Вы тут

Рэшткі расклалі па паліцах


Прадпрымальнікі атрымалі дакумент, які павінен зняць усе праблемныя пытанні ў сферы рэалізацыі тавараў

30 сакавіка Указам №143 кіраўніка нашай дзяржавы ўнесены змены і дапаўненні ва Указ ад 16 мая 2014 года №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі».

У адпаведнасці з дакументам, цяпер індывідуальным прадпрымальнікам — плацельшчыкам адзінага падатку даецца права да 1 студзеня 2016 года працягваць рэалізацыю рэшткаў тавараў, увезеных імі да 1 ліпеня 2014 года з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё (паступленне) гэтых тавараў і ўключаных у вопіс рэшткаў тавараў. Пра гэта гаворыцца ў каментарыі ўказа Галоўным упраўленнем падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі.

На тавары без дакументаў падатак вырасце

У выпадку рознічнага гандлю рэшткамі тавараў, у адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 Указа №143, індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны вылічыць і аплаціць адзіны падатак у адпаведнасці з Падатковым кодэксам (далей — ПК) і з ужываннем павышальнага каэфіцыента 2 за рэалізацыю тавараў без дакументаў, падатак на дабаўленую вартасць у фіксаваных сумах (далей — ПДВ у фіксаваных сумах). Тут ПДВ у фіксаваных сумах аплачваецца, зыходзячы з сумы вылічанага ў адпаведнасці з ПК адзінага падатку, г.зн. без уліку павышальнага каэфіцыента 2 за рэалізацыю тавараў без дакументаў, але з ужываннем наступных каэфіцыентаў: за перыяд з 1-га па 31 сакавіка — каэфіцыент 2; за перыяд з 1 красавіка па 30 чэрвеня — каэфіцыент 2,5; за перыяд з 1 ліпеня па 30 верасня — каэфіцыент 3; а за перыяд з 1 кастрычніка па 31 снежня будзе ўжывацца каэфіцыент 4.

Аб падатковым разліку

Паводле агульных правілаў, падача падатковай дэкларацыі (разліку) па адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб (далей — падатковая дэкларацыя па адзіным падатку) і аплата адзінага падатку ажыццяўляецца ў тэрміны, вызначаныя пунктамі 10 і 11 артыкула 299 ПК (напрыклад, за красавік падача дэкларацыі па адзіным падатку і выплата адзінага падатку робіцца ў тэрмін не пазней за 1 красавіка). Вылічаныя сумы ПДВ у фіксаванай суме адлюстроўваюцца асобным радком у падатковай дэкларацыі па адзіным падатку, аплата падатку на дабаўленую вартасць у фіксаванай суме — у тэрміны, вызначаныя для адзінага падатку. Адпаведна і аплата ПДВ у фіксаванай суме за красавік таксама робіцца ў тэрмін не пазней за 1 красавіка.

3-42

Выключэннем з'яўляецца вылічэнне і аплата адзінага падатку, а таксама ПДВ у фіксаваных сумах сёлета за сакавік. Так, у адпаведнасці з пунктам 2 Указа №143, у выпадку ажыццяўлення ў сакавіку рознічнага гандлю рэшткамі тавараў падаць падатковую дэкларацыю па адзіным падатку і заплаціць адзіны падатак, а таксама ПДВ у фіксаванай суме неабходна было ў тэрмін не пазней за 31 сакавіка 2015 года.

Аптовы гандаль

Парадак аплаты падаткаў пры аптовым гандлі рэшткамі тавараў не змяніўся. Нагадаем, што ў гэтым выпадку індывідуальныя прадпрымальнікі аплачваюць падаходны падатак з фізічных асоб або падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, а таксама падатак на дабаўленую вартасць у адпаведнасці з ПК з улікам прадугледжаных Указам №222 асаблівасцяў. Указам №143 удакладнена, што ў такім жа парадку будзе рабіцца падаткаабкладанне пры іншым адчужэнні рэшткаў тавараў, у тым ліку на бязвыплатнай аснове, а таксама ўнясенні такіх тавараў у якасці ўкладу ў статутны фонд камерцыйнай арганізацыі.

Калі з дакументамі парадак

Тыя індывідуальныя прадпрымальнікі, якія будуць мець дакументы на ўсе тавары, маюць права перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання (далей — ССП) з 1 красавіка, з 1 ліпеня або з 1 кастрычніка 2015 года. У гэтых выпадках для пераходу на ССП індывідуальныя прадпрымальнікі павінны будуць у тэрмін не пазней за 1 красавіка, 1 ліпеня альбо 1 кастрычніка адпаведна падаць апавяшчэнне аб пераходзе на спрошчаную сістэму падаткаабкладання пэўнай формы (падпункт 1.3 пункта 1 Указа №143).

Прэс-служба міністэрства звяртае ўвагу на тое, што па-ранейшаму індывідуальныя прадпрымальнікі — плацельшчыкі адзінага падатку абавязаны з 1 ліпеня 2014 года ажыццяўляць увоз, транспартаванне па тэрыторыі Беларусі, захоўванне і рэалізацыю тавараў (у тым ліку тавараў, увезеных з Расіі), на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё (паступленне) гэтых тавараў. Пры гэтым пры ўвозе тавараў з тэрыторыі дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза індывідуальныя прадпрымальнікі — плацельшчыкі адзінага падатку абавязаны рабіць аплату «ўвознага» ПДВ у адпаведнасці з пратаколам аб парадку збірання ўскосных падаткаў і механізме кантролю за іх аплатай пры экспарце і імпарце тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг (Дадатак №18 да Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, што быў падпісаны ў г. Астане 29 мая 2014 года).

Пасля 1 студзеня

Асобна ў дакуменце гаворыцца аб тым, што з 1 студзеня 2016 года індывідуальным прадпрымальнікам забараняецца ажыццяўляць рознічны, аптовы гандаль, іншае адчужэнне, у тым ліку на бязвыплатнай аснове, рэшткаў тавараў, а таксама ўнясенне іх у якасці ўкладу ў статутны фонд унітарнага прадпрыемства (падпункт 1.2 пункта 1 Указа №143). Падпункты 1.1-1.3 пункта 1 Указа №143 уступаюць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджваюць сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі сёлета з 1 сакавіка.

Растлумачылі замежнікам

Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Беларусі, Указам №143 вызначаны закрыты пералік тавараў, якія яны маюць права рэалізаваць на гандлёвых месцах на рынках і (або) у іншых устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцах. Да такіх тавараў адносяцца творы жывапісу, графікі, скульптуры, прадметы народных промыслаў, прадукцыя раслінаводства і пчалярства.

Месца мае значэнне

Акрамя таго, у мэтах спынення неарганізаванай рэалізацыі тавараў у грамадскіх месцах фізічнымі асобамі Указам №143 вызначаны месцы, дзе такая рэалізацыя забаронена. Так, фізічным асобам, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, а таксама замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у нашай краіне, забараняецца рэалізацыя тавараў загадзя не вызначанаму колу асоб на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце ці ў іншых грамадскіх месцах, за выключэннем рэалізацыі тавараў на гандлёвых месцах на рынках і (або) у іншых вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцах у адпаведнасці з падпунктам 1.5 пункта 1 Указа №222. Названыя нормы ў дачыненні да фізічных асоб, у тым ліку замежных грамадзян, уступаюць у сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання Указа №143.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.