Вы тут

Школа без матэматыкі, або «Сенсацыя», якой не было


У Фінляндыі рыхтуецца да рэалізацыі маштабная рэформа адукацыі. Магчыма, што з 2020 года ў фінскіх школьнікаў не будзе такіх прадметаў, як матэматыка ці хімія, а заняткі будуць праходзіць па «тэмах» з уключэннем розных навук. Гэта навіна са спасылкай на The Іndependent імгненна абляцела інтэрнэт.

Паведамлялася, што цяпер у фінскіх школьнікаў з'явіцца магчымасць вывучаць не прадметы паасобку, а гэтыя ж прадметныя веды атрымліваць у межах выбранай «тэмы» ці «з'явы», якія могуць спатрэбіцца ў будучыні. Неабходнасць тых ці іншых ведаў будуць вызначаць самі вучні. Такім чынам удасца пазбавіцца ад спрадвечнага пытання: навошта я гэта вучу?

3-45

3-45

 

Адзін з прыкладаў «тэмы» — «праца ў кафетэрыі». У межах «кафетэрыя» вучні атрымаюць веды па матэматыцы, замежных мовах, правапісу і камунікацыі. Яшчэ адзін прыклад — тэма «Еўрапейскі саюз». У яе рамках вучні будуць вывучаць элементы эканомікі, гісторыі, моў і геаграфіі.

СМІ пісалі, што рэформа сустрэла нямала апанентаў сярод настаўнікаў, многія з якіх прысвяцілі сваё жыццё выкладанню аднаго прадмета. Але прыхільнікі рэформы заяўляюць, што выкладаць па ўзоры пачатку XX стагоддзя ў XXІ стагоддзі ўжо нельга. Настаўнікі, якія засвоілі новы падыход (а ён часам прадугледжвае работу на ўроку больш чым аднаго настаўніка), не хочуць вяртацца да традыцыйнага вядзення ўрокаў. А вучні, што займаюцца па «тэмах» ужо два гады, маюць лепшыя за сваіх аднагодак «здабыткі» ад адукацыі (рэфарматары не ўжываюць слова «адзнакі»).

Але пры больш уважлівым вывучэнні паведамлення пра «рэформу» ў фінскай школе высветлілася, што градус сенсацыйнасці аказаўся моцна завышаны. Ніхто там навучаць, «як працаваць у сталовай» замест традыцыйных прадметаў, не збіраецца. Наогул, самі фіны пішуць, што гэта не рэформа, а «спроба».

Каб абвергнуць растыражаваную ў СМІ недакладную інфармацыю, на афіцыйным сайце Нацыянальнага савета па адукацыі было змешчана наступнае тлумачэнне: «Навіна, што ў Фінляндыі адмяняецца выкладанне асобных прадметаў, нядаўна трапіла ў загалоўкі газет па ўсім свеце. Прадметнае навучанне не адмяняецца, хоць новаўвядзенні ў вучэбным плане базавай адукацыі прывядуць да некаторых змен у 2016 годзе. Прадметы, агульныя для ўсіх вучняў базавай школы, прапісаны ў Законе аб базавай адукацыі, і размеркаванне вучэбных гадзін паміж школьнымі прадметамі зацверджана ўказам урада».

Прадугледжаныя навучальным планам у галіне базавай адукацыі некаторыя змяненні, магчыма, і выклікалі непаразуменні, гаворыцца ў тлумачэнні. Сапраўды, для таго, каб адказваць на патрэбы будучыні, акцэнт будзе рабіцца на агульных кампетэнцыях і працы на міжпрадметным узроўні. Вучні павінны будуць удзельнічаць кожны год сама меней у адным такім міждысцыплінарным навучальным модулі.

Многія беларускія педагогі таксама пагаджаюцца з тым, што будучыня — за междысцыплінарнымі падыходамі ў навучанні. У 2018 годзе Беларусь плануе далучыцца да аднаго з самых аўтарытэтных даследаванняў у свеце РІSА, якое правярае не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі. Высвятляе, ці выконвае адукацыя сваю асноўную функцыю — падрыхтоўку да самастойнага жыцця. Дарэчы, Фінляндыя займае па выніках PІSA лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў Еўропе, але і ў свеце.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.