Вы тут

Асаблівыя — побач, альбо Чаму дарослым нельга забываць казкі


Дванаццацігадовы Цімур, стоячы побач са сваім партрэтам, дзе ён — вясёлы Пенас Біл (самы лепшы вершнік ва ўсім Тэхасе), бянтэжыцца ад колькасці нацэленых на яго аб'ектываў фотаапаратаў. Мужна вытрымаўшы фотасесію, ён падыходзіць да мамы Ірыны і абдымае яе, як і любое дзіця, якое шукае падтрымкі. Яна вельмі важная для Цімкі, аднаго з удзельнікаў фотапраекта «Аўтызм. Старыя казкі на новы лад».

3-31

Прэзентацыя гэтага фотапраекта днямі праходзіла ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» і была прымеркавана да Сусветнага дня інфармавання аб аўтызме. Выстава ўяўляла сабой 13 фотапартрэтаў дзяцей з двух гарадоў — Мінска і Бабруйска — у выглядзе казачных герояў. Тэма, вядома, не новая, але адметнасць заключаецца ў тым, што ва ўсіх герояў дыягназавана расстройства аўтычнага спектра. І вопыт такой фотавыставы ў Беларусі першы. Падтрымаць яго прыйшлі выхаванцы дзіцячай музычнай школы мастацтваў №10 імя Глебава, фэнтазі-фолк гурт NEVRІDA, фокуснік-менталіст Віталь Паўлаградскі.

Праект «Аўтызм. Старыя казкі на новы лад», як і ўвогуле сама міжнародная дабрачынная грамадская арганізацыя «Дзеці. Аўтызм. Бацькі», якая ажыццявіла яго, не ўзнік бы без асабістага досведу.

— Летам я спрабавала знайсці агульнаадукацыйную школу для майго сына, які ішоў у пяты клас, і так і не знайшла. Таму што дыягназ «аўтызм» вельмі пужаў чыноўнікаў і дырэктараў школ, да якіх я звярталася, — расказала мама Цімура і каардынатарка праекта Ірына ДЗЯРГАЧ. — Яны казалі: «Ды вы што, у нас умоў няма, гэта такія складаныя дзеці, нашы спецыялісты не ўмеюць з імі працаваць, школьны соцыум не гатовы» і г. д. І я падумала: можа, яны казак не чыталі, мультфільмаў не бачылі, не гулялі ў дзіцячыя гульні?..

3-30

Ірына прызнаецца, што якраз-такі з аднакласнікамі ў Цімура ўзнікае менш за ўсё праблем, бо дзеці ўспрымаюць свет як дадзенасць. А ў дарослых гэтай здольнасці чамусьці няма.

Першапачаткова праект планавалі зрабіць з удвая меншай колькасцю дзяцей, але ахвотных паўдзельнічаць знайшлося больш. І якімі б рознымі не былі гэтыя дзеці, іх аб'ядноўвае не толькі дыягназ, але і тое, што ўсе яны хочуць і, як сведчыць сусветная практыка, могуць вучыцца ў агульнаадукацыйных школах. У нас жа пакуль нейкія зрухі ў гэтым плане ёсць толькі ў сталіцы: ужо працуе першы ў горадзе клас, дзе разам са звычайнымі дзецьмі вучацца асаблівыя.

— У нас ёсць статыстыка, якую называлі года паўтара таму. Паводле яе ў Беларусі 786 дзяцей з аўтызмам. Але з тых часоў Міністэрства здароўя больш нічога не паведамляла на гэты конт, — адзначыла Ірына Дзяргач. Паставіць гэты дыягназ не так проста, бо з ім часта патрабуюць, каб маці разам з дзіцем лягла ў псіхіятрычнае аддзяленне. І многія бацькі думаюць, ці трэба ім, каб іх дзіця атрымала гэты «воўчы білет».

Арганізатары кажуць, што самі дзеці вельмі добра ўспрынялі ўдзел у праекце. Прынята лічыць, што ў незнаёмых абставінах дзіця з аўтызмам павінна спужацца і забіцца ў кут. Але гэты стэрэатып разбіваецца ўшчэнт, калі глядзіш на партрэты, вобразы на якіх атрымаліся неверагодна трапнымі і арганічнымі. Рамантычна-задумлівы Маленькі прынц, вясёлы каўбой Пенас Біл, гарэзлівая Піпі Доўгаяпанчоха, здзіўлены Лёшык у тумане... і гэта пры тым, што палова ўдзельнікаў — невербальныя, то бок не размаўляюць!

Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым не толькі саміх дзяцей, але і іх мам, якія дапамагалі ствараць праект і перапісвалі вядомыя казкі такім чынам, каб іх героямі былі дзеці з асаблівасцямі. І, безумоўна, увасабленне гэтых вобразаў было б немагчымым без таленавітага фатографа.

— Не магу сказаць, што праца з гэтымі дзецьмі была нейкай незвычайнай у параўнанні з астатнімі маімі здымкамі, — падзялілася сямейны фатограф Марыя ШАЎЧЭНКА, якая на дабрачыннай аснове зрабіла казачныя здымкі для праекта. — Мне было цікава папрацаваць з імі, каб даведацца, як яны ідуць на кантакт, як паводзяць сябе. Ніякіх праблем у працы з імі не было, проста трэба зразумець, чым можна прыцягнуць іх увагу.

Дзеці, якіх Марыя здымала для праекта, вельмі розныя, і гэта стала для яе адкрыццём. Фатограф плануе працягнуць супрацоўніцтва з асаблівымі дзеткамі, і, магчыма, нас чакаюць новыя цікавыя праекты, а таксама больш інфармацыі пра аўтызм, якога не трэба баяцца.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».