Вы тут

ГАЛОЎНЫЯ АРЫЕНЦІРЫ — АБАРОНА НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ІНТАРЭСАЎ, ЗАБЕСПЯЧЭННЕ САЦЫЯЛЬНАЙ СТАБІЛЬНАСЦІ


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

Безимни-1

Паважаныя дэпутаты!

Паважаныя члены ўрада, запрошаныя і журналісты! Сёння ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь пачынае работу сёмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Стратэгічныя напрамкі дзейнасці дэпутацкага корпуса вызначаны кіраўніком дзяржавы і нацэлены на безумоўную абарону нацыянальных інтарэсаў, забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці.

У сучасных умовах як ніколі важныя кансалідацыя намаганняў дзяржавы і грамадства, пошук дадатковых рэзерваў для стварэння надзейнай асновы дынамічнага і паступальнага развіцця краіны, раскрыцця чалавечага патэнцыялу, абароны правоў і свабод грамадзян.

Ключавым у рэалізацыі гэтых задач павінна стаць наша заканадаўчая дзейнасць. Ужо сёння на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца каля 70 законапраектаў. Іх прыняцце дасць магчымасць стварыць неабходныя ўмовы для павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, яе лібералізацыі, правядзення ўзважанай сацыяльнай палітыкі.

 

Вырашэнне пытанняў эканамічнага блока — для нас несумненны прыярытэт. Мы павінны забяспечыць роўнасць умоў для прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, стымуляваць прадпрыемствы да выпуску прадукцыі, запатрабаванай як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць істотнаму зніжэнню выдаткаў вытворчасці і павышэнню прадукцыйнасці працы. Без гэтага нам будзе складана рухацца наперад і канкурыраваць на сусветных рынках.

Адначасова з удасканаленнем нацыянальнага заканадаўства неабходна развіваць дагаворна-прававую базу Рэспублікі Беларусь.

Адзначу, што толькі па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза да канца года плануецца падпісаць больш як сто міжнародных дакументаў, многія з якіх нам трэба будзе ратыфікаваць у гэтай зале. Акрамя таго, у адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС спатрэбіцца карэкціроўка больш як 40 законаў. Задача дэпутацкага корпуса — максімальна садзейнічаць устараненню выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, у тым ліку праз уніфікацыю заканадаўства.

Менавіта ў такім рэчышчы на бягучай сесіі будуць разгледжаны законапраекты, нацэленыя на пашырэнне магчымасцяў біржавога гандлю, узмацненне кантролю якасці і бяспекі прадукцыі. Прадоўжыцца работа па ўдасканаленні заканадаўства аб гаспадарчых таварыствах, рэгуляванні дзейнасці аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, энергетыкі, лясной гаспадаркі.

У цэнтры ўвагі на сесіі будзе і экалагічная праблематыка. Якасць жыцця людзей вызначаецца не толькі матэрыяльнымі фактарамі, але і станам навакольнага асяроддзя. Таму трэба клапаціцца аб захаванні таго нацыянальнага багацця, якое мы маем, думаць аб тым, што мы пакінем сваім нашчадкам. У гэтых мэтах плануецца прыняцце шэрагу законапраектаў, якія пашыраюць удзел грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў і ўдасканальваюць парадак абыходжання з адходамі і кантроль за дзейнасцю небяспечных вытворчасцяў.

Важкі пакет дакументаў падрыхтаваны ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і правапарадку. Асноўны акцэнт будзе зроблены на барацьбе з карупцыяй, якая падрывае аўтарытэт улады і перашкаджае нармальнаму функцыянаванню эканомікі. Дзяржава праводзіць паслядоўную палітыку па ўзмацненні адказнасці за карупцыйныя злачынсты, устараненні прычын, якія выклікаюць карупцыю. Прыняцце такога законапраекта — чарговы крок у гэтым напрамку. Па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дакумент прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне, у якім самы актыўны ўдзел прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Адметнай рысай палітыкі беларускай дзяржавы з'яўляецца яе сацыяльная накіраванасць. Органамі дзяржаўнай улады ў гэтым напрамку зроблена ўжо нямала. У ходзе сесіі дэпутацкі корпус прадоўжыць работу па вырашэнні такіх хвалюючых грамадзян пытанняў, як пенсійнае забеспячэнне, сацыяльнае страхаванне, ахова здароўя. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням занятасці насельніцтва, праходжання альтэрнатыўнай службы, працоўнай міграцыі. Нязменным застаецца курс на выкананне сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы ў адносінах да пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем'яў, маламаёмных грамадзян.

Паважаныя дэпутаты!

Насычанай абяцае быць і праграма нашай міжнароднай дзейнасці. Асноўныя намаганні ў двухбаковым супрацоўніцтве будуць сканцэнтраваны на пашырэнні інтарэсаў Беларусі ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і іншых галінах.

Найважнейшымі напрамкамі для нас застаюцца еўразійская інтэграцыя і ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы павіншаваць усіх прысутных з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Дзевятнаццаць гадоў таму кіраўнікі нашых дзяржаў паклалі пачатак працэсу інтэграцыі, адкрылі перспектывы збліжэння двух брацкіх народаў. І сёння гэты праект працуе на карысць грамадзян Беларусі і Расіі. Вопыт Саюзнай дзяржавы быў запатрабаваны і пры стварэнні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, а пасля і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Пытанні саюзнага будаўніцтва не страчваюць сваёй актуальнасці. У чэрвені ў горадзе Гродне запланавана правядзенне 48-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

У краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў гэты год праходзіць пад знакам 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У бліжэйшы час у горадзе Санкт-Пецярбургу пройдуць мерапрыемствы Міжпарламенцкай асамблеі СНД і Парламенцкай асамблеі АДКБ. Да іх правядзення прымеркавана завяршэнне акцыі «Эстафета памяці», якая стартавала ў сталіцы Беларусі горадзе-героі Мінску.

Мэта акцыі — пакланіцца бессмяротнаму подзвігу, пацвердзіць адданасць агульным духоўным каштоўнасцям. Яна павінна нагадаць усёй міжнароднай супольнасці аб той небяспецы, якую нясе чалавецтву забыццё ўрокаў Другой сусветнай вайны.

Беларусам не трэба тлумачыць каштоўнасць мірнага жыцця — вельмі дорага мы за яго заплацілі. Таму непрыманне сілавых метадаў і гатоўнасць садзейнічаць мірнаму вырашэнню міжнародных праблем з'яўляюцца галоўнымі прынцыпамі нашай знешняй палітыкі.

Намаганні Прэзідэнта краіны па мірным урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паслядоўная пазіцыя Рэспублікі Беларусь па важнейшых пытаннях міжнароднага жыцця знаходзяць пазітыўны водгук у міжнароднай супольнасці. Гэта садзейнічае развіццю кантактаў з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. І мы прадоўжым работу па наладжванні дыялогу і выбудоўванні ўзаемавыгадных адносін з нашымі заходнімі калегамі.

Нягледзячы на насычаны графік заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці, у перыяд сесіі неабходна павысіць актыўнасць работы дэпутатаў у выбарчых акругах. Напярэдадні найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі — прэзідэнцкіх выбараў — вельмі важна знайсці новыя формы работы з насельніцтвам, адчуць дынаміку настрояў у грамадстве. Сацыяльная стабільнасць у многім залежыць ад нашай ініцыятыўнасці, здольнасці эфектыўна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі органамі ўлады ў вырашэнні канкрэтных праблем насельніцтва, умення весці адкрыты дыялог з людзьмі. У гэтым сутнасць Дырэктывы кіраўніка дзяржавы аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату.

Паважаныя калегі!

Галоўнай падзеяй сесіі стане зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з Пасланнем да беларускага народа і парламента, у якім будуць акрэслены прыярытэты ўнутранай і знешняй палітыкі.

Упэўнены, парламентарыі прыкладуць максімум намаганняў для паспяховага вырашэння пастаўленых задач у імя працвітання беларускага народа і дзяржавы.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.