын — 7,5%. «Атрымліваецца, мужчыны ў працаздольным узросце паміраюць у 4,4 раза часцей, чым жанчыны», — адзначае прадстаўнік Белстата.

У дадзенай узроставай катэгорыі паміраюць перш за ўсё ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, а вось на другім месцы знаходзяцца смерці ад знешніх прычын, якія абагналі на адну пазіцыю смяротнасць ад новаўтварэнняў.

«Несумненна, у гэтым вялікая заслуга аховы здароўя», — адзначае Алена Кухарэвіч. Але заклікае не забывацца, што медыкі лечаць хваробы, а вось здароўе трэба берагчы самому. І запэўнівае, што колькасць беларусаў, якія займаюцца фізкультурай і спортам, расце. Тым не менш, большасць людзей па-ранейшаму вядуць маларухомы лад жыцця. Доля беларусаў, якія пакутуюць ад атлусцення, за апошнія 15 гадоў павялічылася больш чым у 2 разы!

Пенсіянераў усё большае

Сёння амаль кожны чацвёрты жыхар рэспублікі — старэйшы за працаздольны ўзрост, у той час як у 2000 годзе ім быў амаль кожны пяты. У краіне на пачатак 2015-га колькасць дзяцей і падлеткаў склала 1,6 млн чалавек (за мінулы год яна павялічылася на 30,1 тысячы). Колькасць насельніцтва, старэйшага за працаздольны ўзрост, на пачатак бягучага года дасягнула 2,3 млн чалавек (за 2014 год павялічылася на 45,7 тысячы чалавек).

Колькасць асоб працаздольнага ўзросту на пачатак года склала 5,6 млн чалавек (58,6% ад агульнай колькасці насельніцтва) і за год паменшылася на 63 тысячы чалавек.

— Праблематычнай у будучыні бачыцца сітуацыя з папаўненнем працоўных рэсурсаў, — заявіла Алена Кухарэвіч. — Бо на пачатак гэтага года колькасць 15-гадовых падлеткаў, якія праз год дасягнуць працаздольнага ўзросту, склала 91 тысячу, а людзей, якія выбываюць з працаздольнага ўзросту (59-гадовых мужчын і 54-гадовых жанчын), налічваецца 142 тысячы чалавек.

У далейшым дыспрапорцыя яшчэ больш узмоцніцца: колькасць дзяцей, што знаходзяцца зараз ва ўзросце 10-14 гадоў, складае 443 тысячы, а колькасць насельніцтва перадпенсійнага ўзросту (5 гадоў да выхаду на пенсію) — 720 тысячы чалавек.

Святлана БУСЬКО.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.