Вы тут

Крытыкаваць ці дапамагаць?


Удзел ва ўсенароднай экспертызе школьных падручнікаў можа прыняць любы ахвотны

Не сакрэт, што школьныя падручнікі сталі ці не галоўным аб'ектам крытыкі ў беларускай школе. За што толькі не дастаецца ім ад настаўнікаў, рэпетытараў і бацькоў: і за празмерны акадэмізм і складаную для школьнікаў тэрміналогію, і за памылкі, і за адсутнасць міжпрадметных сувязяў.

3-36

3-36

 

З 2011 года на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі дзейнічае форум «Якасць школьных падручнікаў». Меркавалася, што новая рубрыка стане своеасаблівым анлайн-каналам для экспертызы падручнікаў, дзе свае думкі і заўвагі зможа выказаць кожны. Як сведчыць аналіз водгукаў на форуме, заўвагі, што паступаюць на сайт, тычацца пераважна аб'ёмнасці асобных параграфаў у падручніках, складанасці выкладання вучэбнага матэрыялу і якасці ілюстрацыйнага матэрыялу. Шэраг заўваг тычацца таксама якасці перакладу на беларускую мову вучэбнага матэрыялу па матэматыцы, біялогіі, гісторыі, фізікі і інфарматыцы.

У Нацыянальным інстытуце адукацыі запэўніваюць, што ўсе слушныя заўвагі і прапановы, зробленыя наведвальнікамі форуму, даводзяцца да ведама аўтараў. Аўтарам вучэбных выданняў перадаюцца і лісты, што паступаюць у Нацыянальны інстытут адукацыі, ад грамадзян, якіх хвалюе якасць айчыннай вучэбнай кнігі. Летась было атрымана больш за 20 такіх лістоў.

3-35

3-35

 

Натуральна, што кожны школьны падручнік абавязкова праходзіць доследную праверку. І калі падчас апрабацыі падручніка высвятляецца, што дзеці не разумеюць вучэбнага матэрыялу, што настаўніку цяжка растлумачыць вучням нейкую тэму, падручнік адпраўляецца на дапрацоўку. У рамках доследнай праверкі вучэбных выданняў, якую Нацыянальны інстытут адукацыі праводзіць з 2009/2010 навучальнага года, было праанкетавана больш за 17 тыс. бацькоў вучняў.

Анкета, якую ім прапануецца запоўніць, змяшчае наступныя пытанні: «Ці зразумела для вашага дзіцяці выкладзены вучэбны матэрыял у падручніку (ці даступна сфармулявана вызначэнне паняццяў, законаў і прынцыпаў, дадзена іх тлумачэнне)?», «Ці можа ваш сын (дачка), вывучыўшы вучэбны матэрыял, самастойна адказаць на пытанні, якія даюцца ў канцы параграфа?», «Ці мае месца вучэбная перагрузка пры рабоце з падручнікам?». Бацькам прапануецца таксама адзначыць нумары параграфаў і назвы тэм, тэарэтычны матэрыял якіх выклікаў у дзіцяці цяжкасці.

Напрыклад, у 2012/2013 навучальным годзе найменшую незадаволенасць бацькоў (толькі у 2 працэнтаў) выклікаў падручнік «Хімія» за сёмы клас. На думку бацькоў, радзей за ўсё дзеці звяртаюцца да іх па дапамогу менавіта пры падрыхтоўцы хатніх заданняў па хіміі. Ніводнага параграфа (тэмы), тэарэтычны матэрыял якіх выклікаў у сямікласнікаў цяжкасці, не было адзначана. Відавочна, невыпадкова падручнік «Хімія. 7 клас» быў высока ацэнены і настаўнікамі-экспертамі, якія адзначылі поўную яго адпаведнасць дыдактычным прынцыпам даступнасці і нагляднасці.

Увогуле, думкі бацькоў часцей за ўсё супадаюць з ацэнкай вучэбнага выдання педагогамі. Вынікі анкетавання ўважліва аналізуюцца спецыялістамі інстытута і знаходзяць адлюстраванне ў аналітычных запісках па выніках доследнай праверкі. За перыяд з 2010-га па 2014 год праведзена доследная праверка 267 вучэбных выданняў для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. У ёй прынялі ўдзел 1820 педагогаў з 783 устаноў адукацыіі. Супрацоўнікі інстытута наведалі 1940 урокаў, падрыхтавалі 140 «круглых сталоў» па выніках доследнай праверкі з удзелам аўтараў, правялі анкетаванне 24 713 вучняў.

Як жа ацэньваюцца вучэбныя выданні па выніках доследнай праверкі? У асноўным станоўча, але з умовай іх дапрацоўкі.

На думку настаўнікаў-экспертаў, адпавядаюць усім крытэрыям вучэбнага кнігавыдання падручнікі па беларускай мове, беларускай літаратуры, рускай літаратуры і рускай мове. Дастаткова высока ацэнены 11 вучэбных дапаможнікаў па замежных мовах (англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай). Па іншых вучэбных выданнях зроблены шэраг заўваг. Найбольш тыповыя з іх — заўвагі, якія сведчаць аб некаторых недахопах у змесце вучэбнага матэрыялу: маецца на ўвазе неадпаведнасць асобных раздзелаў і параграфаў прынцыпу даступнасці, недастатковая рэалізацыя ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязяў. Ёсць заўвагі, якія ўказваюць на стылістычныя недакладнасці і памылкі друку.

Інфармацыя аб выніках доследнай праверкі не з'яўляецца закрытай, сцвярджаюць у Нацыянальным інстытуце адукацыі: яна друкуецца ў часопісе «Веснік адукацыі» і размяшчаецца на партале Нацыянальнага інстытута адукацыі (www.аdu.bу). Партал дае магчымасць наладжвання пастаяннага дыялогу па ўсіх пытаннях школьнага жыцця, у тым ліку і па пытаннях стварэння нацыянальных падручнікаў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.