Вы тут

Жыць на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве


Як ужо паведамляла «Звязда», Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю амерыканскаму медыяхолдынгу «Блумберг». Падчас інтэрв'ю былі закрануты актуальныя пытанні знешняй і ўнутранай палітыкі нашай краіны. Некаторыя адказы кіраўніка дзяржавы мы сёння публікуем.

пра адзіную валюту ЕАЭС

Увядзенне адзінай валюты ў Еўразійскім эканамічным саюзе з'яўляецца пытаннем не сённяшняга дня, сказаў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, гэтую праблему вельмі раздулі. «Калі мы абмяркоўвалі ў Астане ўтраіх пытанне стварэння адзінай валюты, Пуцін гаварыў, што, каб больш глыбока эканамічна супрацоўнічаць, перад намі калі-небудзь паўстане пытанне адзінай валюты. Магчыма, паўстане, гэтак жа, як еўра з'явілася ў Еўрасаюзе. Магчыма. Але гэта не пытанне сённяшняга дня, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мела месца разважанне Пуціна: «Вы не супраць, калі эксперты неяк будуць гаварыць пра гэта?» Добра, мы аб гэтым ужо даўно гаворым, няхай эксперты гавораць. Але не стаяла пытанне ўвядзення адзінай валюты ў які-небудзь перыяд, нават далёкі».

«Гэта апошні акт, які можа быць у нашым саюзе. Столькі яшчэ праблем і выклікаў Еўразійскаму эканамічнаму саюзу, што яшчэ ці дажывём да гэтай адзінай валюты», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Пра стабільнасць

«Беларусы даўно разумеюць, што дзяржава павінна быць стабільнай і што галоўны прыярытэт — гэта мір. Усё астатняе мы купім. Няхай мы будзем крыху бяднейшыя за іншых. У нас няма столькі рэсурсаў, каб быць такімі багатымі. Але мы будзем жыць у мірнай краіне, дзе не будуць паміраць ад асколкаў і куль нашы дзеці і старыя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Мы павінны, і я ў тым ліку цяпер, знаходзячыся на чале ўлады, зрабіць усё, каб і без мяне, без гэтага пакалення палітыкаў, якое рана ці позна пойдзе, Беларусь засталася суверэннай і незалежнай. І мы гэта зробім», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце, суседніх краінах пачалі яшчэ больш разумець, што каштоўнейшага за стабільнасць і мір нічога няма.

пра адносіны з Захадам

«Я не магу быць пагрозай для Захаду абсалютна, нават для адной нейкай канкрэтнай краіны. Для таго, каб быць пагрозай каму-небудзь, трэба мець пэўны арсенал і магчымасці пагражаць. Каму я магу пагражаць? Абсалютна нікому. Гэта надуманы тэзіс, надуманае абвінавачанне ў мой адрас», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Чаму я павінен камусьці пагражаць? У нас што, не хапае тэрыторыі? Ды дай Бог з гэтай тэрыторыяй разабрацца! У нас на ёй жыве ўсяго 10 млн чалавек, а мы свабодна можам пракарміць 20-25 млн. Нам насельніцтва не хапае на гэтую тэрыторыю. Навошта мне каму-небудзь пагражаць? У мяне што, рэсурс каласальны — ваенны, эканамічны, фінансавы, што я сёння магу камусьці пагражаць?» — працягнуў Прэзідэнт Беларусі.

У час інтэрв'ю было закранута пытанне санкцый з боку Захаду адносна Беларусі. На думку беларускага лідара, любыя санкцыі з'яўляюцца анахранізмам, карысці ад іх няма. «Калі вы дзесьці націснеце на нас, дзверы ж адчынены ў іншых дзяржавах. Мы супрацоўнічалі і супрацоўнічаем вельмі эфектыўна з Расіяй, Кітаем, Індыяй, іншымі азіяцкімі, персідскімі, афрыканскімі дзяржавамі, у Лацінскай Амерыцы. Дзякуй Богу, цяпер і са Злучанымі Штатамі Амерыкі выходзім на нармальнае супрацоўніцтва», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пра сітуацыю ў эканоміцы

«У нас сітуацыя няпростая, як у Расіі, Казахстане, на постсавецкай прасторы, як і ў многіх краінах свету, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — На нас сур'ёзна паўплывалі санкцыі, якія ўвялі супраць Расіі, мы іх адчулі. І вось у Астане (гэта было нашым галоўным пытаннем) мы абмяркоўвалі тэму санкцый супраць Расіі. Дэвальвацыя расійскага рубля, абвал, абвал цэн на нафту, вядома, вельмі ўскладнілі сітуацыю ў Расіі, і мы аналізавалі, як гэта паўплывала на членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. У нас няпростая сітуацыя ў эканоміцы, але не крытычная».

Прэзідэнт таксама заўважыў: «Вельмі дрэнна, што мы ў свой час павольнымі тэмпамі дыверсіфікавалі як сваю эканоміку, так і экспарт. Бо ў нас адкрытая эканоміка. Мы больш за палову таго, што выпускаем, прадаём. І таму залежым ад знешніх рынкаў. Мы не паспелі даволі далёка адысці ад рынку Расіі, рынку постсавецкага і перайсці на іншыя». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер гэты працэс фарсіруецца.

пра сітуацыю
ва Украіне

«Вельмі шмат там падзей, розных тэндэнцый. Калі гаварыць коратка: не хацелася б, каб гэта было зацішшам перад бурай», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, найбольш яго насцярожвае тое, што да мінскіх пагадненняў, перагаворнага працэсу адкрыта не былі падключаны Злучаныя Штаты Амерыкі.

Што датычыцца пытання пра ўдзел расіян у канфлікце ў Данбасе, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Не такія ўжо расіяне неразумныя, каб пасылаць туды войскі і падстаўляцца». «Дастаткова ахвотных у Расіі паехаць туды ваяваць, добрых спецыялістаў ваенных, якія прайшлі пэўную падрыхтоўку. І прыехаць у Данбас, за грошы або з ідэйных меркаванняў, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Іх тысячы, хто прыехаў з Расіі. І не толькі з Расіі. Я праінфармаваны аб тым, што там былі і людзі з Беларусі, зараблялі грошы. Але папракаць Расію ў тым, што там рэгулярныя расійскія часці прысутнічаюць, — гэта няправільна».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што калі Злучаныя Штаты Амерыкі паставяць Украіне сур'ёзнае ўзбраенне, то гэта будзе штуршком да эскалацыі канфлікту. «Расія вымушана будзе на гэта рэагаваць, таму што, калі ідзе ўнутраны канфлікт, няхай у яго ўцягнуты апасродкавана многія дзяржавы, у тым ліку Расія, Усходняя Еўропа, Польшча, гэта адно. Але, калі з'явіцца там моцны гулец, няхай праз пастаўкі зброі, зразумела, і спецыялістаў (а многія ўжо заяўляюць пра тое, што там ёсць спецыялісты Злучаных Штатаў Амерыкі па ўзбраеннях, якія абучаюць украінскую армію, ды і Парашэнка аб гэтым гаворыць), актыўны гулец, адкрыты, як Злучаныя Штаты Амерыкі, вы проста справакуеце Расію», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пра адносіны
з Расіяй

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Расіі шмат палітыкаў, якія «мысляць па-імперску і думаюць, што Беларусь павінна быць нейкім паўночна-заходнім краем». «На гэта даём канкрэтны адказ: мы не будзем паўночна-заходнім краем. І не будзем ніколі, як я гэта разумею, канфліктаваць з Расіяй!» — падкрэсліў беларускі лідар.

«Кіраўніцтва Расіі ніколі не ставіла адкрыта пытанне аб тым, што Беларусь павінна быць у складзе Расіі. Былі нейкія, ведаеце, намёкі ў мінулым, на што было вельмі жорстка адрэагавана з майго боку. Мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёй і застанёмся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, не будзе і Расія ваяваць супраць Беларусі: «У кіраўніцтва Расіі няма падставы нават дрэнна ў наш бок глядзець. Яго не зразумее рускі народ — расіяне не зразумеюць. Чаго супраць нас ваяваць? Няма прычын. Таму я нават не думаю так, што Расія будзе ваяваць супраць Беларусі».

«Сто працэнтаў беларускага народа хочуць жыць на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, і абараняць беларускі народ будзе сваю зямлю таксама, як належыць. Вазьміце гісторыю. У Другой сусветнай вайне мы страцілі кожнага трэцяга чалавека. Мы не сталі на калені перад агрэсарам і абаранялі сваю зямлю. Гэтак жа мы будзем абараняць яе і цяпер», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле БЕЛТА.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.