Вы тут

Бяспека на прадпрыемстве — задача кіраўніка


Дэпутаты прынялі закон «Аб прамысловай бяспецы»

У першы дзень вясновай сесіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі 16 законапраектаў, што закранаюць розныя сферы жыцця грамадства: ад прыняцця грамадзянства, міжнароднага супрацоўніцтва да аховы прыроды і горадабудаўніцтва.

Праект закона «Аб прамысловай бяспецы» прадставіла Вольга Палітыка, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі. Па яе словах, сістэма прамысловай бяспекі ў нашай краіне функцыянуе даўно і якасна.

Галоўнае новаўвядзенне, па словах парламентарыя, заключаецца ў тым, што любы небяспечны прамысловы аб'ект яшчэ да пачатку эксплуатацыі будзе ўключацца ў дзяржаўны рэестр небяспечных прамысловых аб'ектаў і выключыцца з яго толькі пасля вываду з эксплуатацыі.

— За час свайго існавання аб'ект можа мяняць уласнікаў, рэканструявацца і мадэрнізавацца, але з рэестра ён не прападзе, а значыць, не знікне з-пад увагі наглядных органаў, — патлумачыла Вольга Палітыка.

Што да патэнцыяльна небяспечных аб'ектаў, то з імі большая частка жыхароў нашай краіны сутыкаецца рэгулярна.

— Гэта ліфты, розныя атракцыёны, эскалатары. Праект закона замацоўвае абавязкі, хто і за што адказвае ў працэсе эксплуатацыі гэтых аб'ектаў. Напрыклад, што да ліфтаў, то, на жаль, наша ліфтавая гаспадарка знасілася і значную іх частку неабходна замяніць. Калі не памыляюся, каля 13 тысяч ліфтаў па краіне выпрацавалі свой рэсурс. Як мы з вамі разумеем, сродкаў, каб замяніць іх усе ў адзін момант, няма. Таму ставіцца задача, каб сістэма дазваляла выключыць магчымасць аварыі на патэнцыяльна небяспечных аб'ектах.

Вольга Палітыка звярнулася да статыстыкі МНС, згодна з якой знос абсталявання — адна з асноўных прычын аварый на прамысловасці.

— Хачу звярнуць увагу: закон замацоўвае, што менавіта ўласнік небяспечнага вытворчага аб'екта павінен забяспечыць наяўнасць усёй суправаджальнай дакументацыі на абсталяванне, тэхнічныя прылады, — падкрэсліла дэпутат. — Таму, набываючы нейкае абсталяванне, якое было ва ўжыванні, неабходна абавязкова забяспечыць наяўнасць пашпартоў, правіл эксплуатацыі. За гэта будзе адказваць менавіта ўласнік небяспечнага прамысловага аб'екта.

Дэпутаты прагаласавалі за прыняцце ў першым чытанні праекта закона «Аб прамысловай палітыцы».

Ігар Шуневіч, міністр унутраных спраў нашай краіны, прадстаўляючы змяненні і дапаўненні ў закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», расказаў, якія патрабаванні будуць да людзей, якія хочуць атрымаць беларускае грамадзянства.

— Трэба будзе пражыць у краіне сем гадоў бесперапынна перад тым, як падаць заяву на грамадзянства Беларусі. Гэтае змяненне будзе спрыяць інтэграцыі ў наша грамадства асоб, якія набываюць беларускае грамадзянства.

Па інфармацыі міністра ўнутраных спраў, указы Прэзідэнта, якія тычацца набыцця або страты грамадзянства Беларусі, сведчаць: штоквартальна наша грамадзянства набывае больш людзей, чым страчвае. Як правіла, беларускае грамадзянства хочуць атрымаць прыезджыя з постсавецкіх краін. У апошні час значную частку ахвотных атрымаць грамадзянства складаюць украінцы. Папраўкі ў гэты законапраект былі прыняты дэпутатамі ў першым чытанні.

У першым чытанні ўчора таксама прынялі змяненні і дапаўненні ў законы «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях», у некаторыя кодэксы.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.