Вы тут

Мадэрнізацыя практычна скончылася


Які ж эфект?

Нягледзячы на тое, што мадэрнізацыя на многіх прадпрыемствах дрэваапрацоўчай галіны завяршылася, сёння становіцца актуальнай праблема з рэалізацыяй выпушчанай прадукцыі. Такую думку выказаў старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў. Аднак ёсць і перспектыўныя праекты, дзякуючы якім беларускія прадпрыемствы змогуць выпускаць новую прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю. Ёй жа плануюць замясціць частку імпарту, забіўшы тым самым адразу некалькіх зайцаў.

Беларусь валодае значным запасам драўняных рэсурсаў, нават па еўрапейскіх мерках. Задача канцэрна «Беллеспаперапрам» — рацыянальнае і комплекснае іх выкарыстанне. Канцэрн сёння — гэта больш за 45 арганізацый розных формаў уласнасці. Разам гэтыя прадпрыемствы з'яўляюцца найбуйнейшымі спажыўцамі драўняных рэсурсаў краіны і выкарыстоўваюць каля 4 млн кубаметраў у год. З уводам у эксплуатацыю мадэрнізаваных магутнасцяў аб'ёмы спажывання драўніны да 2017 года павінны вырасці ўдвая.

Арэндны лес і новыя пліты

3-33

Адным з найважнейшых відаў дзейнасці канцэрна з'яўляецца дрэваапрацоўка. Паводле ўказа Прэзідэнта, «Беллеспаперапрам» мае ў сваім распараджэнні арандаваныя лясныя рэсурсы (каля
2,5 млн кубаметраў).

«Такая працэдура ўведзена для таго, каб гарантаваць забеспячэнне сыравінай найбуйнейшыя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы краіны. З-за спецыфікі дзейнасці значна больш страт канцэрн атрымлівае тады, калі вытворчасць прастойвае. Для нас сёння не так важны кошт кубаметра драўніны, як стабільная забяспечанасць сыравінай для загрузкі магутнасцяў», — адзначыў Юрый Назараў.

Мадэрнізацыя дзевяці самых буйных заводаў дазволіла стварыць новую плітную вытворчасць для Беларусі. ІДВП — ізаляцыйная драўнянавалакністая пліта — абсалютна экалагічна чысты від прадукту. Аналагаў ёй няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Дзякуючы гэтым плітам у канцэрне збіраюцца асвоіць рынкі Францыі і Скандынавіі. Практычна ў 4 разы павялічылася вытворчасць пліт МДФ. Таксама ў канцэрне змаглі асвоіць выпуск новых пліт — ХДФ — пліты высокай шчыльнасці, якія дазваляюць рабіць падлогавае пакрыццё.

Траціна беларускай мэблі

Адным з найважнейшых напрамкаў вытворчасці з'яўляецца мэблевая прамысловасць.

«Мы вырабляем трэцюю частку мэблі ў Беларусі, і больш за 60% яе ідзе на экспарт. Асноўным заказчыкам з'яўляецца Расійская Федэрацыя, дзе ў нас ёсць уласныя дылерскія цэнтры і крамы. За 2014 год аб'ём мэблевай вытворчасці «Пінскдрэва», які з'яўляецца ўласнасцю канцэрна, дасягнуў узроўню звыш 3 млрд рублёў, што складае больш за трэць усяго вытворчага аб'ёму канцэрна», — расказаў старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам».

Харчовую прадукцыю — у айчынную ўпакоўку

Гаворачы аб дрэваапрацоўчай прамысловасці, варта адзначыць, што туды ўжо інвеставана каля 1,2 млрд еўра. Сёння праводзіцца мадэрнізацыя цэлюлозна-папяровай прамысловасці, і яна з'яўляецца не менш маштабнай. Туды будзе ўкладзена каля 1,4 млрд долараў. Гэта дазволіць рэалізаваць маштабныя праекты. Адным з іх з'яўляецца Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат. Дзякуючы яму ў Беларусі плануюць атрымліваць новы від прадукцыі — беленую цэлюлозу. Таксама ў абарот плануюць уцягнуць ліставую драўніну. Не менш важным з'яўляецца будаўніцтва завода ў Добрушы па вытворчасці беленага кардону. Прадукцыя гэтага завода дасць магчымасць замясціць імпарт упакоўкі для харчовай прамысловасці. Таксама цікавы і той факт, што цэлюлозна-папяровая прамысловасць з'яўляецца самым буйным спажыўцом макулатурнай сыравіны.

Які ж наступны крок?

Як адзначыў Юрый Назараў, у галіновай праграме збалансаванага развіцця эканомікі канцэрна адным з найважнейшых пунктаў з'яўляюцца мерапрыемствы па зніжэнні выдаткаў. У сувязі з гэтым пастаўлена задача знізіць сабекошт прадукцыі па прадпрыемствах да 10%, што эквівалентна 1,5 трлн рублёў. На некаторых прадпрыемствах такая мера прывядзе да скарачэнняў працоўных месцаў. Але таксама гэта дазволіць дыверсіфікаваць рынкі. Цяпер у спіс геаграфіі экспарту якіх уваходзяць больш за 40 краін. Доля СНД у экспартных пастаўках з-за неспрыяльных эканамічных умоў скарачаецца. Сёння яна складае каля 70%. У дадзены момант асвойваюцца рынкі Ірана, Турцыі і Азербайджана, якія спрабуюць заваяваць мэбляй і новай прадукцыяй.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».